Аналагічнае рашэнне было прынята ў дачыненні да дэпутатаў Святланы Любецкай і Аляксандра Амельянюка, якія таксама спрабавалі аспрэчыць санкцыі, што Еўрапейскі саюз наклаў на іх 21 чэрвеня 2021 года. 

Сутнасць прэтэнзій Гайдукевіча і Гусачэнкі аналагічная пазову Любецкай і Амельянюка. На іх думку, санкцыі носяць характар калектыўнай адказнасці, нясуць памылковую ацэнку і парушаюць прынцып суразмернасці.

Гайдукевіч запэўніваў, што выказваў свой асабісты пункт гледжання як дэпутат, а Гусачэнка згадаў пра свабоду выказвання меркавання.

Адказчыкам выступала Рада Еўрапейскага саюза. Суд разгледзеў доказы бакоў і прыйшоў да высновы, што рашэнне аб увядзенні санкцый абгрунтаванае, а адказчык падаў пераканаўчыя тлумачэнні свайго рашэння: Гайдукевіч, па сутнасці, ёсць прадстаўніком рэжыму Лукашэнкі, а Гусачэнка займаецца прапагандай і ўзначальвае дзяржаўнае прапагандысцкае медыя.

Гайдукевічу і Гусачэнку загадана аплаціць, у дадатак да іх уласных выдаткаў, выдаткі, панесеныя Радай Еўрапейскага саюза.

Гайдукевіч і Гусачэнка трапілі пад санкцыі ЕС 21 чэрвеня 2021 года.

Цікава, што яшчэ нядаўна Гайдукевіч дзякаваў ЕС за санкцыі, каб у чыноўнікаў і бізнэсменаў не было жадання нават глядзець у бок ЕС. «Увядзіце яшчэ сто пакетаў санкцый», — казаў Гайдукевіч. 

А прапагандыст Гусачэнка запэўніваў, што не будзе аспрэчваць санкцый. 

«Ці спрабую я аспрэчваць рашэнне ЕС у дачыненні да сваёй сціплай персоны? А што ў такім свеце можна даказаць? Давайце ўспомнім адзін з самых свежых прыкладаў — расследаванне інцыдэнту з самалётам RyanАir у Мінску. Колькі разоў ІКАО пераносіла дату справаздачы? У выніку заявілі, што Беларусь не змушала паветранае судна да пасадкі. Ці адмяніў пасля расследавання ЕС санкцыі супраць Беларусі і беларускай авіякампаніі? Зразумела, не. Пра што яшчэ можна казаць», — распавядаў ён «Советской Белоруссии». 

Гусачэнку і Гайдукевіча прадстаўляў адвакат Адвакацкай палаты Парыжа Дзмітрый Літвінскі. Гэты ж адвакат выступаў ад імя Любецкай і Амельянюка.

У базе суда ёсць яшчэ некалькі пазоваў, пададзеных Літвінскім ад імя грамадзян Беларусі Аляксандра Бахановіча, Сяргея Рубніковіча і Сяргея Скрыбы. У дачыненні да гэтых дзеячаў 21 чэрвеня 2021 года таксама былі ўведзеныя санкцыі ЕС. На момант увядзення санкцый Бахановіч быў рэктарам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Рубніковіч — рэктарам Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, а Скрыба — прарэктарам па выхаваўчай рабоце БДЭУ. Рашэнні па іх, мяркуючы па базе, яшчэ не прыняты.

Усе пазовы Літвінскім былі пададзеныя 5 лістапада 2021 года.

Учора прадстаўнік па транзіце ўлады Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка ў каментары «Нашай Ніве» расказаў, як дэпутаты спрабавалі апраўдацца ў судзе.

Клас
5
Панылы сорам
2
Ха-ха
43
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
4