Павел Белы пад нумарам 55 злева ад Лукашэнкі. Фота БелТА

Павел Белы пад нумарам 55 злева ад Лукашэнкі. Фота БелТА

Пра затрыманне ўласніка фірмы «Тапас» «Нашай Ніве» паведамілі некалькі не звязаных паміж сабой крыніц. 

Мы пакуль не ведаем дакладнага сэнсу абвінавачанняў. У агульных рысах сцвярджаецца, што Белы нібыта не пагадзіўся з памерам выстаўленага адной з ягоных кампаній падатковага штрафу і адмовіўся плаціць дзяржаве налічанае. Гэта і стала падставай для затрымання. 

«Можа быць, упёрся, можа быць, сапраўды няма грошай, бо часы цяпер іншыя», — каментуе гісторыю адзін з прадстаўнікоў мінскай бізнэс-супольнасці. 

Меркавана, Павел Белы знаходзіцца ў СІЗА КДБ. 

Павел Белы — хакеіст каманды Аляксандра Лукашэнкі, якую яшчэ называюць зборнай «Чорнага шлема». У нейкі час найлепшы бамбардзір і найлепшы галявы асістэнт Лукашэнкі. Доўгі час ён быў у фаворы.

Па капрызе Аляксандра Лукашэнкі, якому падабаецца гуляць у хакей, ён наблізіў да сябе і азалаціў шматлікіх хакеістаў ад Міхаіла Захарава да Дзмітрыя Баскава і Паўла Белага.

Першапачаткова Белы быў ганцом ад асобных бізнэсменаў да Аляксандра Лукашэнкі. Карыстаючыся блізкасцю да цела, ён атрымліваў для іншых прэміяльныя ўчасткі зямлі пад забудовы за долю ў кампаніях, якія рэалізоўвалі праект. У выніку з цягам часу кампанія партнёраў — «Тапас» — стала цалкам ягонай. 

Цяпер Белы — адзін з асноўных забудоўшчыкаў Мінска. Яму належыць шмат нерухомай маёмасці ў розных раёнах сталіцы, пераважна ў цэнтры і вакол Драздоў, дзе месціцца адна з рэзідэнцый Аляксандра Лукашэнкі і катэджавыя кварталы вышэйшага чынавенства. 

У прыватнасці, у ягоным рэстаране «Лебядзіны», пабудаваным на беразе вадасховішча, рэгулярна адбываюцца мерапрыемствы для лукашэнкаўскай эліты, у тым ліку з удзелам самога Лукашэнкі

«Тапас» Паўла Белага будаваў квартал «Алімпік парк» у Драздах, кватэры ў якім па зніжаных цэнах куплялі прадстаўнікі найвышэйшай лукашэнкаўскай наменклатуры. 

Чытайце таксама: Наталля Эйсмант купіла апартаменты ў «Алімпік Парку» за $167 тысяч

Бацька Белага — Аляксандр Белы (Левенштэйн) — у 2000-ыя быў кіраўніком мінскага хакейнага «Дынама». 

У 2012-м Паўла Белага ўжо арыштоўваў КДБ з абвінавачаннем у крадзяжы і вывадзе шасці мільёнаў даляраў за мяжу. 

Паводле распаўсюджаных у бізнэс-колах чутак, Белы пасядзеў вельмі мала, таму што на традыцыйнай штотыднёвай трэніроўцы хакейнай каманды Лукашэнкі той здзівіўся адсутнасці Белага і спытаў: «А дзе ж Паша?» Пасля гэтага Белага нібыта прывезлі на трэніроўку проста з СІЗА КДБ, і больш ён туды не вярнуўся.

Цяпер за ўплывы на Лукашэнку змагаюцца розныя хакеісты.

Самы папулярны з іх — Дзмітрый Баскаў. Праз траплянне ў няласку да Баскава ад «двара» быў раней адсунуты іншы хакеіст Міхаіл Захараў. Шматгадовы кіраўнік Прыёрбанка Сяргей Касцючэнка, які быў за кратамі, таксама ў няласцы ў Баскава. 

Чытайце таксама: 

Кіраўнік ДАІ купіў таўнхаус у «Лебядзіным» за $290 тысяч. Іншы пакупнік аддаў за такое жыллё $450 тысяч

Як выглядае закрыты катэджны пасёлак за Нацыянальнай бібліятэкай, у якім жывуць Васіль Жарко і Павел Белы ФОТЫ

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?