Андрэй Кушняроў. Фота: ягоная старонка ў фэйсбуку
У нядзелю «Жоўтыя злівы» і іншыя праўладныя тэлеграм-каналы пачалі распавядаць, што былы ваяр Андрэй «Рыцар» Кушняроў памёр каля месяца таму. Рэпоснулі допіс як тэлеграм-канал гродзенскага ГУБАЗіК, гэтак і некаторыя меншыя каналы.
Рэпост навіны «Жоўтых зліваў» з тэлеграм-канала гродзенскага ГУБАЗіК
У адказ Кушняроў пасмяяўся з прапагандыстаў у сваім Telegram-канале. «Інфапартнёры з «Жоўтых зліваў» раптоўна і заўчасна захлынуліся слінай. Рыцар жывы», — напісаў ён.
Скрыншот з канала «Рыцарскія гісторыі»
«Наша Ніва» сазванілася з Андрэем:
«Па-першае, я жывы, то-бок, гэта фэйк. Па-другое, такія рэчы ўкідаюць ужо не першы раз. Напрыклад, з Настассяй «Север» была гісторыя, што знайшлі падобную на яе забітую дзяўчыну і нават высылалі фатаздымкі сваякам. То-бок, гэта спроба аказаць інфармацыйны ціск.
На фота, якое распаўсюдзіла прапаганда, сапраўды мой вайсковы квіток. Незразумела, ці ёсць ён у іх фізічна або гэта толькі фота. Адметна, што ў допісе на расійскім сайце-крыніцы Wartears таксама ёсць фота з нейкіх маіх дакументаў, узятае з базы — магчыма, прарасійскія рэсурсы наладзілі супрацоўніцтва з беларускімі спецслужбамі, каб атрымліваць звесткі беларусаў.
Спачатку я ў іх быў «бьюці-блогерам, які не ваюе», пасля стаў «баевіком», пасля ўвогуле памёр. І ў іх чамусьці гэта вельмі добра сыходзіцца, што баязлівец, які недзе там хаваецца, можа памерці на вайне. Магчыма, цікавасць да мяне таксама звязаная з тым, што я яшчэ і «кіраўнік экстрэмісцкага фарміравання».
Я прабыў у Палку Каліноўскага пяць-шэсць месяцаў, з гэтага часу я не там. Але яны ўсіх запар беларусаў, якія ваявалі ва Украіне, «запісваюць» у полк.
Іх гэтая правакацыя спрацавала, бо мне чалавек 40 напісала, каб запытацца, як я і ці не памёр. Цяпер жыву ва Украіне, у асноўным у Кіеве. На здароўе пакуль не скарджуся».
Андрэю Кушнярову 41 год. Ён з Гомеля, працаваў у IT. Спачатку быў актывістам руху «За Свабоду», але ў красавіку 2021-га ўступіў у партыю «Дэмакратычны саюз», якую стваралі пад эгідай Васкрасенскага. Даваў шмат інтэрв'ю дзяржаўным СМІ.
Пасля нападу Расіі на Украіну мужчына паехаў ваяваць — добраахвотнікам у Полк Каліноўскага. Пасля сыходу з палка ўзначальвае Асацыяцыю беларускіх ветэранаў. Вядзе тэлеграм-канал «Рыцарскія гісторыі», прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем»
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»Чытайце таксама:





