КДБ сцвярджае, што беларусы ўдзельнічалі ў «забеспячэнні дзейнасці» па вывадзе са строю расійскага самалёта

КДБ зрабіў заяву, з якой вынікае, што ён лічыць вінаватымі ў дыверсіі супраць расійскага самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах прадстаўнікоў беларускага падполля, хоць наўпрост пра «Байпол» не гаворыць.

07.03.2023 / 18:41

У тэрміналогіі КДБ «Байпол» фігуруе як

«агентура спецслужбаў Рэспублікі Польшча з ліку так званых збеглых беларусаў — прыхільнікаў гвалтоўнага звяржэння канстытуцыйнага ладу, актыўных удзельнікаў падзей жніўня 2020 года».

КДБ паведамляе пра паспяховую «аперацыю па пошуку і затрыманні злачынцаў». У яе выніку яго службоўцам нібыта ўдалося «выкрыць і ліквідаваць агентурную сетку з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія прымалі ўдзел у забеспячэнні дзейнасці агента-тэрарыста, яго легалізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і няўдалай спробы эвакуацыі».

Выяўленыя КДБ людзі былі «прыцягнутыя да супрацьпраўнай дзейнасці беларускімі экстрэмісцкімі палітэмігранцкімі цэнтрамі, якія фактычна па заданні ўкраінскіх і польскіх спецслужбаў выкарыстоўвалі іх як расходныя матэрыялы».

Перад гэтым КДБ заявіў, што «на адной з явачных кватэр затрыманы грамадзянін Украіны Швец Мікалай Уладзіміравіч 1993 года нараджэння, які распачаў спробу здзяйснення акта тэрарызму на беларускім ваенным аб'екце — аэрадроме Мачулішчы ў Мінскім раёне 26 лютага 2023 года».

Раней арыенціроўкі на Мікалая Швяца сілавікі рассылалі па розных установах па Беларусі.

Nashaniva.com