КДБ кашмарыць ваенізаваную ахову на чыгунцы

У філіялах па ўсёй краіне адбываюцца затрыманні і звальненні. 

10.04.2023 / 10:14

Ваенізаваная ахова на чыгунцы — гэта асобная структура ў рамках Белчыгункі. Узброеныя і навучаныя людзі, пры патрэбе, ахоўваюць грузы па дарозе і на чыгуначных станцыях. Масты, пераезды. 

Імаверна, многія з гэтых людзей былі задзейнічаныя пры двухбаковым руху ваеннай тэхнікі і зброі: спачатку Расія перакідвала сюды акупацыйныя сілы, потым у Беларусі сталі забіраць яе запасы зброі для папаўнення арсеналаў знясіленай баямі на ўсходзе Украіны пуцінскай арміі. 

Як стала вядома «Нашай Ніве», з мінулага тыдня органы дзяржбяспекі кашмараць супрацоўнікаў ваенізаванай аховы. 

Дакладнай прычыны мы не ведаем. 

Арышты і звальненні адбываюцца ў філіялах па ўсёй краіне. 

Так, у Баранавічах — буйным чыгуначным вузле, аточаным палігонамі і ваеннымі часцямі, — з работы вылецелі начальнік атрада і ягоны намеснік. 

У атрадах Магілёўскай і Гомельскай вобласці адбыліся затрыманні — людзям малююць адміністратыўкі.

Супрацоўнікі выказваюць здагадкі, што прыйшла іх чарга, а арышты і звальненні адбываюцца па спушчаных з КДБ спісах. 

Калі вам вядомыя падрабязнасці, паведамляйце асабіста тым аўтарам «Нашай Нівы», якіх ведаеце, або ў тэлеграм-акаўнт «Нашай Нівы» у сакрэтны чат: @nn_editor
Каму зручней на мэйл — пішыце рэдактару на мэйлы nivanasha@gmail.com ці nivanasha@proton.me.

Nashaniva.com