Стала вядома пра затрыманне псіхолага і былога супрацоўніка БДПУ

Невядома, калі адбылося затрыманне — пра яго пастфактум паведамілі сілавікі.

13.04.2023 / 07:25

Сяргей Іванцоў. Фота: ягоная старонка «УКантакце»

Сяргею Іванцову 38 гадоў. Ён выпускнік Ліцэя БДУ 2002 года. Пасля паступіў на біяфак БДУ. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у Акадэміі навук, а таксама як медыцынскі прадстаўнік некалькіх фармацэўтычных кампаній.

Таксама Іванцоў — дырэктар кампаніі «Дэ Візу», якая займаецца маркетынгавымі даследаваннямі ў фармакалогіі і вучыць гэтаму іншых. Яна ўваходзіць у ESOMAR, адну з найбуйнейшых сусветных супольнасцяў даследчыкаў.

Пяць гадоў таму Сяргей паступіў у аспірантуру Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта і працаваў ва ўніверсітэце.

Таксама Іванцоў — практыкуючы псіхолаг, прыхільнік і папулярызатар энеаграмы (пэўнай канцэпцыі тыпаў асоб). Мужчына быў сертыфікаваным трэнерам энеаграмы і бізнэс-трэнерам асацыяцыі ICTA.

Як паведамляе канал, звязаны з сілавікамі, яго затрымалі за тое, што ён нібыта пісаў каментары ў чат-бот канала «Беларусь галаўнога мозга». Паведамляецца, што ён у СІЗА і супраць яго заведзена крымінальная справа па двух артыкулах (якіх — не ўдакладняецца).

Чытайце таксама:

Затрымалі тату-майстра Ілью Акішава. Яму закідаюць удзел у пратэстах і стварэнне антываенных татуіровак

Затрымалі былога мадэратара сеткі «Кіроўцы 97%», на якога не маглі выйсці два гады. Распавядаем, чаго ён не ўлічыў

За каментары затрымалі айцішніка, які выдаліў тэлеграм-акаўнт паўтара года таму. Вось як яго знайшлі

Nashaniva.com