Ежы няма, цвіль на сценах, не можа хадзіць. Беларускі акцёр, які некалі сыграў Дзяніса Караблёва, памірае ў галечы

Сяргей Крэтаў стаў папулярны яшчэ ў раннім дзяцінстве, калі зняўся ў савецкім дзіцячым кінахіце «Дзівосныя прыгоды Дзяніса Караблёва». А цяпер Сяргею Крэтаву 52 гады і ён вядзе вартае жалю існаванне ў невялікай двухпакаёвай кватэры ў цэнтры Мінска, піша «Народная Воля» па матэрыялах паведамленняў расійскіх СМІ.

20.04.2023 / 20:24

Трапіць у яго немудрагелістае жытло можа любы ахвотны, бо дзверы амаль заўсёды адчыненыя. Рэч у тым, што Крэтаву няма чаго замыкацца, усе каштоўныя рэчы і маёмасць ён прапіў і ўжо не саромеецца таго жаху, які пануе ў яго ў кватэры.

Некалькі гадоў таму ў мужчыны памерла маці, а пасля жонка збегла да найлепшага сябра. Не стала і любімага сабакі Сяргея.

Крэтаў і раней меў праблемы з алкаголем, а, калі наваліліся ўсе гэтыя праблемы, то ўвогуле сышоў у запой. Толькі дзякуючы сябрам, якія звярнуліся да Андрэя Малахава, акцёр выбраўся з дому і прыехаў у Маскву на шоў «Малахаў» канала «Расія 1».

Жыць былому акцёру няма на што, электрычнасць у кватэры адключылі, ёсць толькі газавая пліта, на якой колішні выканаўца ролі Дзяніса Кораблева зрэдку нешта сабе гатуе. Пастаянныя папойкі згубна адбіліся на здароўі: ён ледзь ходзіць і гаворыць.

Прыбірацца ў кватэры мужчына таксама не можа, таму яму зрэдку дапамагаюць суседзі. Аднак антысанітарыя прывяла да таго, што на сценах ужо ўтварылася цвіль, у каструлях гнілата, па ўсіх пакоях раскіданыя бутэлькі з-пад алкаголю.

«Ногі гадоў з пяць таму пачалі барахліць. Яны не баляць, але з цяжкасцю трымаюць мяне. Адзін раз спрабаваў падшыцца, пратрымаўся месяцаў з пяць. Цяпер спрабую выжыць. Мне ніхто не дапамагае», — гаворыць Крэтаў.

Ён як бы і хоча як мага хутчэй завязаць з алкаголем, але як гэта зрабіць, пакуль не разумее. Бо з-за сваёй уражлівасці зноў і зноў цягнецца да бутэлькі.

Чытайце таксама:

Ці далёка вам да алкагалізму? Праверце сябе

«Шкадаваць алкаголіка не трэба». Тры беларусы, якія пакутавалі ад алказалежнасці, расказалі, як яе перамаглі 

Нарколаг — пра бяспечныя дозы выпіўкі, самы шкодны від алкаголю і тое, калі варта звярнуцца па дапамогу

Nashaniva.com