Выпаленая Еўропа. Кантыненту пагражаюць рэкордная засуха, спёка і пажары другі год запар

Летась Еўропа перажыла самае спякотнае лета ў гісторыі. У метэаролагаў усё больш упэўненасці ў тым, што катаклізм паўторыцца ўжо сёлета.

21.04.2023 / 14:51

Фота: vecteezy

Засуха і спёка абяцаюць Еўропе неўраджай садавіны і зеляніны, высокія цэны ў крамах, непрыдатныя для суднаходства ракі і лішкавую смяротнасць. Усё гэта дадасць праблем еўрапейцам, чый дабрабыт другі год запар падрывае не толькі і не столькі засуха, колькі Уладзімір Пуцін, які ўцягнуў Расію ў энергетычную вайну супраць ЕС і ў сапраўдную — супраць Украіны, піша Бі-бі-сі.

Паводле свежых звестак Еўрапейскай абсерваторыі ESO, папярэджанне пра засуху ўжо распаўсюджваецца на чвэрць тэрыторыі 27 краін Еўрасаюза. Асабліва цяжкая сітуацыя на поўдні: на большай частцы тэрыторыі Іспаніі і ў многіх раёнах Партугаліі і Італіі.

Як і ў 2022 годзе, узровень вады пагрозліва нізкі не толькі ў вадасховішчах, але і ў галоўнай еўрапейскай воднай артэрыі — рацэ Рэйн, якая мінулым летам аказалася непрыдатная для суднаходства.

Вады не хапае, таму што, як і ў 2022 годзе, гэтая зіма выдалася маласнежнай і сухой. Дажджу амаль не было ні тады, ні гэтым разам. Снегу ў Альпах выпала ніжэй за гістарычную норму, што непазбежна прывядзе да засухі, папярэджвалі аналітыкі ЕС яшчэ месяц таму.

Да лета застаўся адзін шанец трохі змякчыць катаклізм — месяц май. Летась ён выдаўся самым сухім у гісторыі назіранняў, так што ёсць надзея, што снарад у тую ж варонку ўжо не патрапіць. Праўда, сёлета свае рэкорды: напрыклад, у Францыі люты 2023 года быў самым гарачым з 1959 года.

Еўропа як вершнік апакаліпсісу

Будучыняй летам Еўропа рызыкуе пацвердзіць сваё рэнамэ вершніка кліматычнага апакаліпсісу, што ўмацавалася ў мінулым годзе. Як вынікае з апублікаванай у чацвер штогадовай справаздачы Еўрапейскага цэнтра Copernicus Climate Change Service (C3S), агулам 2022 год быў для Еўропы другім самым гарачым у гісторыі, а лета пабіла ўсе рэкорды.

«У апошнія дзесяцігоддзі Еўропа награвалася хутчэй любога іншага кантынента», — адзначылі навукоўцы.

Альпійскія ледавікі трывала трымаюцца ў сусветных лідарах па хуткасці знікнення. Чым менш снегападаў, тым хутчэй яны растаюць, і вады для арашэння, суднаходства і генерацыі электраэнергіі становіцца ўсё менш.

З кожным годам у Еўропе няўхільна павялічваецца колькасць дзён, калі кантынент у цэлым перажывае «моцную» або «вельмі моцную» спёку па класіфікацыі C3S, а на поўдні Еўропы той жа трэнд распаўсюджваецца на дні «экстрэмальнага цеплавога стрэсу».

Навукоўцы даўно папярэджвалі, што награванне планеты парушае кліматычную раўнавагу і прыводзіць да «арэляў» — зімой усё часцей патопы, ураганы і маразы, а летам — засуха і спёка, а замест пажыўнага дажджу — разбуральныя залевы з градам.

Практычна ўсе краіны свету падпісаліся пад высновамі аб тым, што пацяпленне — прамое следства дзейнасці чалавека і выкідаў парніковых газаў у атмасферу. Яны дамовіліся скараціць выкіды і прызналі, што нават калі неадкладна перастаць капціць неба, назапашаныя ў атмасферы газы нікуды не падзенуцца і пацяпленне працягнецца, але тэрміны непазбежнага апакаліпсісу адсунуцца за гарызонт.

Чаму Еўропа не радуецца спякотнаму лета

Перасохлыя ракі ствараюць праблемы з дастаўкай грузаў і тармозяць прамысловасць і гандаль, і без таго падарваныя посткавідным крызісам і вайной ва Украіне.

Недахоп вільгаці ў зямлі падрывае сельскую гаспадарку і абяцае разгон цэнаў ва ўмовах і без таго рэкорднай за 40 гадоў інфляцыі. Праўда, пакуль што засуха пагражае толькі поўдню Еўропы, дзе ў асноўным вырошчваюць садавіну, аліўкі і зеляніну. Пшаніца і іншыя збожжавыя ў Францыі, Польшчы і Германіі адчуваюць сябе выдатна дзякуючы багатым дажджам у сакавіку і красавіку.

Без вады памяншаецца выпрацоўка электраэнергіі як на гідраэлектрастанцыях, так і на АЭС, як гэта было ў мінулым годзе ў Францыі, калі ўзровень вады апынуўся недастатковым для ахаладжэння ядзерных рэактараў. У выніку летам даводзіцца паліць назапашаны на зіму газ, цэны на які б'юць рэкорды праз энэргетычную вайну Крамля супраць ЕС.

Праўда, аднаўляльная сонечная энергія ў дастатку. Па дадзеных цэнтра Каперніка, калі хуткасць ветру ў мінулым 2022 годзе ў Еўропе была практычна на ўзроўні 30-гадовай сярэдняй, то сума сонечнай радыяцыі на паверхні працягнула павялічвацца і стала рэкорднай за ўсю 40-гадовую гісторыю назіранняў.

Лясныя пажары — яшчэ адно разбуральнае наступства сухога і гарачага надвор'я, якое пагражае жыццю і здароўю людзей. Яны знішчаюць дамы, палі, лясы, дарогі і масты, памяншаюць эканамічны рост і павялічваюць выкіды парніковых газаў у атмасферу.

Паводле свежых звестак еўрапейскай сістэмы EFFIS, «анамальны» ўзровень пажаранебяспекі захаваюцца цяпер амаль на ўсёй тэрыторыі Іспаніі і ў частцы Партугаліі, а таксама на поўначы Еўропы — у Скандынавіі і краінах Балтыі.

Спёка забівае людзей. Ацэнкі маштабу адрозніваюцца, аднак факт лішкавай смяротнасці ў экстрэмальна гарачыя гады бясспрэчны. Паводле падлікаў навукоўцаў, калі б не глабальнае пацяпленне, ахвяр экстрэмальна гарачага надвор'я было б менш прыкладна ў паўтара з лішнім разы.

Еўропа награваецца хутчэй, чым іншыя часткі свету

Люты-2023 — у пяцёрцы самых цёплых за ўсю гісторыю метэаназіранняў

Глабальнае пацяпленне: свет хутка дасягне трывожнага тэмпературнага ліміту

Гіпотэза: праз 30 гадоў клімат у Мінску будзе падобны да сённяшняга ў Сафіі

Nashaniva.com