Мінскі бізнэсмен разлічыўся з даўгамі і купіў пяць дарагіх машын за грошы, выведзеных маці з чужых рахункаў 

70-гадовая мінчанка, галоўная бухгалтарка некалькіх прыватных кампаній, мела ключы доступу да электронных рахункаў арганізацый і бескантрольна пералічвала грошы кампаній свайму сыну, паведаміў Следчы камітэт.

30.04.2023 / 15:46

Фота: Следчы камітэт

Выкрыць злачынную схему ўдалося кіраўніку адной з кампаній. У нейкі момант ён спрабаваў здзейсніць плацяжы, аднак на рахунку фірмы не аказалася дастатковых сродкаў. Удакладніўшы ў галоўнай бухгалтаркі, куды падзеліся грошы, дырэктар атрымаў прызнанне ў крадзяжы і звярнуўся ў міліцыю.

Пазней высветлілася, што сын бухгалтаркі, 37-гадовы бізнэсмен, пазычыў у 27-гадовага знаёмага 260 тыс. даляраў і штомесяц разлічваўся па даўгах. І ўсё было б добра, аднак прыяцель раптам запатрабаваў вярнуць яму пазычаныя грошы з працэнтамі — усяго такім чынам назбіралася 1 млн даляраў. А пачуўшы адмову, вырашыў «выбіваць» доўг сілай: на працягу года ён збіваў бізнэсмена, пагражаў гвалтам на адрас членаў сям'і, замыкаў яго ў розных памяшканнях.

Фота: Следчы камітэт

Баючыся за сваё здароўе, прадпрымальнік распрацаваў план, як здабыць грошы незаконным чынам і прыцягнуў да яго сваю 70-гадовую маці. Яна выводзіла грошы з чужых рахункаў, да якіх мела доступ, а дзеля канспірацыі незаконныя выплаты паказвала як выдаткі, якіх насамрэч не існавала: аплаты дывідэндаў і пакрыццё крэдыторскай запазычанасці.

У выніку грошай, выкрадзеных бухгалтаркай з рахункаў кампаній, хапіла не толькі на аплату даўгоў сына, але і на 5 дарагіх аўтамабіляў — іх мужчына купіў цягам непрацяглага часу.

Пазычальнік грошай, бухгалтарка і яе сын узятыя пад варту, ім выстаўленыя абвінавачванні паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса. 

Чытайце таксама:

Пенсіянерку з Мар'інай Горкі абдурылі больш чым на 60 тысяч даляраў махляры з Мексікі

Тэлефонныя аферысты прыдумалі новы хітрык

Жанчына з Браслава паверыла ашуканцам і страціла 200 тысяч даляраў

Nashaniva.com