«Байпол» апублікаваў расследаванне з нагоды інцыдэнту ў Мачулішчах. У ім фігуруе старэйшы сын Ірыны Абельскай

На канале ініцыятывы «Байпол» у ютубе выйшаў выпуск-расследаванне, прысвечаны інцыдэнту ў Мачулішчах. Пераказваем з яго асноўныя моманты.

30.04.2023 / 18:52

Фота: скрыншот з відэа

Не збіраліся, але пракаментавалі

Усё, што можна было паведаміць пра падрыў расійскага вайсковага самалёта ў Мачулішчах, «Байпол» ужо агучыў — з такіх слоў пачынаецца выпуск, прысвечаны той версіі інцыдэнта, які прапанавала лукашэнкаўская прапаганда.

«Мяркуем, што поўныя падрабязнасці правядзення гэтай аперацыі не будуць адкрытыя нават пасля заканчэння ваенных дзеянняў ва Украіне», — кажа Азараў.

Адзначаецца, што ў «Байполе» не збіраліся каментаваць чарговыя выдумкі лукашэнкаўскай прапаганды, але пасля выхаду фільма «Гаспар» на сувязь не выйшаў», усё ж вырашылі, што неабходна даць некаторыя тлумачэнні, бо ў паказаным фільме маецца мноства супярэчнасцяў і адкрытай хлусні.

Першае, што абвяргаецца ў выпуску — узровень пашкоджанняў, атрыманых у выніку дыверсіі. На думку дзяржпрапаганды, самалёт атрымаў толькі нязначныя пашкоджанні, якія не перашкаджаюць яму выконваць свае функцыі.

Азараў сцвярджае, што гэта не так. Паводле яго слоў, пасля экстраных аднаўленчых работ, зробленых на тэрыторыі Беларусі, самалёт з навігацыйным абсталяваннем у непрацоўным стане атрымалася толькі перагнаць у Таганрог на няштатнай для яго выкарыстання вышыні з мэтай правядзення наступнага аднаўленчага рамонту.

«Гэты самалёт ужо паўтара месяца не выконвае свае задачы і замены яму пакуль няма», — канстатуе Азараў.

Хоць Лукашэнка казаў, што прасіў расіян прыслаць іншы.

Азараў кажа, што адсутнасць гэтага самалёта ў Мачулішчах істотна абцяжарвае дзеянні Расіі ў паўночных і цэнтральных рэгіёнах Украіны.

У сувязі з гэтым, па словах Аляксандра Азарава, 6 красавіка з тэрыторыі Беларусі былі выведзеныя тры расійскія вайсковыя самалёты — носьбіты звышгукавой ракеты «Кінжал».

Зыходзячы з гэтага, кіраўнік «Байпола» лічыць, што задача па вывадзе яго з баявой эксплуатацыі была вырашаная.

Азараў: гэта не акт тэрарызму

Далей Азараў звяртае ўвагу на няправільную кваліфікацыю крымінальнай справы, заведзенай на грамадзяніна Украіны. Азараў лічыць, што ім быў здзейснены не акт тэрарызму, а партызанская ваенная акцыя.

Таксама Аляксандр Азараў сцвярджае, што агучаная ў прапагандысцкім фільме інфармацыя пра тое, што Швец працаваў ад імя СБУ пры ўдзеле ЦРУ і спецслужбаў Польшчы, з'яўляецца хлуснёй, паколькі прапагандысты аніякім чынам не змаглі пацвердзіць гэтага якімі-небудзь фактамі.

Таксама Азараў паказвае на нестыкоўкі ў інфармацыі, якую падаюць дзяржСМІ. Прапагандысты АНТ следам за КДБ спрабуюць даказаць, што беларускія партызаны не ўдзельнічалі ў падрыве самалёта. Пры гэтым самі ж сцвярджаюць, што менавіта грамадзяне Беларусі везлі дроны, сродкі паражэння, дапамагалі ў легалізацыі і эвакуацыі Швецу.

Таксама Азараў акцэнтуе ўвагу на тым, што партызаны, датычныя да гэтага дзеяння, не злоўленыя, а лукашысты затрымалі дзясяткі выпадковых людзей, якія кантактавалі са Швецам.

«Ніводзін з фігурантаў прапагандысцкага фільма не быў абазнаны ў планах Швеца па падрыве самалёта. То-бок ніякага злачыннага намеру яны не мелі і членамі АЗГ, а тым больш здраднікамі Радзімы, не з'яўляюцца. Нават калі лічыць, што Швец здзейсніў злачынства, а Лапаціну (перавозчыку) і Сычову (гаспадару дома) у выніку пра гэта стала вядома, то максімум, што ім можа пагражаць — гэта крымінальнае пакаранне за неданясенне аб злачынстве або ўкрывальніцтве злачынца (да 2 гадоў пазбаўлення волі).

У астатніх герояў фільма складу злачынства ўвогуле не маецца. Так што пагроза прымянення смяротнага пакарання з боку КДБ абсалютна незаконная», — кажа Азараў.

Партызан-лукашыст?

Далей кіраўнік «Байпола» ўвяртае ўвагу на чарговыя несупадзенні ў розных выпусках прапагандыстаў. Спярша прапаганда сцвярджае, што Швец браў дрон і камплектуючыя ў тайніку пад Мінскам, а ў іншым фільме паказваюць, як нейкі Дзяніс Сакалоў распавядае, як перавёз дрон з Вільні і перадаў яго Швецу.

Фота: скрыншот з відэа

Па звестках «Байпола», той самы Сакалоў Дзяніс Валер'евіч мае сувязь з Абельскім Дзмітрыем Яўгенавічам — старэйшым сынам Ірыны Абельскай. «Байпол» зафіксаваў сумесную паездку Сакалова і Абельскага на асабістым аўтамабілі апошняга ў Літву восенню 2020 года. Сакалоў і Абельскі паводле звестак Байпал займаліся стукацтвам і перадавалі звесткі пра беларусаў, якія прымалі ўдзел у пратэстах. Пра што сведчыць інфармацыя пра іх званкі ў міліцыю.

Зыходзячы з гэтага, Азараў прыходзіць да высновы, што ўдзел лукашыста Сакалова ў партызанскім руху вельмі сумнеўны.

Nashaniva.com