«Патраціў 2 тысячы даляраў — было весела». Беларус расказаў, як рабіў трансплантацыю валасоў у Турцыі

Паслуга па трансплантацыі валасоў штогод прыносіць Турцыі мільёны даляраў. Толькі летась замежнікі выдаткавалі на гэтую працэдуру каля 2 млрд даляраў. Выданне Myfin.by даведалася, колькі каштуе такая аперацыя ў Турцыі і іншых краінах, а таксама пагаварыла з беларусам, які нядаўна прайшоў праз досвед перасадкі валасоў.

30.04.2023 / 18:11

Здымак ілюстрацыйны. Фота: hairtalking.ru

 Ад чаго залежыць кошт перасадкі валасоў?

У першую чаргу — ад метаду трансплантацыі. У асноўным ужываюць два: лапікавы FUT і бясшвовы FUE.

Першы — таннейшы, але прадугледжвае аперацыю: у пацыента выдаляюць лапік скуры, звычайна з патыліцы, дзе расце дастаткова фалікулаў, і перасаджваюць іх на новае месца. Пасля такой перасадкі звычайна застаецца спецыфічны шнар у донарскай зоне і аднаўленне займае больш часу.

Другі метад аперацыі не патрабуе: фалікулы бяруць з донарскай зоны з дапамогай адмысловай прылады. Арганізм аднаўляецца хутчэй, шнара не застаецца. І хоць бясшвоны метад каштуе даражэй, цяпер яго праводзяць нават часцей, чым FUT.

На кошт уплывае і колькасць графтаў — гэта група з некалькіх фалікулаў. Чым больш графтаў, тым даражэйшая аперацыя. Тое ж тычыцца месца трансплантацыі: калі валасы перасаджваць не на галаве, а, скажам, на бровах ці вейках, кошт будзе зусім іншы.

Чаму для перасадкі валасоў едуць у Турцыю?

Для постсавецкіх краін такія трансплантацыі ўсё яшчэ з’ява новая, а вось у Турцыі гэтая сфера развіваецца ўжо 30 гадоў. У адным толькі Стамбуле працуе больш за 500 клінік па перасадцы валасоў, а па ўсёй краіне — больш за тысячу. Пры гэтым цэны захоўваюцца даволі дэмакратычнымі: у сярэднім аперацыя каштуе 2-3 тысячы еўра. Часта ў гэтую суму ўваходзіць не толькі трансплантацыя, але і жыццё ў гатэлі, трансфер ад аэрапорта да клінікі, патрэбныя аналізы і медыкаменты.

Як вынік — велізарны попыт на паслугу. У 2022 годзе іншаземцы выдаткавалі на трансплантацыю валасоў 2 мільярды даляраў, паведамляе турэцкі часопіс Daily Sabah. «Калі мы выкажам здагадку, што пацыенты выдаткавалі на трансплантацыю ў сярэднім 2 тысячы даляраў, мы можам сцвярджаць, што ў 2022 годзе каля мільёна чалавек прыехала ў Турцыю для перасадкі валасоў», — прыводзіць выданне цытату ад Турэцкай асацыяцыі медыцынскага турызму.

«Адразу было зразумела, што трэба выбіраць Турцыю: самая нізкая цана за добры вынік, — кажа Дзмітрый Геранін, якому ў лютым правялі аперацыю ў адной з турэцкіх клінік. — Праманіторыў клінікі, паглядзеў водгукі ў YouTube і знайшоў, на мой погляд, аптымальны варыянт. Працэдура прайшла выдатна: вельмі ўважлівае стаўленне персаналу, якасная анестэзія.

Часта падчас перасадкі я нават засынаў на аперацыйнай кушэтцы. Было весела, увогуле».

Палову графтаў перасадзілі метадам FUE, палову — DHI: першы выкарыстоўвалі для часткі галавы, якую трэба было цалкам засадзіць новымі валасамі, а для загушчэння падышоў DHI. Вынік будзе зразумелы толькі праз год, калі валасы на перасаджаных участках прыйдуць да максімальнай стадыі сілы і гушчыні.

«Пакуль што раз на месяц адпраўляю ў клініку фота валасоў, а лекары кажуць, што трэба яшчэ зрабіць, каб было добра. Вось нядаўна зрабіў працэдуру плазматэрапіі, каб дапамагчы скуры галавы з рэгенерацыяй. Балюча, але вынік прыкметны».

Фота з архіва Дзмітрыя Гераніна

За перасадку 4 тысяч графтаў Дзмітрый заплаціў 2 тысячы еўра. У гэтую суму ўвайшоў не толькі кошт аперацыі, але і дзве ночы ў гатэлі, медыкаменты і трансфер ад аэрапорта і назад. Квіткі ў Турцыю і назад ён купляў асобна.

«Сярэднюю цану вызначыць складана. Усё залежыць ад колькасці графтаў, тэхналогіі і брэнда клінікі. Роскід па цэнах адчувальны: дзесьці просяць 2 тысячы еўра, а дзесьці — 11 тысяч».

У Турцыі перасадка валасоў часта аплачваецца пакетна, а не з разліку кошту аднаго графта, як у СНД або ЗША. Напрыклад, яшчэ ў адной стамбульскай клініцы трансплантацыя да 4000 графтаў абыйдзецца ў 2300 еўра. У кошт уваходзяць усё тыя ж трансфер, жыццё ў гатэлі і неабходныя аналізы.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: hairtalking.ru

Колькі каштуе перасадка валасоў у іншых краінах

Для параўнання ўзятыя Беларусь, Расія, Польшча, Грузія і ЗША. Выданне паглядзела, колькі чалавек мусіць аддаць за перасадку тых жа 4 тысяч графтаў. Найперш цікавіў метад FUE — у прайсах ён сустракаецца найчасцей.

Беларусь

У Беларусі перасадку валасоў робяць толькі ў некалькіх сталічных клініках. Напрыклад, у адной з іх за перасадку аднаго графта просяць 3,75 рубля і абяцаюць аднаўленне за 2-3 тыдні. Гэта значыць, аперацыя без уліку першаснай кансультацыі будзе каштаваць 14800 рублёў.

У іншай клініцы кошт ужо значна вышэйшы — 5 рублёў за графт, гэта значыць 20000 рублёў за працэдуру. У гэты кошт не будзе ўваходзіць вочная кансультацыя за 49 рублёў (15 еўра).

У трэцяй клініцы перасадка валасоў тым жа бясшвовым метадам каштуе 4 рублі за графт. Прычым цана дзейнічае, толькі калі вы перасаджваеце больш за 1000 графтаў, за меншую колькасць цана большая. Памнажаючы на патрэбныя 4000 графтаў, атрымліваецца цана ў 16000 рублёў.

Расія

Цэны на трансплантацыю валасоў у Расіі адрозніваюцца ў залежнасці ад рэгіёнаў. Для разумення ўзятыя клінікі Масквы і Санкт-Пецярбурга.

У адной з клінік Санкт-Пецярбурга (перасадкамі тут займаюцца з 1996 года, як паведамляе сайт) кошт аднаго графта дасягае 120 расійскіх рублёў (4,3 беларускіх). Але цэны памяншаюцца ў залежнасці ад колькасці графтаў: чым іх больш, тым менш трэба будзе плаціць. Напрыклад, калі мы будзем перасаджваць 4000 графтаў, бясшвовая трансплантацыя абыйдзецца ў 280000 тысяч расійскіх рублёў, ці 10085 беларускіх з разліку 70 расійскіх рублёў (2,5 беларускіх) за графт.

У іншай клініцы першасныя кансультацыі платныя і залежаць ад катэгорыі лекара: аплата такога прыёму каштуе ад 1500 да 5000 расійскіх рублёў (54-180 беларускіх). Цана на трансплантацыю фарміруецца ў залежнасці ад тыпу працэдуры, а не колькасці валасоў. У Маскве пашыраная кансультацыя лекара-трыхолага каштуе ў сярэднім 3500 рублёў. А вось сама перасадка валасоў на парадак даражэйшая за пецярбургскую, — каля 130 рублёў за графт.

Грузія

Кошт аперацыі бясшвоўным метадам пачынаецца ад 1500 даляраў. У сярэднім ва ўсіх клініках адна цана — па 2 даляры за графт, гэта значыць аперацыя будзе каштаваць 8 тысяч даляраў. Адрознівацца будзе толькі колькасць дадатковых паслуг. У Грузіі, як і ў Турцыі, у кошт аперацыі часта ўключаюцца дадатковыя сэрвісныя паслугі: жыццё ў гасцініцы, трансфер і нават экскурсія па Тбілісі (па жаданні пацыента). У некаторых клініках гэты пералік пашыраны: туды ж уваходзіць кансультацыя з лекарам, неабходныя аналізы і плазматэрапія пасля працэдуры.

Польшча

Кошт аднаго графта ў Еўропе стартуе з двух еўра і можа дасягаць 6-7 еўра. Польшча — не выключэнне. У адной з варшаўскіх клінік кошт перасадкі па метадзе FUE будзе складаць каля 8 тысяч еўра з разліку 2 еўра за графт. Пры перасадцы больш за 3 тысяч графтаў кошт за штуку зніжаецца да 1,5 еўра. У кошт, дарэчы, уваходзіць не толькі сама трансплантацыя, але і плазматэрапія пасля яе.

Яшчэ ў адной кракаўскай клініцы асобна аплачваецца кансультацыя трыхолага: 54 еўра за вочную кансультацыю, 43 еўра — за анлайн-фармат. Мінімальны кошт графта — 2 еўра, трансплантацыі — 1630 еўра.

ЗША

Сярэдні кошт аднаго графта ў ЗША складае прыкладна 5,44 даляра, але калі заглыбіцца ў сайты клінік, то выявіцца, што адзін графт можа каштаваць 7-10 даляраў, а пяць — гэта досыць рэдкая цана. Нават пры самых сціплых падліках аперацыя будзе каштаваць 20 тысяч даляраў.

 Чытайце таксама:

«Спачатку была крыўда на ўвесь свет». Бабруйчанка 27 гадоў даглядае сына, які стаў інвалідам у выніку Чарнобыля

Што за аперацыю зрабіў Кіркораў, каб мець кубікі на прэсе? Расказваем механізм

«Немкі прасілі зрабіць на пазногцях куфаль піва». Беларускія манікюрніцы расказваюць, як зарабляюць за мяжой

Nashaniva.com