Колькі палітвязняў памерла ці звяло рахункі з жыццём праз невыносныя ўмовы за кратамі

Смерць палітвязня Мікалая Клімовіча, на жаль, не першая. За апошнія тры гады вядомы некалькі выпадкаў, калі палітвязні праз умовы ў засценках паміралі ці сканчалі жыццё самагубствам.

07.05.2023 / 22:11

Вітольд Ашурак у ШІЗА ПК №17. Фота: АРБ

21 мая 2021 года ў шклоўскай калоніі №17 памёр палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Дэталёвыя абставіны яго смерці невядомыя дагэтуль.

Паводле афіцыйнай версіі, ён нібыта памёр ад спынення сэрца, але родныя палітвязня і раследавальнікі сумняюцца ў гэтай версіі. Па словах сваякоў, праблем са здароўем у 50-гадовага Вітольда, якога асудзілі на 5 год за пратэсты, да калоніі не было.

На відэа з калоніі (верагодна, з камеры ШІЗА), якое пазней апублікавалі сілавікі, мужчына выглядаў знясіленым і ледзь трымаўся на нагах. Само відэа мела прыкметы мантажу.

Калі родным паказалі цела палітвязня, то галава была практычна цалкам забінтаваная.

Палітвязень Дзмітрый Дудойць, які адбываў пакаранне на хіміі, скончыў жыццё самагубствам. 5 студзеня 2022 года 43-гадовы мужчына скокнуў з маста, калі вяртаўся з паліклінікі без суправаджэння. 

Ён адбываў пакаранне ў ПУАТ N43 у Магілёве. Дудойця асудзілі да двух гадоў абмежавання волі за абразу прадстаўніка ўлады.

«Ён быў такі ранімы, далікатны. Казаў, што не вытрымае там», — расказвалі блізкія пра Дзмітрыя.

У кастрычніку 2021 года пасля выхаду з Акрэсціна памерла мінчанка Алена Амеліна. У ізалятары яна захварэла на карону і пасля вызвалення трапіла на ШВЛ. Жанчыне было 57 год.

У разгар пандэміі многія на Акрэсціна перахварэлі на кавід праз умовы, створаныя там.

«Алене за адзін дзень стала вельмі блага, яна амаль трупам ляжала пад нарамі, мы прымушалі яе хоць нешта з'есці. Лячылася ўсё гэта парацэтамолам і, калі зусім чалавеку блага, антыбіётыкам», — згадвалі пра Амеліну.

Асобна стаіць выпадак у Навасадах. 26 сакавіка гэтага года з акна калоніі ў Навасадах пад Барысавам выкінуўся палітзняволены Уладзімір Іпатаў. Але мужчына выжыў. Пасля яго даставілі ў шпіталь у Барысаве. Прычыны яго ўчынку невядомыя. Самі Навасады лічацца адной з самых жорсткіх калоній.

Чытайце таксама: 

Былы вязень шклоўскай калоніі расказаў, хто можа быць датычны да гібелі Вітольда Ашурка 

Пакаралі за лайк пад карыкатурай Лукашэнкі. Што вядома пра палітвязня Мікалая Клімовіча, які памёр у калоніі

Nashaniva.com