Першы штат ЗША цалкам забараніў TikTok

Губернатар Мантаны Грэг Джанфортэ ў сераду падпісаў закон, які забараняе кітайскай кампаніі TikTok працаваць у штаце. Зрабіў ён гэта каб абараніць жыхароў ад меркаванага збору разведданых Кітаем.

18.05.2023 / 08:54

Фота: AP Photo/Kiichiro Sato, File

Такім чынам Мантана стала першым штатам, які забараніў папулярны дадатак для кароткіх відэаролікаў. Мантана забароніць крамам дадаткаў Google і Apple прапаноўваць TikTok на тэрыторыі штата, але не будзе накладаць ніякіх штрафаў на асоб, якія выкарыстоўваюць дадатак, піша Reuters.

Забарона ўступіць у сілу 1 студзеня 2024 года і амаль напэўна сутыкнецца з юрыдычнымі праблемамі. TikTok, які належыць кітайскай тэхналагічнай кампаніі ByteDance, не адказаў на пытанне аб тым, ці плануе ён судовы пазоў.

Раней TikTok апублікаваў заяву, у якой гаварылася, што новы закон «ушчамляе правы жыхароў Мантаны ў адпаведнасці з першай папраўкай, незаконна забараняючы TikTok», і заявіў, што «працягне працу па абароне правоў нашых карыстальнікаў ўнутры Мантаны і за яе межамі».

TikTok, які мае больш за 150 мільёнаў амерыканскіх карыстальнікаў, сутыкнуўся з заклікамі амерыканскіх заканадаўцаў і дзяржаўных чыноўнікаў забараніць дадатак па ўсёй краіне з-за боязі з нагоды патэнцыйнага ўплыву кітайскага ўрада на платформу.

Чытайце таксама:

TikTok сачыў за журналісткай праз акаўнт яе кошкі

«Партнёраў нейрасетка падбірае цынічна». Але вось як сайт знаёмстваў Hot Chat 3000 ацаніў Каліноўскага

Microsoft абвясціў аб адкрыцці доступу да пошукавіка Bing на аснове штучнага інтэлекту для ўсіх карыстальнікаў

Nashaniva.com