«Не трэба выкручвацца». Ідэолаг Лукашэнкі раскрыў яго сапраўдныя планы па Украіне

Не паспеў вонкава паздаравелы Лукашэнка на сённяшняй сустрэчы з удзельнікамі пасяджэння Рады Парламенцкай асамблеі АДКБ чарговы раз пазіцыянаваць сябе як асобу, у галаве якой адно толькі імкненне да ўсеагульнага міру, як у праўладным канале з'явіўся запіс выступлення адной з ключавых ідэалагічных фігур у ягоным атачэнні — Вадзіма Гігіна. Танальнасць якога зусім іншая.

18.05.2023 / 18:19

Вадзім Гігін. Скрыншот з відэа

Калі Лукашэнка гаворыць, што, маўляў, «трэба вярнуцца за стол перагавораў. Узяць не той дакумент [які выпрацоўваўся на пачатковым этапе расійска-ўкраінскіх перагавораў] — новы. Для таго, каб спыніць вайну», то ягоны ідэолаг ні пра якія перамовы і думаць не думае, яму карціць адно толькі «перамога Расіі ў СВА» і разгром Украіны:

«Не трэба выкручвацца, — да некага звяртаецца Гігін, — перамога Расіі ў СВА — гэта і перамога Беларусі. Усе патрыятычныя сілы, прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі перакананыя ў гэтым. Мы ездзім па краіне, мы размаўляем з людзьмі. Трэба пра гэта гаварыць наўпрост:

так, Беларусь не ўдзельнічае ў баявых дзеяннях і гэта наш прынцыповы выбар, наша лінія, наша пазіцыя. Але давайце казаць наўпрост: мы заўзеем за Расію, мы жадаем поспеху расійскай арміі, мы жадаем перамогі Расіі, мы жадаем разгрому неанацысцкай зграі, якая называецца Узброеныя Сілы Украіны. Мы жадаем разгрому клікі Зяленскага.

Пра гэта трэба казаць адкрыта. Так думаюць вельмі многія людзі па ўсім свеце. Гэтая ўзважаная пазіцыя Беларусі, якая накіравана на дасягненні агульных мэтаў у СВО, але разам з тым і на свет. Беларусь з першых дзён прымае намаганні для дасягнення міру і гэта прынцыпова важна. І цяпер мы гатовыя гэта зрабіць, але мір павінен быць абаронены».

Чытайце таксама:

Лукашэнка назваў дэзінфармацыяй заявы аб украінскім контрнаступленні

Расійскі палітык: «Лукашэнка першым пабяжыць з ядзернай зброяй здавацца на Захад». Гігін кінуўся на абарону

«Падобна да цырку, толькі не трэба плаціць за білеты». Студэнты расказалі, як праходзяць «Зачётные разговоры» з прапагандыстамі

Nashaniva.com