Паліна Шарэнда-Панасюк адмаўляецца ад беларускага грамадзянства на знак пратэсту супраць катаванняў 

Такую заяву ад імя сваёй жонкі даслаў «Белсату» муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.

26.05.2023 / 13:22

«[…] Яна больш не хоча мець нічога агульнага з акупацыйным рэжымам, што ўсталяваўся на Беларусі. Рэжымам, які знішчае незалежнасць Беларусі. Рэжымам, які ўдзельнічае ў акупацыйнай вайне. Рэжымам, які забівае яе і іншых палітвязняў у турмах. З моманту адмовы ад грамадзянства. Паліна перастае ўважаць сабе падуладнай усялякім законам акупацыйнай улады, і адмаўляецца выконваць усе патрабаванні […].

Паліна падкрэслівае, што застаецца беларускай і патрыёткай сваёй Радзімы — Беларусі, і будзе да канца жыцця змагацца за яе свабоду. Паліна просіць міжнародныя гуманітарныя і праваабарончыя арганізацыі сачыць за яе лёсам, і зрабіць усё магчымае для вызвалення яе і ўсіх палітзняволеных».

Пасля гэтай заявы Паліну этапавалі з калоніі №24 для праходжання судова-псіхіятрычнай экспертызы.

Паліну Шарэнда-Панасюк затрымалі на пачатку студзеня 2021 года і затым асудзілі на два гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх абразе, а таксама ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. На волю яна павінна была выйсці летам.

Але ў мінулым годзе яе асудзілі па арт. 411 КК да яшчэ аднаго года калоніі. У красавіку 2023 года супраць яе завялі ўжо новую справу за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». 

Падтрымайце палітзняволеную: ПК № 24, 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць.

Чытайце таксама:

Паліну Шарэнда-Панасюк працягваюць утрымліваць у карцары. За год яна правяла там 200 сутак

Палітзняволеную Шарэнда-Панасюк за два з паловай месяцы чацвёрты раз упяклі ў ШІЗА

Ці часта ўжо асуджаным палітвязням узмацняюць пакаранне?

Nashaniva.com