«Поўны фэйк». Міністр адукацыі пахваліўся поспехамі на цэнтралізаваным экзамене і не прызнаў ані найменшых праблем

Міністр адукацыі Андрэй Іванец пракаментаваў вынікі першага цэнтралізаванага экзамену па рускай і беларускай мове. Паводле яго, усё добра і ніякіх праблем няма. Хоць факты сведчаць пра іншае.

29.05.2023 / 22:41

Андрэй Іванец

Іванец адзначыў вельмі высокі ўзровень атрыманых балаў, дзецей, якія атрымалі ацэнкі 8, 9 і 10, аказалася больш за 50%. Таксама, паводле яго, была выкананая раней заяўленая адпаведнасць тэсту ЦЭ базавай праграме ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Адзначыў ён і вялікую колькасць 100-бальнікаў: больш за 890 чалавек сёлета па рускай і беларускай мове атрымалі найвышэйшы бал.

У той жа час ён панаракаў на распаўсюджванне «вялікай колькасць фэйкаў, якія тычацца вынікаў першага ЦЭ». Усе паведамленні, што колькасць тэставых балаў у некаторых асабістых кабінетах выпускнікоў складае больш за 100 балаў, маўляў, правяраліся і ніводнага факта тэхнічнага збою не пацвердзілася. Інфармацыя пра тое, што будуць перагледжаныя вынікі цэнтралізаванага экзамену і нават прынятая адпаведная пастанова Савета Міністраў, таксама «з'яўляецца поўным фэйкам». 

Змагацца з «фэйкамі» Іванец хоча найбольш зручным і даступным спосабам:

«Міністэрствам адукацыі будзе адсочвацца кожны выпадак распаўсюджвання недакладнай інфармацыі, матэрыялы будуць накіраваныя для дачы ацэнкі дзеянням распаўсюджвальнікаў фэйкаў».

Між тым для выпускнікоў і іх бацькоў усё далёка не так бясхмарна. Вядома, што выпускнікі скардзіліся на памылкі ў выніках, абураныя школьнікі і іх бацькі абрывалі тэлефоны Мінадукацыі. А тэлеканал «Белсат» апублікаваў відэа, на якім абураныя бацькі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў спрачаюцца з чыноўнікам ад адукацыі.

Пры цяперашняй атмасферы ў краіне малаверагодна, што людзі пайшлі б публічна абурацца, каб на гэта не было сур'ёзных падстаў.

Nashaniva.com