Вайна прыйшла на Рублёўку. У эпіцэнтры атакі дронаў апынуліся маёнткі пуцінскай эліты

Хто з пуцінскай эліты мог пабачыць сённяшнія палёты дронаў, тлумачыць канал «Можем объяснить».

30.05.2023 / 10:44

У эфіры федэральных тэлеканалаў практычна нічога не паведамляюць пра самую маштабную з пачатку вайны атаку беспілотнікаў на Маскву і Падмаскоўе, заўважыў канал «МО». «Россия-24» робіць упор на тым, што будынкі нязначна пашкоджаныя, а ўсе беспілотнікі «падаўленыя». Тэлеканалы не перапынілі свае эфіры на спецыяльныя выпускі навін, у эфіры «Россия-24» няма спецыяльнай плашчакі з надпісам «Тэрмінова» — як звычайна адбываецца падчас надзвычайных падзей.

Верагодна, гэта была псіхалагічная атака, прычым у месцах, населеных пуцінскай элітай. У Маскве — гэта прэстыжныя паўднёва-заходнія мікрараёны. У Падмаскоўі — Рублёўская шаша і яеваколіцы, дзе жывуць набліжаныя да Пуціна алігархі і чыноўнікі.

Адзін з дронаў упаў у пасёлку Ільінскае — усяго за 3 кіламетры ад рэзідэнцыі прэзідэнта Пуціна ў Нова-Агарова.

У пасёлку Знаменскае — маёнтак у пуцінскага сябра Генадзя Цімчанкі.

Суседзі алігарха: з аднаго боку — рэзідэнцыя прэмʼер-міністра Міхаіла Мішусціна «Горкі — 9» і былы зяць прэзідэнта Расіі Кірыл Шамалаў, з другога — бацька губернатара Маскоўскай вобласці, сенатар Юрый Варабʼёў і міністр абароны Сяргей Шайгу.

Побач з вёскай Жукаўка ў КП «Ільінскае поле» стаяць адзін насупраць аднаго асабнякі бліжэйшых сяброў Пуціна — братоў Аркадзя і Барыса Ратэнбергаў. А па суседстве дом палюбоўніцы Шайгу Алены Шабуновай.

У пасёлку Ландшафт дом у Сяргея Кірыенкі. У Барвісе — дом у Ігара Сечына. Былой дачай Мікаяна валодае кіраўнік Расгвардыі Віктар Золатаў.

У Архангельскім дом у кіраўніка Канстытуцыйнага суда Валерыя Зоркіна, які днямі прынёс Пуціну карту Еўропы з адсутнай там Украінай (потым аказалася, прысутнай).

Адзін беспілотнік накіроўваўся ў пасёлак Уласіха — там знаходзіцца штаб і цэнтральны камандны пункт Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння.

Сёння ноччу жыхары Масквы і Падмаскоўя пачулі выбухі. Як паведамляюць расійскія медыя, у атацы ўдзельнічалі каля 25 беспілотнікаў. Па інфармацыі іншых крыніц дронаў было больш за 30. Дакладных лічб пакуль няма. 

Nashaniva.com