Гайдукевічу і Гусачэнку захацелася зняць санкцыі ЕС. Але сістэма дала збой

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, лідар ЛДП Алег Гайдукевіч і намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргей Гусачэнка таксама аспрэчвалі ўведзеныя супраць іх санкцыі ЕС, але Еўрапейскі суд 24 мая адхіліў іх пазовы. Цяпер ім давядзецца аплаціць судовыя выдаткі.

31.05.2023 / 12:40

Аналагічнае рашэнне было прынята ў дачыненні да дэпутатаў Святланы Любецкай і Аляксандра Амельянюка, піша reform.by.

Сутнасць прэтэнзій Гайдукевіча і Гусачэнкі аналагічная пазову Любецкай і Амельянюка. На іх думку, санкцыі носяць характар калектыўнай адказнасці, нясуць памылковую ацэнку і парушаюць прынцып суразмернасці. Гайдукевіч запэўніваў, што выказваў свой асабісты пункт гледжання ў якасці дэпутата, а Гусачэнка згадаў пра свабоду выказвання меркавання.

Адказчыкам выступала Рада Еўрапейскага Саюза. Суд разгледзеў довады бакоў і прыйшоў да высновы, што рашэнне аб увядзенні санкцый абгрунтаванае, а адказчык падаў пераканаўчыя тлумачэнні свайго рашэння: Гайдукевіч, па сутнасці, з'яўляецца прадстаўніком рэжыму Лукашэнкі, а Гусачэнка займаецца прапагандай і ўзначальвае дзяржаўнае прапагандысцкае медыя.

Згодна з пастановамі (1 і 2) пятай палаты Суда Еўрапейскага Саюза, Гайдукевічу і Гусачэнку загадана аплаціць, у дадатак да іх уласных выдаткаў, выдаткі, панесеныя Рады Еўрапейскага Саюза.

Гайдукевіч і Гусачэнка трапілі пад санкцыі ЕС 21 чэрвеня 2021 года.

Дзеячаў беларускага рэжыму прадстаўляў адвакат Адвакацкай палаты Парыжа Дзмітрый Літвінскі. Гэты ж адвакат выступаў ад імя Любецкай і Амельянюка.

У базе суда ёсць яшчэ некалькі пазоваў, пададзеных Літвінскім ад імя грамадзян Беларусі Аляксандра Бахановіча, Сяргея Рубніковіча і Сяргея Срыбы. У дачыненні да гэтых дзеячаў 21 чэрвеня 2021 года таксама былі ўведзеныя санкцыі ЕС. На момант увядзення санкцый Бахановіч з'яўляўся рэктарам Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Рубніковіч — рэктарам Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, а Скрыба — прарэктарам па выхаваўчай рабоце БДЭУ. Рашэнні па іх, мяркуючы па базе, яшчэ не прынятыя.

Усе пазовы Літвінскім былі пададзеныя 5 лістапада 2021 года.

Nashaniva.com