Уначы зноў абстралялі Шабекіна ў Белгарадскай вобласці

У выніку чарговага абстрэлу горада Шабекіна ў Белгарадскай вобласці пацярпелі пяць чалавек, заявіў кіраўнік рэгіёну Вячаслаў Гладкоў. Губернатар сцвярджае, што цэнтр і ўскраіны горада абстрэльвалі ўкраінскія вайскоўцы з рэактыўных сістэм залпавага агню «Град». Гэты ж тып зброі ён называў напярэдадні, паведамляючы аб масіраваным абстрэле.

01.06.2023 / 08:49

Фота: з тэлеграма Вячаслава Гладкова

Гладкоў напісаў у сваім тэлеграм-канале, што новы ўдар быў нанесены «а 12-й ночы, у 3:40 і ў 5:15 УСУ».

Пра пацярпелых ён распавёў наступнае: «Мужчына, супрацоўнік паліцыі, з адкрытым пераломам плечавой косткі. І дзве жанчыны з асколачнымі раненнямі верхніх і ніжніх канечнасцяў. Ёсць яшчэ адзін пацярпелы мужчына, гэта ахоўнік моста».

«Цяпер паступіла інфармацыя пра мужчыну, які знаходзіцца без прытомнасці з множнымі аскепкавымі раненнямі», — дадаў губернатар.

Ноччу ён пісаў пра двух параненых мужчын, аднаму з якіх нібыта адарвала руку, а другі атрымаў кантузію.

Гладкоў таксама паведаміў аб прамым трапленні ў прыватны жылы дом і аб «шматлікіх пашкоджаннях вокнаў і балконаў у прыватных і шматкватэрных дамах». «Ёсць дамы з прабітымі ад снарадаў сценамі», «ёсць трапленне ў дах аднаго з адміністрацыйных будынкаў, гарыць дах», «яшчэ ў адным адміністрацыйным будынку асколкамі снарада пасечаны фасад і выбітыя вокны», апісаў шкоду губернатар.

У той жа час ён назваў «фэйкам» паведамленні аб пунктах збору для тэрміновай эвакуацыі жыхароў Шабекінскай акругі. «На дадзены момант масава збіраць людзей у нейкай канкрэтнай кропцы немагчыма і небяспечна», — растлумачыў ён.

Напярэдадні кіраўнік Белгародскай вобласці абвясціў пра пачатак эвакуацыі дзяцей — у Варонежскую, Пензенскую, Яраслаўскую, Калужскую, Ліпецкую і, магчыма, у Томскую вобласць.

Украінскія ўлады не каментуюць заявы расейскіх уладаў аб абстрэлах Шабекіна.

У ноч на чацвер чарговы паветраны ўдар быў нанесены па Кіеве, гарадскія ўлады паведамілі аб трох загінулых жыхарах, у тым ліку дзіцяці.

Nashaniva.com