Ва Украіне арыштавалі грамадзяніна Беларусі за перадачу інфармацыі аб падрыхтоўцы да абароны на мяжы

Ён нарадзіўся і пражывае ў Ровенскай вобласці Украіны.

01.06.2023 / 15:17

Ва Украіне затрымалі і арыштавалі на два месяцы грамадзяніна Беларусі, які нарадзіўся і жыве ў Ровенскай вобласці, паводле падазрэння аб перадачы інфармацыі пра перамяшчэнне жывой сілы і вайсковай тэхнікі для абароны памежнай з Беларуссю ўкраінскай тэрыторыяй, піша Радыё Свабоды.

Як адзначаецца ў апублікаваным у Адзіным дзяржаўным рэестры Украіны судовым рашэнні, раней ён ужо быў засуджаны за апраўданне і падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.

У матэрыялах справы адзначаецца, што падазраваны перадаваў па тэлефоне іншаму грамадзяніну Беларусі інфармацыю, якая адсутнічала ў адкрытых крыніцах, аб падрыхтоўцы да абароны ўкраінскага памежжа на выпадак новага ўварвання з беларускай тэрыторыі.

Следcтву таксама вядома імя таго беларускага грамадзяніна, якому затрыманы перадаваў усю інфармацыю, пачынаючы з красавіка 2023 года. Згодна з нацыянальным заканадаўствам Украіны аб абароне канфідэнцыйнай і персанальнай інфармацыі, прозвішчы абодвух фігурантаў справы не называюцца.

Справу расследуюць паводле часткі 2 артыкула 114-2 Крымінальнага кодэксу Украіны. За распаўсюд ва ўмовах ваеннага становішча інфармацыі аб перамяшчэнні, руху або размяшчэнні Узброеных сіл Украіны і іншых вайсковых фарміраванняў, якая адсутнічае ў адкрытых рэсурсах, прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў.

Nashaniva.com