Экс-прэзідэнту Бразіліі далі восем гадоў турмы

Былы прэзідэнт Бразіліі Фернанду Колар дзі Мелу прысуджаны да 8 гадоў 10 месяцаў турмы па справе аб карупцыі. У сераду Вярхоўны суд Бразіліі прызнаў 73-гадовага экс-кіраўніка дзяржавы вінаватым у хабарніцтве і адмыванні грошай, піша Deutsche Welle.

01.06.2023 / 16:01

Фернанду Колар дзі Мелу. Фота AP

Суд палічыў даказаным, што пасля свайго сыходу з прэзідэнцкай пасады ў 2010-2014 гадах Колар дзі Мелу, які з'яўляўся чальцом Сената, браў буйныя хабары ад энергетычнай кампаніі BR Distribuidora — даччынай фірмы напаўдзяржаўнай нафтавай кампаніі Petrobras — у абмен на заключэнне кантрактаў.

Колар дзі Мелу яшчэ можа абскардзіць прысуд пасля яго поўнага абвяшчэння.

Працэс звязаны з карупцыйным скандалам «Lava Jato», які выліўся ў 2014 годзе, у якім аказаліся замяшаныя сотні палітыкаў, дзяржслужачых і бізнесменаў.

Прэзідэнт Бразіліі ў 1990-1992 гадах

Фернанду Колар дзі Мелу ў 1989 годзе стаў першым абраным прэзідэнтам Бразіліі пасля падзення ваеннай дыктатуры і ўступіў на пасаду ў 1990 годзе. У снежні 1992 года на фоне скандалу вакол вымагальніцтва грошай на перадвыбарчую кампанію і карупцыі ён сышоў у адстаўку. У 1994 годзе суд яго апраўдаў за адсутнасцю доказаў. Пазней Колар дзі Мелу вярнуўся ў палітыку і да лютага 2023 года быў сенатарам ад штата Алагоас. У 2015 годзе суд пачаў новае расследаванне ў дачыненні да экс-прэзідэнта.

Цяперашні прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва адбываў турэмнае зняволенне па абвінавачванні ў карупцыі і адмыванні грошай. Пасля 580 дзён зняволення Вярхоўны суд адмяніў прысуд у дачыненні да Лулы да Сілвы па фармальных падставах.

Чытайце таксама:

Бразілія і Аргенціна вырашылі стварыць агульную валюту

Прэзідэнт Бразіліі Лула да Сілва хоча дамагчыся міру ва Украіне перамовамі

У Бразіліі адкрылі маўзалей Пеле

Nashaniva.com