Беларускія вайскоўцы патрэніраваліся збіваць дроны халастымі патронамі. Ці паспяхова, не паказалі

«Беларускі Гаюн» заўважыў, што беларускія вайскоўцы трэніруюцца збіваць дроны халастымі патронамі. Відэа вучэння апублікавала Мінабароны.

01.06.2023 / 16:44

Мінабароны Беларусі падзялілася відэа, як падчас вучэнняў Узброеных сіл Беларусі з органамі ваеннага кіравання і воінскімі часцямі тэхзабеспячэння «на базе 43-га арсенала ракет і боепрыпасаў было адпрацавана пытанне падаўлення і знішчэння БПЛА».

Для падаўлення беспілотніка выкарыстоўвалі 23-мм зенітную ўстаноўку ЗУ-23-2 і аўтамат Калашнікава.

Маніторынгавая група заўважыла, што на відэа беларускі вайсковец вядзе агонь па БПЛА з аўтамата Калашнікава, абсталяванага асадкай (утулкай) для халастой стральбы.

Згодна з правіламі стральбы з аўтамата АК-74 катэгарычна забаронена стральба з аўтамата баявымі патронамі з накручанай на ствол утулкай для халастой стральбы.

У «Гаюне» лічаць, што ў вайскоўца ў магазіне не магло быць баявых патронаў.

У Мінабароны Беларусі не ўдакладнілі, якім чынам можа быць «прыгнечаны і знішчаны БПЛА» агнём з аўтамата халастымі патронамі.

«Беручы пад увагу паводзіны двух відэааператараў (першы зняў прымацаванае відэа, а другога можна заўважыць на заднім плане), можна канстатаваць, што праводзілі не трэніроўку па знішчэнні БПЛА, а здымку чарговай паказухі.

Відавочна, МА РБ пакуль не плануе вучыцца рэальна (а не на камеру) змагацца з дронамі, і будзе пераймаць «паспяховы» досвед памежнікаў РБ», — піша «Гаюн».

Nashaniva.com