Украінскі падлетак, якога вывезлі з Марыупаля і хацелі прызваць у расійскае войска, прыехаў у Беларусь

17-гадовы ўкраінскі падлетак Багдан Ярмохін, якога вывезлі з акупаванага Марыупаля, а пазней уручылі позву ў расійскі ваенкамат, пакінуў Расію і зараз знаходзіцца ў Беларусі. Тут ён павінен сустрэцца са сваёй сястрой, піша «Вёрстка».

19.11.2023 / 14:14

Багдан Ярмохін. Фота: katinka.bobrovskaya / Facebook

Багдан Ярмохін у 8 год страціў абодвух бацькоў. Да пачатку поўнамаштабнай вайны ён вучыўся ў металургічным каледжы ў Марыупалі. У яго ёсць старэйшая сястра, якая была ягоным апекуном.

Пасля таго, як Марыупаль перайшоў пад кантроль расіян, Ярмохіна вывезлі на тэрыторыю РФ і перадалі ў прыёмную сямʼю ў Падмаскоўе.

У сакавіку 2023 года Ярмохін паспрабаваў уцячы з Расіі ва Украіну, аднак супрацоўнікі расійскіх спецслужбаў спынілі яго недалёка ад мяжы з Беларуссю. 

Расійскі амбудсмэн Марыя Львова-Бялова сцвярджала, што адбылася правакацыя і што Ярмохіна «спрабавалі выцягнуць на тэрыторыю Украіны з дапамогай маніпуляцый і пагроз». 

У лістападзе стала вядома, што Ярмохіна вызваюць у падмаскоўны ваенкамат на снежань 2023 года, калі яму споўніцца 18 гадоў.

Падлетак запісаў зварот да прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з просьбай дапамагчы яму вярнуцца ва Украіну.

Пасля гэтага Львова-Бялова заявіла, што вяртанне Ярмохіна ва Украіну ўзгоднена.

Цяпер падлетак знаходзіцца ў Беларусі.

Nashaniva.com