«Прэзерватыўная нацыя». Нямецкі вытворца кантрацэптываў заявіў аб рэкордзе продажаў

З аднаго боку ўсё менш жанчын хочуць падвяргаць сябе гарманальнай тэрапіі, прымаючы таблеткі. З іншага боку, ёсць і другія фактары.

27.01.2024 / 13:14

Фота: Ritex / Bild

Роберт Рыхтэр — кіраўнік кампаніі Ritex па вытворчасці прэзерватываў — заявіў пра рост продажаў у 2023 годзе на 20% да 100 млн штук. Гэта рэкорд за ўсю гісторыю фірмы, заснаванай у 1948 годзе, піша Bild.

Упершыню з 2007 года прэзерватывы выкарыстоўваліся ў ФРГ часцей (53 працэнты), чым таблеткі (36 працэнтаў).

«Нас саміх крыху здзівіў такі рост», — кажа менеджар.

Прэзерватывы з гумы вынайшаў нямецкі прадпрымальнік Юліус Фром (1883 — 1945).

«Насамрэч, Нямеччына заўсёды была моцнай прэзерватыўнай нацыяй. Гэта дзякуючы Фрому, — кажа Рыхтэр. — У той час ён больш-менш развіў прамысловую вытворчасць прэзерватываў, прынамсі ў Еўропе».

Усё менш жанчын хочуць падвяргаць сябе гарманальнай тэрапіі, прымаючы таблеткі.

«Мы бачым гэта так: больш крытычны погляд на таблеткі сёння станоўча ўплывае на нашы продажу», — лічыць Рыхтэр.

Ritex наладзіла вытворчасць без шкодных выкідаў і падтрымлівае ініцыятывы па абароне клімату.

«Асабліва добра гэтая тэма ўспрымаецца ў Германіі і Заходняй Еўропе», — сказаў кіраўнік кампаніі.

Таксама пандэмія перапыніла ланцужкі паставак з Азіі, таму нямецкі вытворца змог павялічыць долю на рынку.

Nashaniva.com