«Раю выдаліць сумнеўную інфармацыю з сацсетак за апошнія пяць гадоў» — абласны пракурор

Намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Андрэй Скурат тлумачыў, як не трапіць на суткі за рэпосты.

11.02.2024 / 18:12

Фота: «Наш час»

На сустрэчы 8 лютага з работнікамі «Белакта» і Ваўкавыскага мясакамбіната Скурат сярод іншага расказваў пра «супрацьдзеянне экстрэмізму», піша раёнка «Наш час». Запэўніваў, што ім галоўнае не пакараць людзей, а папярэдзіць, каб яны не парушалі закон. Па яго словах, колькасць заведзеных крымінальных спраў за экстрэмізм зніжаецца.

«Тым не менш: у кагосьці ў стужках сацсетак, на старонках асабістых акаўнтаў, магчыма, засталіся карцінкі, рэпосты, лайкі, каментары з супольнасцяў або груп, прызнаных экстрэмісцкімі, падпіскі на іх. Гэта — правапарушэнне, пакаранне за якое досыць сур'ёзнае: штраф на фізічную асобу да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 сутак з усімі вынікаючымі наступствамі, а ў выпадку парушэння парадку правядзення масавых мерапрыемстваў — да 100 базавых велічынь і 30 сутак адміністрацыйнага арышту. Ніхто не зацікаўлены ў такім павароце падзей.

Таму раю знайсці час, прагледзець свае акаўнты ў сацсетках, месенджарах за апошнія пяць гадоў і выдаліць усю інфармацыю, якая выклікае сумнеў»,

— казаў намеснік пракурора.

Nashaniva.com