Памятаеце, як у Барысаве сабакі «запусцілі» аўто? Вось што магло быць прычынай здарэння

Нядаўна ў Барысаве аўтамабіль уначы самавольна паехаў і ўрэзаўся ў іншы. У машыне пасля ўбачылі кавалак сабачай поўсці і прагрызеныя пад капотам драты. Відэа з камер паказала, што каля аўто бегалі сабакі. Але як яны маглі «завесці» яго? 

11.02.2024 / 18:50

Відэа здарэння паглядзела некалькі механікаў і сышліся ў меркаванні, што тэхнічна немагчыма, каб прычынай руху аўто сталі сабакі, расказвае АНТ.

«Маторны адсек, дзе няма, як правіла, праводкі — што яны маглі перагрызці? Нават калі перагрызлі, малаімаверна, што машына завядзецца», — разважае Віктар Кожух, дырэктар СТА.

Ён тлумачыць, чаму сабакі ні пры чым.

«Бо мусіць быць заведзены ключ у становішчы запальвання і плюс нейкае замыканне стартэра. Гэта не можа зрабіць сабака ніякім чынам».

Сабакі, што жывуць у тым барысаўскім двары і аказаліся на месцы здарэння. Скрын відэа АНТ

Механік мяркуе, што чалавек не паставіў на ручны тормаз механічную каробку перадач і машына пакацілася нейкім чынам.

«Можа быць, у гэты момант зхнаходзіліся сабакі, збег абставін, спужаліся, запрацавала аварыйка», — дадае ён.

Nashaniva.com