У Вільні з'явіўся помнік паўстанцам — Каліноўскі і паплечнікі з жэстам клятвы

Скульптурная кампазіцыя ў памяць пра паўстанне 1863-1864 гадоў будзе ўрачыста адкрыта ў літоўскай сталіцы да дня 160-й гадавіны пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага. Але ёсць і крытыкі. 

21.03.2024 / 18:40

Помнік у памяць пра паўстанне 1863-1864 гадоў у Вільні. Фота: Наша Ніва

Помнік пастаўлены ў гістарычным цэнтры, на тэрыторыі францысканскага кляштара, дзе за паўгода да пачатку паўстання адбыліся першыя рэлігійна-патрыятычныя антырасійскія маніфестацыі — таму месца выбрана зусім не выпадкова.

Скульптурная кампазіцыя пастаўлена перад касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. На шырокім круглым подыуме расстаўлены бронзавыя постаці чатырох мужчын. Па левы бок стаіць манах-францысканец, бласлаўляючы з крыжам справу паўстання, па правы бок — самі паўстанцы, звернутыя да святыні. У тварах злёгку ўгадваюцца постаці Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і Цітуса Далеўскага — быццам персаніфікацыі Беларусі, Літвы і Польшчы ў барацьбе супраць царскай улады.

Скульптуры паўстанцаў перад статуяй Дзевы Марыі. Фота: Наша Ніва

На пярэднім плане ўкленчаны Каліноўскі, а за яго спінай Серакоўскі, абодва з паднятымі ў жэсце клятвы рукамі перад копіяй статуі Беззаганнай Дзевы Марыі, прысягаюць у вернасці Богу і Радзіме. Трохі паводдаль стаіць Далеўскі, трымаючы пры сабе руку так, быццам вось-вось далучыцца да сваіх паплечнікаў.

Скульптура манаха таксама не выпадковая, бо віленскія францысканцы падтрымалі паўстанне. За гэта пасля здушэння паўстання ўлетку 1864 года расійскія ўлады адпомсцілі ордэну — зачынілі кляштар, у карпусах якога стварылі турму, а касцёл перабудавалі пад архіў, знішчыўшы яго багатае ўбранне.

Усе трое паўстанцаў, Каліноўскі, Серакоўскі і Далеўскі, былі пакараныя смерцю і пасля таемна пахаваныя расійскімі ўладамі пад гарой Гедыміна. Пасля выпадковага выяўлення ў час раскопак на гары парэштак паўстанцаў, яны былі ў 2019 годзе ўрачыста перапахаваныя ў капліцы на могілках Роса.

Помнік пастаўлены на сродкі Польскага нацыянальнага фонда, які быў створаны за часамі кіравання парты «Права і справядлівасць» з мэтай распаўсюду і падтрымання польскай культуры як уласна ў Польшчы, так і па-за яе межамі. Асаблівую ўвагу фонд надае ўшанаванню памяці нацыянальных герояў. У Літве Польскі нацыянальны фонд аказваў падтрымку сярод іншага рэстаўрацыі пафранцысканскага касцёла, які лічыцца «польскім сэрцам» Вільні.

Гэтая акалічнасць абурыла літоўцаў у сацсетак. Яны пабачылі ў дзейнасці польскай арганізацыі ў Вільні непажаданае ўварванне. Акрамя таго літоўцы крытыкуюць нізкі мастацкі ўзровень выканання скульптур.

Тым не менш гэта першы поўнафігурны помнік Кастусю Каліноўскаму ў Вільні.

Абвестка пра ўрачыстае адкрыццё помніка

Адкрыццё помніка адбудзецца ў пятніцу, 22 сакавіка. Аб 11 гадзіне дня помнік асвенцяць, пасля ў касцёле пройдзе імша. Францысканскі манастыр запрашае ўсіх на ўрачыстасць.

Чытайце таксама:

Як кароль Вялікабрытаніі Карл III звязаны з Беларуссю?

У пракат выйшаў польскі гістарычны баявік пра Тадэвуша Касцюшку

Лукашэнка жыве ў сапраўдным магнацкім палацы

Ф. Раўбіч