Сцвярджэнне, што «ВКЛ — гэта была Беларусь», фальш — гісторык Латышонак

У новым выпуску «Ток» прафесар Алег Латышонак выказаў свой погляд на гісторыю ВКЛ.

24.03.2024 / 17:42

Алег Латышонак пад час інтэрв'ю. Скрын відэа TOK_talk / YouTube

Алег Латышонак пад час размовы адзначыў, што, на яго думку, сцвярджэнне пра тое, што «Вялікае Княства Літоўскае — гэта была Беларусь», абсалютны фальш.

Гісторык тлумачыць:

«ВКЛ была краіна літоўцаў, русінаў і жамойтаў. Але не беларусаў. Беларусы ўзніклі пазней з часткі русінаў і літоўцаў. Наша нацыя даволі новая. Нельга таксама гаварыць, што сённяшнія літоўцы —гэта тыя жамойты, жамойдзіны і нічога з Вялікім Княствам Літоўскім не маюць. Гэта кашмарная выдумка».

Латышонак адзначае, што спадчына ВКЛ належыць беларусам і літоўцам. «Гэта была супольная дзяржава. Але стварылі яе літоўцы. Я не сумняваюся», — падкрэслівае гісторык.

Прафесар лічыць магчымым стварэнне супольнага падручніка па гісторыі ВКЛ, але адзначае, што гэта зрабіць вельмі цяжка. «Калі ідзе гаворка пра падручнікі, то яны вучаць моладзь патрыятызму. А я займаюся гісторыяй, а не навучаннем патрыятызму. Тэарэтычна магчыма, але вельмі цяжка, бо кожны хоча сваё хваліць у гэтых падручніках».

Згадваючы Міколу Ермаловіча, які на пачатку 1990-х папулярызаваў беларускі гістарычны міф аб спадчыне ВКЛ, Латышонак прызнаўся, што вельмі яго любіў, але Ермаловіч «не быў выдатным гісторыкам».

Як тлумачыць прафесар, само вызначэнне тэрыторыі Літвы, якое даў Ермаловіч, з пункту гледжання гістарычнай геаграфіі было памылковым.

«Ён залічыў да Літвы тыя тэрыторыі, дзе ёсць назва Літва. А такія назвы заўсёды ўзнікаюць на чужой тэрыторыі. Калі мы маем назву «Літва», то ведаем, што там літоўцы — чужынцы, прышэльцы. І гэта самае асноўнае. Калі ён вызначыў на месцы Налібоцкай пушчы летапісную Літву, то пасля ўжо ўсе іншыя памылкі пайшлі».

@tokbelarus «Калі дойдзе да атамнай зброі, то расіяне разбамбяць Варшаву, а амерыканцы Мінск» — Меркаванне вядомага гісторыка Алега Латышонка глядзіце ў новы выпуску «ТОК» #Варшава #минск #менск #беларускаямова #беларусь #ядернаявойна #россияне #безопасность #белорусывпольше #нашаніва #пабеларуску ♬ Polozhenie - Izzamuzzic Remix - Скриптонит

Пры гэтым Латышонак лічыць, што Ермаловіч адыграў карысную ролю ў папулярызацыі гісторыі ВКЛ. «Трэба было беларусам вярнуць гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. Што гэта не нейкая чужая дзяржава».

Гісторык адзначае, што большую шкоду ў фарміраванні міфу пра ВКЛ адыгралі не столькі творы Ермаловіча, колькі публікацыя ў Беларусі твораў Яна Станкевіча, «усе яго тэорыі пра Вялікую Літву».

Ні Міндоўга, ні Вітаўта, ні Альгерда, гаворыць Латышонак, нельга лічыць беларускім князямі, бо беларусаў тады не было:

«Мы мусім памятаць, што гэта былі карэнныя літоўцы. Мы можам іх лічыць сваімі князямі. Не толькі мы мелі чужых князёў. Большасць дынастый узнікала з чужынцаў. Адмаўляць літоўскасць Вітаўту, Альгерду ці Міндоўгу — проста несур'ёзна».

Закранаючы пытанне сённяшніх дыскусій пра літвінізм, Латышонак падкрэслівае, што заўсёды адмоўна да яго ставіўся: «Лічу адной з вялікіх памылак Зянона Пазняка, калі ён прапаноўваў, каб дзяржава называлася «Вялікае княства літоўскае Беларусь». Беларусь — гэта Беларусь. Створана нашымі продкамі пачынаючы з 19 стагоддзя. І гэта краіна са сваёй адметнай гісторыяй, лёсам, сваімі героямі.

А лічыць беларусамі ўсіх гэтых літоўцаў і палякаў, якія змагаліся за свае краіны, за свой народ, не толькі няслушна, але проста зладзейства. Таму разумею літоўцаў, якія абураюцца, калі ў іх нахабна крадуць карэнных літоўцаў, калі палякі абураюцца, што з патрыётаў-палякаў робяць беларусаў. Гэта для мяне абсалютная бязглуздзіца. Лічу, што мы маем даволі герояў, якія змагаліся за Беларусь, каб іх ушаноўваць».

Глядзіце цалкам:

Nashaniva.com