Прагноз Марзалюка: Захад будзе раскачваць Беларусь праз моладзь і праз рэлігію

У новым выпуску праграмы «Маркаў. Нічога асабістага» дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк расказаў, якім ён бачыць развіццё падзей у Беларусі ў бліжэйшы час, і як гэта перадухіліць.

28.03.2024 / 23:16

Ігар Марзалюк. Скрын відэа ont_by / YouTube

Ігар Марзалюк адзначыў, што глыбока ўпэўнены ў тым, што сярод магчымых напрамкаў, па якіх краіны Захаду будуць раскачваць Беларусь, будзе моладзь і канфесійны мір у краіне.

«Прычым гэта можа быць пад трэцім сцягам, пад соусам нейкіх псеўдапатрыятычных акцый», — прагназуе дэпутат і гісторык.

«Мы павінны выкараняць любыя спробы нацкаваць грамадзян Беларусі на канфесійнай глебе. Нагадаю некаторым разумнікам цытату Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, што ёсць два стаўпы, на якіх грунтуецца беларуская хрысціянская ідэнтычнасць — праваслаўе і каталіцызм. Кропка. Гэта найважнейшы момант. Іншыя таксама важныя, але не настолькі для канфесіянальнай раўнавагі.

Мы з гонарам можам сказаць, што мы краіна, дзе ніхто не ладзіў перформансаў, калі рубілі праваслаўныя іконы ці зневажалі пачуцці любой канфесіі. Гэтыя рэчы выпрацоўваліся стагоддзямі. Гэта і ёсць тое, што мы называем «беларускі лад жыцця».

Мы можам аб нейкіх рэчах палемізаваць, але павінны культываваць гэты мір. Гэта крута, што ў нас два Вялікадні. Гэта сведчыць, што мы ў гэтым плане не ствараем ліній разлому».

Што ж тычыцца моладзі, то яе на погляд Марзалюка, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці «будуць качаць, таму што моладзь — ёсць такая польская прымаўка «сухая салома» — у момант успыхвае».

У сувязі з гэтым, як адзначае дэпутат, неабходна працаваць з рознымі групамі моладзі.

«Глядзець ім у вочы, чуць і слухаць іх і даносіць сваю праўду жыцця», — адзначае Марзалюк. І ў якасці пазітыўнага прыкладу прыводзіць ваенна-патрыятычныя клубы — «ініцыятыву Унутраных войск і Мікалая Карпянкова».

Па словах дэпутата, «гэты пазітыўны вопыт павінен быць яшчэ больш распаўсюджаны».

Чытайце таксама:

Nashaniva.com