Пытанне, ці з'яўляецца Марына Васілеўская прафесійнай касманаўткай, праясніў «Раскосмас»

Апошнім часам у сувязі з палётам беларускі Марыны Васілеўскай у космас многія эксперты, журналісты і іншыя грамадзяне задаюцца пытаннем — можна гэтую жанчыну лічыць прафесійнай касманаўткай, ці яна проста касмічная турыстка? Здаецца, канчатковую кропку ў гэтым пытанні ставіць інфармацыя, адшуканая «Люстэркам» на сайце «Раскосмасу».

16.04.2024 / 21:49

Склад экіпажа «ЭП-21». Марына Васілеўская-удзельнік касмічнага палёту. Скрыншот сайта gctc.ru

Марына Васілеўская перад сваім палётам на МКС даволі працяглы час правяла ў Цэнтры падрыхтоўкі прафесійных касманаўтаў «Раскосмасу». Гэтая ўстанова, як зразумела з назвы, займаецца арганізацыяй «адбору і падрыхтоўкі касманаўтаў (астранаўтаў)».

На сайце цэнтра ёсць раздзел «Экіпажы на падрыхтоўцы». У ім-спіс людзей, якія рыхтуюцца паляцець у космас. Нягледзячы на тое, што Марына Васілеўская і Алег Навіцкі ўжо вярнуліся з арбіты, інфармацыя пра іх дагэтуль ёсць у гэтым раздзеле.

У спісе членаў асноўнага экіпажа ЭП-21 насупраць імя Марыны Васілеўскай стаіць абрэвіятура УКП, што значыць «удзельнік касмічнага палёту». Яна ж пазначаная насупраць імя Анастасіі Лянковай — дублёркі Васілеўскай.

Пасада Алега Навіцкага расшыфроўваецца як «камандзір экіпажа», а Дайсан Трэйсі — «бортінжынер экспедыцыі МКС».

Чаму абрэвіятура УКП важная? Таму што менавіта яе «Раскосмас» выкарыстоўвае для пазначэння касмічных турыстаў.

Так, у маі 2021 года прэс-служба цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў паведамляла пра зацвярджэнне складаў экіпажаў Міжнароднай касмічнай станцыі з 2021 па 2023 гады. Акрамя, уласна, прафесійных касманаўтаў у спісе былі актрыса Юлія Перэсільд і рэжысёр Клім Шыпенка. У паведамленні пазначалася, што яны — «удзельнікі касмічнага палёту для здымак эпізодаў мастацкага фільма пад працоўнай назвай «Выклік».

У снежні таго самага года ЦПК інфармаваў пра паспяховы запуску ракеты-носьбіта «Саюз-2.1а». Адзначалася, што ўпершыню ў склад экіпажа, акрамя касманаўта «Раскосмаса» Аляксандра Місуркіна, уваходзілі два ўдзельнікі касмічнага палёту: японскі прадпрымальнік Юсаку Маэзава і ягоны памочнік Ёза Хірана. Асобна паведамлялася, што яны «сталі адпаведна восьмым і дзявятым турыстамі, якія наведалі МКС».

Судзімасць бацькі, дзівосы з адукацыяй, прагалы ў біяграфіі — таямніцы жыцця першай беларускай касманаўткі

Стала вядома, дзе ўсё ж вучылася касманаўтка Марына Васілеўская

Гераіня Беларусі ці звычайная касмічная турыстка? Нюансы палёту ў космас Марыны Васілеўскай

У тэлеграм-стужцы агенцтва БелТА сёння 22 паведамленні пра касманаўтку Васілеўскую і ролю Аляксандра Лукашэнкі ў пакарэнні космасу

Пуцін таксама ўзнагародзіў Марыну Васілеўскую

Марыну Васілеўскую ўжо рыхтуюцца адліць у бронзе і граніце

Nashaniva.com