На старых могілках у Гродне паваліўся 222-гадовы помнік. І не факт, што будуць падымаць

На гродзенскіх фарных могілках упала адно з найстарэйшых надмагілляў, пастаўленае ажно ў 1802 годзе. Пра гэта паведаміў падпісчык тэлеграм-канала Urban Hrodna. Прытым выглядае, што помнік можа так і прапасці, бо ніякай гістарычна-культурнай спадчынай ён не лічыцца, а таму і абавязкаў яго падымаць ніхто не мае. Urban Hrodna дае кароткі агляд цяперашніх спраў у гэтай галіне і разважае, што з гэтым усім рабіць.

17.04.2024 / 22:49

Надмагільны помнік больш чым 200-гадовай даўніны, які не вытрымаў выпрабавання часам. Фота: t.me/urbanhrodna

Гродзенскія фарныя могілкі — найстарэйшы камунальны некропаль Беларусі. Яны былі заснаваныя ў 1792 годзе, калі для паляпшэння санітарнай сітуацыі ў буйных гарадах Рэчы Паспалітай вырашылі ствараць камунальныя могілкі за іх межамі. 

Але гродзенскія каталіцкія могілкі, як і праваслаўныя пачатку ХІХ стагоддзя побач з імі, не з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю (ГКК) і не ахоўваюцца дзяржавай.

Комплексна статус ГКК у Гродне маюць толькі Вайсковыя могілкі (1888—1973 гады) на Белуша і Вайсковыя могілкі (1939—1945 гады) на вуліцы Перамогі, а таксама Татарскія могілкі перыяду Сярэднявечча ў Каробчыцах пад Гроднам.

Што тычыцца старых каталіцкіх і праваслаўных могілак, то на іх уключаныя ў спіс ГКК толькі асобныя надмагіллі:

Помнікі са спісу мусяць ахоўвацца. А вось калі ўпаў помнік са старой магілы, не ўнесенай у спіс ГКК, то ніхто нічога не робіць. Паваленых надмагілляў шмат.

Надпіс на помніку 1802 года, які нядаўна ўпаў. Фота: t.me/urbanhrodna

Таксама даўняя гісторыя — раскраданне надмагілляў і агароджаў на здачу металу. Агулам на могілках на вуліцы Антонава каля 8000 пахаванняў, прыкладна тысяча — асабліва каштоўныя.

Сітуацыя можа быць і іншай, але не менш шкоднай для гістарычнай спадчыны. У 2018 годзе на мінскіх Вайсковых могілках, дзе багата гістарычных пахаванняў і пахаванняў вядомых асобаў, старыя надмагіллі, за якімі доўгі час не даглядаюць сваякі, сталі замяняць тыпавымі надгалоўнікамі. Не ўратаваў нават статус ГКК для ўсіх могілак.

Гродзенскія каталіцкія фарныя могілкі закрытыя. З 1973 года там не робяць новых пахаванняў. Выключэнні — падхоўванні блізкіх сваякоў да кагосьці ўжо пахаванага там, калі з часу пахавання прайшло 20 гадоў.

За парадак на месцах агульнага карыстання на могілках адказвае гарадская Спецаўтагаспадарка (САГ): гэта прылеглая тэрыторыя, перыметр, кантэйнерныя пляцоўкі. Паводле карты санітарнай адказнасці Гродна за могілкі не адказвае ніхто. За тэрыторыяй вакол капліцы на каталіцкіх і царквы на праваслаўных мусяць сачыць адпаведныя рэлігійныя ўстановы. 

«[Цяперашняя сітуацыя з гродзенскімі фарнымі могілкамі] гэта як бульдозерам па іх прайсці, але павольна», — лічыць стваральнік сайта з каталогам гістарычных могілак Беларусі graves.by Андрэй Бурдзянкоў.

Калі ён расчышчаў і каталагізаваў старыя надмагіллі ў Гродне ў 2018-2019 гадах, дапамагаць яму прыйшоў адзін гісторык, і ўсё. 

У Беларусі магілы лічацца прыватнай уласнасцю, сачыць за якой мусяць сваякі пахаванага. Тым не менш, у спісе ГКК Беларусі ёсць і комплексы пахаванняў. Гэта: 

Складанасць з пахаваннямі ў тым, што нашчадкі могуць быць і ў Сібіры, і за акіянам.

«Калі мы лічым гэта спадчынай, то замацоўваем і валанцёрым», — прапанаваў бачанне Андрэй Бурдзянкоў. Таксама магла б быць адмысловая фірма, якая гэтым займаецца, або арганізацыя пры музеі гісторыі менавіта для абнаўлення і рэстаўрацыі гэтых агароджаў і надмагілляў з адпаведных матэрыялаў і адпаведнымі спосабамі. Але гэта запатрабуе вялікіх фінансавых укладанняў.

Нізавая русіфікацыя: на Вайсковых могілках замянілі надмагілле беларускага паэта і мовазнаўца Алеся Гурло на рускамоўнае

«Уклалі 30 000 даляраў». Беларусы больш за 10 гадоў аднаўлялі пад Мінскам старажытную капліцу

«Не трэба мяне хаваць з помпай, я ж не на вайну іду». Якія загадкі тояць тастаменты і эпітафіі часоў ВКЛ?

Nashaniva.com