У Гомелі расследуюць загадкавую смерць 47-гадовай манахіні

Цела Наталлі Лявончык знайшлі ў келлі, адкуль яна не выходзіла два дні, піша Katolik.life. Прычыну смерці, па словах вернікаў, вызначыць пакуль не змаглі.

21.04.2024 / 18:24

Пад Гомелем прайшло пахаванне праваслаўнай манахіні Надзеі. Ёй было 47 гадоў.

Надзея (у свеце — Наталля Лявончык) жыла ў Свята-Ціхвінскім жаночым манастыры ў Гомелі больш за 20 гадоў. Манастыр паведаміў пра яе смерць 14 красавіка.

Жанчына памерла прама ў манастыры, у сваёй келлі, як стала вядома Katolik.life ад вернікаў. Па іх словах, Надзея два дні не выходзіла з келлі. Па збегу абставін, гэтана ніхто не заўважыў, пакуль адна з манахіняў не зазірнула ў акно і не ўбачыла, што Надзея ляжыць без руху.

«Хуткая дапамога» канстатавала смерць, аднак яе прычыну пакуль вызнчыць не ўдалося — прынамсі на момант пахавання. Як сцвярджаюць суразмоўцы, медыкі не выявілі ў жанчыны прыкмет інсульту, інфаркту, адарванага тромба альбо іншай распаўсюджанай прычыны смерці. Ідзе расследаванне інцыдэнту.

Nashaniva.com