Па беларускіх школах ездзяць удзельнікі расійскага шавіністычнага аўтапрабегу

Па беларускіх школах ездзяць удзельнікі расійскага шавіністычнага «аўтамабільнага малітоўнага шэсця «За Русь Святую», заўважылі праваабаронцы з Mayday.team.

23.04.2024 / 19:49

 

Кіраўнік расійскіх «паломнікаў» Сяргей Суслаў на акупаваным Данбасе

Вядома, што ў Сянне дырэктар школы №1 Аляксандр Ладыжын прымусіў больш за сто вучняў старэйшых класаў сустрэцца з Сяргеем Суславым, лідарам «аўташэсця», якое стартавала з Магадана ў 2017 годзе.

Ужо сем гадоў «трыадзіны хрэсны ход» на «газелях» і «уазіках» ездзіць па розных гарадах Расіі і нават заязджае ў іншыя краіны. Першапачатковая група падзялілася на тры часткі, а актывісты возяць па розных гарадах ужо тры копіі нібыта Святога Крыжа, знойдзенага ў Сахоцкім балоце ў Іванаўскай вобласці ў 1423 годзе. Акрамя крыжоў, яны возяць абразы Багародзіцы, цара Мікалая Другога і свяціцеля Лукі Война-Ясянецкага.

Аснова вельмі спецыфічнага нават для Праваслаўнай царквы вучэння гастралюючых «паломнікаў» — гэта «воля Божая аб стварэнні Расіі». А крэда самога Сяргея Суслава апісана ў ягоных сацсетках: «Слава Госпаду за ўсё! За Пуціна! За Расію! За Ісуса Хрыста і матухну Багародзіцу!»

У лютым гэтага года «аўтамабільнае малітоўнае шэсце» ездзіла па акупаваных Расіяй тэрыторыях Данбаса, а праваслаўныя актывісты «асвячалі» абразамі снайперскія вінтоўкі і ахвотна фатаграфаваліся са зброяй.

Кіраўнік расійскіх «паломнікаў» Сяргей Суслаў на акупаваным Данбасе

Цяпер свой светапогляд «паломнікі» імкнуцца перадаць школьнікам у Віцебскай вобласці з блаславення Віцебскай епархіі.

На вайне ва Украіне загінуў прапагандыст з расійскіх «Ізвестій»

«Рускія — белыя па непаразуменні. Насамрэч мы чырванаскурыя, жаўтаскурыя, чарнаскурыя». Прылепін даў першае вялікае інтэрв'ю пасля замаху

У Беларусь пратачылася новая секта з Расіі. Былы зэк змушае паству прадаваць кватэры і выкідаць дакументы

Nashaniva.com