Святар царквы ў Сынкавічах разгарнуў будаўніцтва без дазволу чыноўнікаў. Вердыкт суда здзіўляе

Святара царквы Святога Архангела Міхаіла ў Сынкавічах хацелі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці на самавольнае будаўніцтва, расказвае Hrodna.life. Але суд вырашыў, што няведанне закона вызваляе ад адказнасці.

23.04.2024 / 21:19

Фота: Wkimedia Commons

Протаіерэй Арсеній Ананька без дазволу чыноўнікаў і зацвярджэння праектнай дакументацыі за некалькі гадоў пабудаваў купель, трапезную, склеп дома для паломнікаў, мансарды, прыбудовы, паставіў на тэрыторыі манументальныя скульптуры.

Такім чынам, згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, святар парушыў закон «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці».

Прадстаўнік прыходу ў суд Зэльвенскага раёна не прыйшоў. Аднак у лісце ён прасіў вызваліць прыход ад адказнасці ў сувязі з малазначнасцю зробленага. І суд пагадзіўся з гэтым аргументам.

У рашэнні гаворыцца, што пабудовы былі ўзведзеныя ў інтарэсах паломнікаў і вернікаў. Да таго ж святар учыніў правапарушэнне, бо не быў знаёмы з заканадаўствам. Пры гэтым шкоды інтарэсам грамадства ён, маўляў, не нанёс. Таму суд пастанавіў спыніць адміністрацыйную справу.

Царква-крэпасць у Сынкавічах — унікальны ўзор познегатычнай архітэктуры пачатку XVI стагоддзя, гэта была адна з першых цэркваў-крэпасцяў на тэрыторыі ВКЛ.

Часова закрываюць Сафійскі сабор у Полацку

У Беразіне адродзяць закінуты палац Патоцкіх, які ніяк не маглі прадаць

У Лошыцкай сядзібе разабралі будынкі бровара, хоць абяцалі не чапаць

Nashaniva.com