Праваабаронцы: У наваполацкай калоніі палітвязняў катуюць холадам

Цяпер у наваполацкай калоніі ўтрымліваюцца мінімум 100 палітзняволеных.

27.04.2024 / 14:47

Адміністрацыя ўстановы працягвае ціск на палітвязняў — некаторых на доўгі тэрмін змяшчаюць у ШІЗА і ПКТ, пазбаўляюць спатканняў, перадач і званкоў, а таксама блакуюць ліставанне.

Акрамя гэтага, у калоніі вельмі холадна, у тым ліку праз тое, што адміністрацыя стварае пэўныя ўмовы, каб у памяшканнях былі скразнякі, піша «Вясна».

У штрафных ізалятарах вязняў таксама катуюць холадам. Ім забароненыя цёплыя рэчы, фізічныя практыкаванні выконваць нельга. Праз гэта ў людзей пачынаюцца праблемы са здароўем. У такіх умовах іх могуць утрымліваць па некалькі месяцаў запар.

У наваполацкай калоніі ўтрымліваюцца, сярод іншых, журналісты Андрэй Кузнечык, Андрэй Пачобут, Канстанцін Залатых, Ігар Лосік, Андрэй Аляксандраў, экс-прэтэндэнт у прэзідэнты Віктар Бабарыка.

Nashaniva.com