У Зэльве забілі мужчыну і 83-гадовую маці і скралі сейф

Міліцыя знайшла забойцу.

27.04.2024 / 15:02

Фота: прэс-служба МУС

Раніцай 20 красавіка ў Зэльве ва ўласным доме знойдзены целы 46-гадовага мужчыны і яго 83-гадовай маці без відавочных прыкмет гвалтоўнай смерці. Таксама падчас агляду жылля ўстаноўлена знікненне сейфа і мабільнага тэлефона, паведамляе прэс-служба міліцыя.

Аператыўнікі высветлілі, што да крадзяжу датычны 28-гадовы мясцовы жыхар. З яго слоў, ён прыйшоў дадому да знаёмага пазычыць грошай, аднак знайшоў яго і маці мёртвымі. Тады малады чалавек забраў з сабой сейф і мабільны тэлефон.

Дома ён узламаў металічную скрыню, у якой знаходзілася 20 тысяч рублёў і дзве тысячы даляраў. Каля паловы гэтай сумы патраціў на азартныя гульні, паездкі на таксі, алкаголь і раздачу даўгоў, астатняе ў яго забралі.

Першапачаткова сваю віну ў забойстве малады чалавек адмаўляў. Аднак потым яго дачыненне да злачынства ўдалося ўстанавіць.

Nashaniva.com