Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»
«Па-першае, рынку продажу сярэдняга бізнэсу ў Беларусі ўжо, у прынцыпе, няма», — сказаў «Нашай Ніве» чалавек са сферы дэвелапменту.
«У сумленным бізнэсе можа быць дзве стратэгіі: або зарабіць, або не страціць. Калі ты хочаш зарабіць і ў цябе ёсць жывыя грошы на інвестыцыі, то тое, што прадаецца ў Беларусі, табе не вельмі цікава, скажам шчыра.
Што ты тут у перспектыве заробіш ці выведзеш грошы, табе ніхто не гарантуе: рызыка і эканоміка сёння не пралічваюцца, бізнэс-планы можна напісаць толькі з вялікімі дапушчэннямі, што супярэчыць бізнэс-падыходу.
Калі ж ты жывеш па логіцы «не страціць», то тым больш у Беларусі купляць нічога не будзеш, а пакінеш грошы ў больш прыстойнай юрысдыкцыі, уклаўшы ў кансерватыўны бізнэс.
А калі паглядзець на сітуацыю вачыма прадаўца бізнэсу, то вось табе здаецца, што ў цябе ёсць кампанія, маёмасць, людзі, абароты, ты гэта ўсё ў нейкую суму ацэньваеш, але праз адсутнасць купцоў гэтыя твае лічбы і разлікі — толькі тэорыя, на практыцы памножаная на нуль.
Прадаць нешта за мільёны і дзясяткі мільёнаў даляраў у Беларусі цяпер немагчыма. Паняцце разлікаў формул для ацэнкі бізнэсу ў многіх сферах проста знікла — прадаецца ўсё па цане актываў.
Кошт зямлі з коштам будынкаў і абсталяваннем склалі разам — вось табе і ўся формула. І гэта яшчэ някепска! Таму што тады ты хоць як прадаў. Многія ніяк не могуць, бо нікому не цікава.
Заходнікі адышлі, кітайцы нічога не купляюць гістарычна — толькі будуюць самі, таму застаюцца толькі мясцовыя, якія [купляюць] амаль бясплатна», — сказаў нам дэвелапер.
Чалавек з вытворчым бізнэсам паразважаў у тым жа ключы, але з нюансамі.
«Раней бізнэс ацэньваўся ў 5—10 EBITDA. Цяпер пачынаецца ад трох, але і сама выручка падае, і EBITDA меншае. Такім чынам, можна сказаць, што калі па фармальным крытэрыі ацэньваць, то мы ў тры разы згубілі», — тлумачыць нам уласнік завода ў адной з абласцей.
«Але гэта ў тэорыі і толькі з расіянамі, таму што з заходнікамі ўжо гаварыць няма пра што», — дадае ён.
Мы спыталі таксама ў прадстаўнікоў высокатэхналагічнай вытворчасці, якія некалькі разоў у 2010-я ўжо былі ў перамовах адносна продажу завода ў Беларусі, але раней не старгоўваліся з еўрапейцамі па цане, чакаючы больш спрыяльнай кан'юнктуры.
Якія думкі цяпер?
«Цяпер нават незразумела, як сябе ацэньваць. EBITDA ў нас з «дакрызісных часоў» вырас на 20%. Па большай частцы таму, што нарасцілі долю на расійскім рынку пасля адыходу еўрапейцаў у 2022-м.
Але гэта не азначае, што цана на продаж гатовага бізнэсу вырасла сувымерна формуле або што яна ўвогуле вырасла. Чаму? Таму што цану фарміруе таксама і купец. І ніводзін наш еўрапейскі канкурэнт, які раней хацеў нас купіць, зараз гэтага не зробіць праз палітычную сітуацыю.
У Расіі ж тых, хто мог бы даць рады нашаму бізнэсу, шчыра кажучы, вобмаль — з такой жа рэнтабельнасцю можна заняцца і чым прасцейшым.
Магчыма, маглі б кітайцы, але логіка ў набыцці ўжо не зусім зразумелая, таму што разглядаць Беларусь як плацдарм для экспарту ў ЕС ужо не выпадае.
Калі прыдумаць нейкую іншую прычыну, па якой ім захочацца купіць, то вялікай чаргі з купцоў не будзе.
Таму, калі нам закарціць прадаць завод, мы самі будзем бегаць па патэнцыйных пакупніках, якія, бачачы сітуацыю, будуць выбіваць двухзначныя дысконты. То-бок прыбытак наш у беларускіх рублях расце, а цана кампаніі ў валюце падае.
Таму пакуль яшчэ можам працаваць, то працуем і глядзім, што будзе далей», — сказаў прадстаўнік тэхналагічнага бізнэсу.
Тое самае кажа старшы навуковы супрацоўнік эканамічнага цэнтра BEROC Зміцер Крук.
«Цана беларускіх кампаній моцна знізілася, па-першае, з-за кардынальнага падвышэння краінавай і іміджавай рызыкі.
Мала хто з бізнэсменаў, усведамляючы гэтую рызыку, у цвярозым стане задумаецца аб набыцці бізнэсу ў Беларусі (калі толькі ён неяк не ўбудаваны ў розныя схемы і дамовы).
Па-другое, на гэтым фоне ўзмацнілася спецыфічная рызыка: для шмат якога бізнэсу актуальнай можа быць, напрыклад, праблема недасяжнасці тэхналогій ці няздольнасць знайсці патрэбных спецыялістаў з-за міграцыі.
Для шмат якіх кампаній на фоне вайны і санкцый паменшаў і сам прыбытак ці стаў менш устойлівым.
Гэта зніжае ўжо базу, ад якой будуць «скакаць» у ацэнцы кампаніі.
Можна і паставіць пытанне: а ці ёсць цяпер наогул нейкі базіс для таго, каб гаварыць пра нармальны рынкавы механізм ацэнкі? Да санкцый і вайны можна было абапірацца на мультыплікатары прыбыткаў, але цяпер за кошт сукупнасці праблем такая ацэнка ўжо не працуе.
У апісанай сітуацыі на першы план выходзяць спецыфічныя рэчы: нейкія ноу-хау асобнай кампаніі, яе ўбудаванасць у беларускую спецыфіку, асабістае стаўленне і ацэнка купцом рызыкі і перспектыў», — кажа эканаміст.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»Чытайце таксама:
Тры кампаніі з беларускім капіталам увайшлі ў топ-20 найбуйнейшых бізнэсаў Даўгаўпілса
Чаму ў Пецярбургу масава гараць новыя аўтобусы МАЗ? Наступствы санкцый
«Штадлер Мінск» адмовіўся пастаўляць цягнікі для сталічнага метро