Адвакаты, якіх затрымлівалі. У верхнім шэрагу злева направа: Максім Знак, Настасся Лазарэнка, Віталь Брагінец. У ніжнім шэрагу справа налева: Аляксей Бародка, Юлія Юргілевіч, Аляксандр Данілевіч

Адвакаты, якіх затрымлівалі. У верхнім шэрагу злева направа: Максім Знак, Настасся Лазарэнка, Віталь Брагінец. У ніжнім шэрагу справа налева: Аляксей Бародка, Юлія Юргілевіч, Аляксандр Данілевіч

Колькасць адвакатаў у краіне змяншаецца. Так, у 2017 годзе ў сямі тэрытарыяльных калегіях працавала 2127 адвакатаў. На 1 студзеня 2022 года іх было ўжо 1872. Цяпер — каля 1650 адвакатаў. 

Па звестках праекта «Права на абарону», з 2020 года рэпрэсіі зазнала 111 адвакатаў, з крымінальным пераследам сутыкнулася 11 з іх. За кратамі ўтрымліваюць Максіма Знака, Аляксандра Данілевіча, Віталя Брагінца, Настассю Лазарэнка, Міхаіла Макарава, Аляксея БародкуЮлію Юргілевіч.

57 адвакатаў пазбавілі права на прафесію атэстацыйныя камісіі. У васьмі скасавалі ліцэнзіі за нібыта дзеянні, несумяшчальныя са званнем адваката.

Эксперты «Права на абарону» лічаць, што абедзве гэтыя працэдуры — неправамерныя. Яны несумяшчальныя з прынцыпамі незалежнасці адвакатаў і адвакатуры, згодна з якімі дзяржава не можа даваць ацэнку захавання адвакатам этычных стандартаў і яго кваліфікацыі.

Яшчэ 35 адвакатаў былі выключаныя з адвакацкай калегіі.

Рашэнні па іх прымалі дысцыплінарныя камісіі тэрытарыяльных калегій адвакатаў.

«Права на абарону» адзначае, што дысцыплінарныя органы не незалежныя. Выносячы свае пастановы, яны парушалі гарантыі справядлівага разбіральніцтва, злоўжывалі правіламі прафесійнай этыкі, а накладзеныя спагнанні не былі прапарцыянальнымі.

Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека ў каментары «Нашай Ніве» адзначыла, што з-за рэпрэсіўнай дзейнасці дзяржавы да 300 адвакатаў сышлі з прафесіі, не жадаючы працягваць практыку ў існуючых умовах, якія пагаршаюцца.

За апошнія месяцы павялічылася колькасць затрыманняў адвакатаў за нібыта «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», «лаянку ў грамадскіх месцах» або «непадпарадкаванне службовым асобам» з далейшым выключэннем іх з адвакацкіх калегій.

«Мы лічым гэта мэтанакіраванай палітыкай дзяржавы, каб пазбавіць людзей, што сутыкнуліся з палітычным пераследам, кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі», — заяўляе Асацыяцыя адвакатаў.

Рэжым абрынуўся з рэпрэсіямі на адвакатаў, бо ўбачыў у іх небяспеку. Ад адвакатаў родныя даведваліся пра стан зняволеных. Яны мелі доступ да матэрыялаў крымінальных спраў, давалі ім прававую ацэнку і да нядаўняга часу маглі выказвацца пра грамадска-палітычныя падзеі, што раздражняла рэжым. Таму ў 2020-2021 годзе публічныя выказванні былі адной з найбольш распаўсюджаных падстаў для пазбаўлення ліцэнзій.

«Адвакаты, па сутнасці, жывыя сведкі ўчынення канкрэтнымі асобамі канкрэтных злачынстваў, бо з матэрыялаў відаць, хто заводзіў тую ці іншую справу, хто вёў яе аператыўнае суправаджэнне, хто санкцыянаваў меру стрымання, хто выносіў заведама злачынны прысуд», — адзначаюць у асацыяцыі.

У ёй лічаць, што атака на прадстаўнікоў адвакацкай прафесіі скіраваная на тое, каб знішчыць рэшткі незалежнага інстытута адвакатуры. Яе кіраўніцтва ўжо нічым не адрозніваецца ад дзяржаўных службоўцаў.

«Асобныя адвакаты спрабуюць весці сябе незалежна. Розніца ў тым, што яшчэ ў 2020 гэта было масавай зʼявай, а цяпер праявы незалежнасці — асабісты подзвіг, які амаль заўсёды заканчваецца пазбаўленнем права на прафесію», — падкрэсліваюць у асацыяцыі.

Адвакаты, якія зазналі пераслед, але засталіся ў Беларусі, працуюць юрысконсультамі ці шукаюць сябе ў іншых сферах.

Некалькі дзясяткаў адвакатаў зʼехала з Беларусі. Некаторыя знайшлі сябе ў юрыдычнай прафесіі за мяжой. Іншыя сталі экспертамі для недзяржаўных арганізацый. Шмат адвакатаў працуе па справах кліентаў, падаючы скаргі ў міжнародныя інстанцыі. Некаторым давялося кардынальна памяняць сферу сваёй дзейнасці.

«Тое, што цяпер робіцца ў афіцыйнай адвакатуры, — гэта прававая катастрофа, — падкрэсліваюць у асацыяцыі. — Але мы ўпэўненыя, што сумленная адвакатура выжыве, і мы, як Асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека, будзем спрыяць абароне незалежнасці гэтага інстытута».

Беларускую асацыяцыю адвакатаў правоў чалавека заснавалі адвакаты, якіх пазбавілі права на прафесію ў Беларусі і якія вымушана пакінулі краіну. Яе дзейнасць скіраваная на тое, каб захаваць адвакатаў у юрыдычнай прафесіі, а таксама дапамагчы калегам, якія аказаліся ў цяжкім становішчы з-за пераследу дзяржавы.

Глядзіце таксама:

«Дагэтуль у бальніцы, стан сярэдняй цяжкасці». Што вядома на гэты момант пра стан Віктара Бабарыкі

Як не даць сябе зламаць? Івулін — пра гатовых і не гатовых да зоны, віну перад іншымі вязнямі і карму лукашыстаў

Рэжым маўчання: ад Сяргея Ціханоўскага тры тыдні няма ніякіх навін

Сястра Максіма Знака сышла з адвакатуры і робіць чароўную кераміку

Клас
5
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
8
Абуральна
15

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?