Калі гэтая рэліквія сапраўдная, то яна цесна звязаная з гісторыяй Мінска, заступнікам якога каталікі лічаць гэтага святога. 

Пярэдні і адваротны бок рэлікварыя з мінскага езуіцкага касцёла, выстаўленага на продаж. Фота: «Літфонд»

Пярэдні і адваротны бок рэлікварыя з мінскага езуіцкага касцёла, выстаўленага на продаж. Фота: «Літфонд»

І хоць у экспертным заключэнні згадваюцца браты-пакутнікі Святыя Прым і Феліцыян, мяркуючы па ўсім, у Мінску шанавалі зусім іншага святога — біскупа Феліцыяна Італійскага (гады жыцця — каля 158-250), які пасля пяцідзесяці гадоў біскупскага служэння ў італьянскім горадзе Фалінья быў схоплены і катаваны. Ад цяжкіх пабояў Феліцыян памёр па дарозе ў Рым, дзе яго мусілі пакараць смерцю. На месцы яго смерці была пабудавана капліца, пазней замененая на царкву. 4 кастрычніка 970 года мошчы святога былі перанесены ў нямецкі Мец. Частка мошчаў была перанесена ў Міндэн (Германія). Мошчы былі вернуты ў Фалінью ў 1673 і 1674 гадах.

Сярэбраная статуя Феліцыяна з Фалінья працы Джавані Батыста Майні. Фота: Wikimedia Commons

Сярэбраная статуя Феліцыяна з Фалінья працы Джавані Батыста Майні. Фота: Wikimedia Commons

У беларускіх крыніцах можна прачытаць, што ў Менск мошчы Святога Феліцыяна, атрыманыя ад папы Клімента XI, прывёз з Рыма ў 1700 годзе менскі ваявода Казімір Завіша. Праўда, ваяводу звалі Крыштоф Станіслаў Завіша, пасаду ваяводы ён атрымае толькі праз 20 гадоў, а тады быў толькі старастам, дый Клімент стаў папам у самым канцы 1700 года. У 1722 годзе ваявода быццам бы фундаваў дзве капліцы ў езуіцкім касцёле (цяпер Архікафедральны касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі) — у гонар Святой Тройцы і Святога Феліцыяна, але ў рэчаіснасці Завіша памёр яшчэ ў 1721. 

Менскі стараста, а пасля ваявода Крыштоф Станіслаў Завішча, якія прывёз мошчы Святога Феліцыяна і перадаў у касцёл езуітаў. Гравюра зроблена для выдання 1862 года, то-бок праз паўтара стагоддзя пасля ягонай смерці. 

Менскі стараста, а пасля ваявода Крыштоф Станіслаў Завішча, якія прывёз мошчы Святога Феліцыяна і перадаў у касцёл езуітаў. Гравюра зроблена для выдання 1862 года, то-бок праз паўтара стагоддзя пасля ягонай смерці. 

З больш надзейных крыніц вядома, што менскі стараста Крыштоф Завіша на сейміку 1694 года прапанаваў шляхце Менскага ваяводства даць па 10 грошаў «з дыма», гэта значыць, з кожнага дома, на будаўніцтва мураванага езуіцкага касцёла. Ужо ў 1700 годзе пачалося будаўніцтва святыні, якое ішло вельмі хутка і збольшага было скончана за 10 гадоў.

У 1708 годзе была скончана капліца Святога Ігната (цяпер — Святой Тройцы). А вось капліца з іншага, правага боку ад апсіды была ўзведзена толькі ў 1719—1721 гадах. Менавіта яе памылкова называюць капліцай Святога Феліцыяна, хоць у дакументах XVIII ст. яна мае назву капліцы Пана Езуса. У яе ў 1722 годзе сапраўды перанеслі рэліквіі Святога Феліцыяна. Мошчы захоўваліся ў касцёле яшчэ з 1713 года, калі біскуп Бжастоўскі ў атачэнні пышнай світы правёў абрад урачыстага ўносу рэліквіі ў храм. У новай капліцы знаходзіліся, верагодна, на менсе (стальніцы) алтара ў срэбраным рэлікварыі ў выглядзе труны, а над ім — Укрыжаванне. Алтары капліц былі выкананы са стука і аздоблены скульптурай. Скульптура святога была пастаўлена і перад самім касцёлам. 

Комплекс будынкаў паезуіцкага кляштара на малюнку Напалеона Орды сярэдзіны XIX стагоддзя.

Комплекс будынкаў паезуіцкага кляштара на малюнку Напалеона Орды сярэдзіны XIX стагоддзя.

Варта адзначыць, што будаўніцтва езуіцкага касцёла па часе супадае з Паўночнай вайной, якая ішла з лютага 1700 па верасень 1721 года. У часе вайны праз горад некалькі разоў у 1706—1708 і 1720 гадах праходзілі расійскія і шведскія войскі. У 1708 годзе ў Менску была маравая пошасць і вялікі пажар. Гэтыя падзеі адбіваліся на ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця горада нават у сярэдзіне XVIII ст. Таму цалкам верагодна, што з’яўленне мошчаў Святога Феліцыяна ў народнай свядомасці звязалася з завяршэннем ваенных ліхалеццяў.

У любым выпадку ў хуткім часе культ Феліцыяна здабыў вялікую папулярнасць сярод месцічаў, святы стаў лічыцца апекуном Менска. Нават сцвярджаецца, што езуіцкі касцёл займеў другую назву — у імя Святога Феліцыяна, а дзень па­мя­ці свя­то­га адзна­чаў­ся з тых ча­соў як га­рад­ское свя­та. Мясцовы культ адбіўся і на гарадской тапаніміцы: вуліца, якая праходзіла за езуіцкім касцёлам, стала называцца Феліцыянаўскай, за савецкім часам яе, вядома, перайменавалі ў шараговую Камсамольскую вуліцу.

Капліца Пана Езуса, завершаная вежай з купальным скляпеннем, захавалася да нашага часу па правы бок ад апсіды. З XVIII стагоддзя праз яе касцёл злучаны з суседнім будынкам кансісторыі.

Вежа над капліцай, у якой захоўваліся мошчы Св. Феліцыяна. Фота: Wikimedia Commons

Вежа над капліцай, у якой захоўваліся мошчы Св. Феліцыяна. Фота: Wikimedia Commons

У 1773 г. ордэн езуітаў папскім указам быў распушчаны. Езуіцкі касцёл у Менску стаў прыхадскім. Спадчына езуітаў аказалася надзвычай своечасовым падарункам. Расцягвалі не толькі землі, але і касцельнае серабро, якім пазней аздаблялі парадную конскую збрую. У 1775 годзе спрабавалі нават дабрацца да срэбнай труны святога Феліцыяна ў менскім касцёле, супраць чаго генерал Казімір Завіша, нашчадак Крыштофа Станіслава, выказаў пратэст у лісце, поўным горычы і папрокаў у адрас члена менскага аддзялення Адукацыйнай камісіі, на якога ён усклаў увесь агідны цяжар намеру. Пратэст Завішы меў вынікі, бо каштоўны саркафаг застаўся ў касцёле на сваім месцы.

Цяперашні выгляд капліцы. Фота: Wikimedia Commons

Цяперашні выгляд капліцы. Фота: Wikimedia Commons

У 1798 г. пры расійскім імператары Паўле I папа Пій VI зацвердзіў стварэнне Мінскай дыяцэзіі. Яе кафедрай стаў паезуіцкі касцёл на Высокім рынку, а першым біскупам прызначаны Якуб Ігнат Дадэрка. Ён прыклаў вялікія намаганні для адбудовы і аздаблення мінскага касцёла, так што зусім не выпадкова, што на сценах капліцы захавалася ягоная інскрыпцыя, датаваная 1799 годам. У час вайны 1812 года біскуп праявіў лаяльнасць да Напалеона, які абяцаў адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага, за што пасля быў высланы царскімі ўладамі з Мінска.

Інскрыпцыя біскупа Якуба Дадэркі ў капліцы, дзе захоўваліся мошчы святога. Яго ж пячатка стаіць на адваротным боку рэлікварыя, выстаўленага на аўкцыён. Фота: Wikimedia Commons

Інскрыпцыя біскупа Якуба Дадэркі ў капліцы, дзе захоўваліся мошчы святога. Яго ж пячатка стаіць на адваротным боку рэлікварыя, выстаўленага на аўкцыён. Фота: Wikimedia Commons

Паводле апісання Мінскага кафедральнага касцёла, зробленага пісьменнікам Ігнатам Ходзькам у 1845 годзе, у бакавой капэле правага нефа на каменным алтары з ляпнінай у сярэбранай труне (відавочна, невялікіх памераў) на алтары знаходзіліся мошчы Святога Феліцыяна Мучаніка, патрона Мінска.

Срэбная труна-рэлікварый Святога Феліцыяна на здымку 1911 года. Фота: Tygodnik Wileński. Nr. 13

Срэбная труна-рэлікварый Святога Феліцыяна на здымку 1911 года. Фота: Tygodnik Wileński. Nr. 13

Апошні раз мошчы згадваюцца ў 1921 годзе, калі савецкія ўлады адымалі ў храмаў усе вырабы з золата і срэбра (царкоўнае начынне, шаты абразоў і да т.п.). У Мінскім касцёле было вынята і «срэбра з труны св. Феліцыяна».

Пра гэта згадваецца ў публікацыі пра «антысавецкі працэс» у Мінску ў 1922 годзе. Канфіскацыя царкоўных каштоўнасцяў савецкімі ўладамі у першай палове 1922 года насіла масавы характар і праходзіла пад маркай быццам барацьбы з масавым голадам у Паволжы і іншых рэгіёнах.

Кампанія выклікала больш за 1400 выпадкаў крывавых сутыкненняў, а таксама 231 судовы працэс. Ніякіх галодных Паволжжа царкоўным дабром не накармілі. Большая частка каштоўнасцяў была пераплаўлена, а атрыманыя з продажу грошы пайшлі на правядзенне самой кампаніі па іх канфіскацыі: антыцаркоўную агітацыю, тэхнічнае забеспячэнне (транспарт, грузчыкі, пакавальныя матэрыялы і да т.п.), звышкаштарысныя асігнаванні і г.д. Частка каштоўнасцяў была папросту раскрадзена. Магчыма, да іх ліку належыць і фрагмент рэлікварыя з машчамі Святога Феліцыяна.

Мінская архікафедра ў пачатку XX стагоддзя і ў 1940-х гадах, ужо пасля разрабавання камуністамі. Фота: Wikimedia Commons

Мінская архікафедра ў пачатку XX стагоддзя і ў 1940-х гадах, ужо пасля разрабавання камуністамі. Фота: Wikimedia Commons

Да лота прыкладзена экспертнае заключэнне Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, падпісанае мастацтвазнаўцамі Аленай Карпенка, Надзеяй Усавай, Юліяй Загорскай, паводле якога «прадстаўлены на экспертызу рэлікварый мае гістарычную, культурную і музейную каштоўнасць». На экспертызу была прадстаўлена толькі верхняя частка рэлікварыя, ніжняя не захавалася. Падстаўка, на якой ён прадстаўлены ў лоце, відавочна, была ўзятая ад іншага рэлікварыя.

Пярэдні бок рэлікварыя з машчамі Св. Феліцыяна. За шкло ўкладзены папяровыя стужачкі з надпісамі «S. Feliciani M» і «In Eccl Minsc.». Фота: «Літфонд»

Пярэдні бок рэлікварыя з машчамі Св. Феліцыяна. За шкло ўкладзены папяровыя стужачкі з надпісамі «S. Feliciani M» і «In Eccl Minsc.». Фота: «Літфонд»

Паводле заключэння экспертаў рэлікварый быў выкананы ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзя ў выглядзе глорыі з круглым шкляным акенцам па цэнтры, акружаным стылізаванымі залатымі прамянямі. Завершана яна скразной каронай, увянчанай чатырохканцовым крыжам. За шкляным акенцам цыліндрычная пасудзіна, у якой, верагодна, знаходзіцца часціца мошчаў. Пра гэта сведчаць укладзеныя за шклом дзве папяровыя стужачкі з надпісамі «S. Feliciani M» і «In Eccl Minsc.», і захаваная на адваротным баку пацвярджальная чырвоная сургучная пячатка мінскага біскупа Якуба Ігнацыя Дадэркі, які аздобіў касцёл і капліцу.

Адваротны бок рэлікварыя з сургучнай пячаткай біскупа Якуба Дадэркі. Фота: «Литфонд»

Адваротны бок рэлікварыя з сургучнай пячаткай біскупа Якуба Дадэркі. Фота: «Литфонд»

Спецыялісты, аднак, заўважаюць, што кошт фрагментарна захаванай рэліквіі на аўкцыёне завышаны ў дзясяткі разоў. Таксама застаюцца вялікія сумневы ў сапраўднасці артэфакта, бо акрамя ўжо згаданай сярэбранай труны ніякія іншыя рэліквіі, у якіх бы захоўваліся мошчы святога ў мінскай архікафедры, не згадваюцца. А экспертнае заключэнне зроблена выключна на паставе візуальнага агляду і стылістычных асаблівасцях артэфакта. У пачатку гэтага года ў сеціве ўжо з’яўляліся «мошчы Ефрасінні», якія быццам бы захоўваліся ў біскупа Баляслава Слосканса, але хутка выявілася, што гэта грубая падробка. 

Больш дакладныя вынікі дало б тэхніка-тэхналагічнае даследаванне, якое б магло вызначыць прыкладнае датаванне вырабу і пацвердзіць праўдзівасць біскупскай пячаткі. Ці то праз яе высокі кошт, ці то праз адсутнасць спецыялістаў, такая экспертыза не была праведзена.

Універсал караля Жыгімонта I Старога да бурмістра і месцічаў Менска ад 8 снежня 1522 г. Фота: «Літфонд»

Універсал караля Жыгімонта I Старога да бурмістра і месцічаў Менска ад 8 снежня 1522 г. Фота: «Літфонд»

Акрамя рэліквіі Св. Феліцыяна з беларускіх старажытнасцей на аўкцыёне прадстаўлены ўніверсал караля Жыгімонта I Старога, напісаны кірылічным скорапісам, у якім ён звяртаецца да бурмістра і месцічаў Менска ад 8 снежня 1522 г. у сувязі з тым, што «архімандрыт менскі святога Узнясення [Узнясенскага манастыра] Серапіён» скардзіўся ў каралеўскую канцылярыю на менскіх месцічаў, якія ўзялі за звычку карыстацца ў асабістых мэтах падводамі, якія належаць манастыру, ігнаруючы супраціўленне манастырскіх людзей. Дакумент папярэдне ацанілі ў 6500 еўра.

Тытульны аркуш Берасцейскай Бібліі, выстаўленай таксама на продаж. У Беларусі захоўваецца ўсяго 3 асобнікі гэтага выдання. Фота: «Литфонд»

Тытульны аркуш Берасцейскай Бібліі, выстаўленай таксама на продаж. У Беларусі захоўваецца ўсяго 3 асобнікі гэтага выдання. Фота: «Литфонд»

Іншая каштоўнасць — Радзівілаўская Біблія (Берасцейская), помнік беларускага кнігадрукавання XVI стагоддзя, другі поўны пераклад Святога Пісьма на польскую мову, выдадзены на сродкі кальвініста Мікалая Радзівіла Чорнага ў 1563 годзе. Яго плануюць прадаць за 98 тысяч еўра. Радзівілаўская Біблія з’яўляецца самай вялікай і багата аформленай друкаваная кнігай XVI стагоддзя ў Беларусі. Праз тое, што многія асобнікі Бібліі былі ў свой час знішчаны палымянымі каталікамі, яна стала сапраўднай бібліяграфічнай рэдкасцю. У Беларусі захоўваецца ўсяго 3 асобнікі Бібліі, у той час як у кнігасховішчах Расіі і Літвы — каля 20 асобнікаў.

Дакладна невядома, дзе цяпер знаходзіцца рэліквія з машчамі Св. Феліцыяна, выстаўленая на аўкцыён, але маючы такое заключэнне аб яе каштоўнасці ад мастацтвазнаўцаў, яе вываз за мяжу выглядае незаконным і амаральным. Хацелася б, каб Міністэрства культуры Беларусі ўсё ж зацікавілася гэтым выпадкам і прадухіліла чарговае разрабаванне беларускай культурнай спадчыны.

Чытайце таксама:

У Мінску могуць зачыніць яшчэ адзін касцёл?  

У палацы першага беларускага арнітолага будзе музей. З пастаўскай рэзідэнцыі Тызенгаўзаў нарэшце з'едзе бальніца

На беларускім сайце выстаўленае на продаж яўрэйскае надмагілле 

У Шаркаўшчыне зноў прадаюць старую панскую сядзібу 

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
8
Сумна
19
Абуральна
44

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?