Сяргей Бульба. Фота: фэйсбук Сяргея Бульбы

Сяргей Бульба. Фота: фэйсбук Сяргея Бульбы

На мінулым тыдні ў Варшаве разгарэўся скандал вакол Беларускага моладзевага хаба. Ранейшая каманда (на чале з Аляксандрам Лапко), якая займалася арганізацыяй мерапрыемстваў для беларусаў у Польшчы, 2 жніўня апынулася фактычна на вуліцы. Новым кіраўніком арганізацыі ў выніку папяровых кульбітаў стаў 56-гадовы Сяргей Бульба. Ад таго часу дзейнасць хаба на паўзе.

З гэтай прычыны свой зварот падрыхтаваў «Белы Легіён», стваральнікам якога быў Бульба.

Арганізацыя падкрэслівае, што ў свой час стваралася дзеля патрыятычнага выхавання і вайсковай падрыхтоўкі беларускай моладзі.

«Апошнія гады дзейнасць нашай арганізацыі перастала насіць публічны характар, асабліва пасля палітычна матываванай, сфабрыкаванай рэжымам «Справы патрыётаў» у 2017 годзе, калі з-за адной толькі прыналежнасці да «Белага Легіёну» людзей кідалі за краты і прыдумлялі абвінавачванні. Аднак сябры «Белага Легіёна» працягвалі і працягваюць годна рабіць усё магчымае, каб наблізіць увасабленне нашай агульнай мары — вольнай, незалежнай, прававой, беларускай дзяржавы Беларусь: не складаюць рук у самой краіне, а таксама, ахвяруючы сабой, бароняць свабоду і незалежнасць Украіны.

Маральным аўтарытэтам, лідарам і фактычным кіраўніком «Белага Легіёна» апошнія гады быў Міраслаў Лазоўскі, які гераічна загінуў у Бахмуце (Украіна), змагаючыся з расейскай імперскай агрэсіяй у складзе батальёна «Волат» Палка Каліноўскага», — пішацца ў звароце.

«Белы Легіён» падкрэслівае, што не быў удзельнікам аніякіх працэсаў расколу і лічыць партнёрам кожнага, хто падзяляе іх погляды і прынцыпы. 

«На жаль, напрацаваны гадамі станоўчы імідж «Белага Легіёна» апошнім часам незаслужана цярпіць ад дзейнасці яго асобных сяброў, таму Галоўны штаб «Белага Легіёна» лічыць важным патлумачыць шырокай грамадскасці наступнае.

Мы цэнім і паважаем усё, што было зроблена за папярэднія часы Сяргеем Бульбам як ініцыятарам і заснавальнікам «Белага Легіёна». Шмат гадоў ён годна сваёй дзейнасцю і асабістым прыкладам дэманстраваў найлепшыя якасці шчырага патрыёта, які сваё жыццё аддаваў вайскова-патрыятычнаму выхаванню і змаганню за незалежнасць Беларусі.

Апошнім часам Сяргей Бульба заняўся актыўнай публічнай дзейнасцю, утварыў і ачоліў некалькі арганізацый. Больш за тое, ён, не прыслухоўваючыся да меркавання пабрацімаў, стаў актыўным удзельнікам працэсаў вакол Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве, што прывяло да знішчэння гэтага папулярнага беларускага асяродку і стратаў для іміджу беларускай супольнасці ў Польшчы агулам.

Мы не маем ніякага дачынення да цяперашняй дзейнасці Сяргея Бульбы як вайсковага эксперта і грамадскага актывіста, да створаных або ачоленых ім арганізацый. Гэтая дзейнасць ніякім чынам не звязаная з уласна «Белым Легіёнам», не адлюстроўвае ні нашых поглядаў, ані прынцыпаў нашай структуры», — гаворыцца ў звароце.

Клас
71
Панылы сорам
25
Ха-ха
4
Ого
6
Сумна
7
Абуральна
9