Украінцы паказалі сваю гатоўнасць пакласці душу і цела за сваю свабоду. Украіна не толькі спыніла ўварванне куды больш моцнага ворага, але і вызваліла значную частку сваёй тэрыторыі.

Аднак вайна пераходзіць у новую стадыю: пазіцыйная вайна, статычныя баі на знясіленне, як у Першую сусветную. Такая вайна дае Расіі перавагу, дазваляючы ёй аднавіць сваю баяздольнасць і пагражаць украінскай дзяржаве. Якое выйсце?

Базавае ўзбраенне, такое як ракеты і снарады, застаецца незаменным. Але УСУ патрэбныя новыя магчымасці і тэхналогіі, каб прарвацца ў такой вайне.

5 ключавых прыярытэтаў

1. Паветра

Кантроль неба незаменны для шырокамаштабных наземных аперацый. У пачатку вайны ў нас было 120 самалётаў. Але толькі траціна з іх магла лётаць.

ВКС РФ таксама панеслі вялікія страты. Мы знішчылі 550 расійскіх сістэм СПА. І ўсё яшчэ Расія мае значную перавагу над намі, пры гэтым фарміруючы новыя эскадрыллі.

Частку функцый авіяцыі ўзялі на сябе расійскія дроны — разведка і ўдары. Дроны павінны быць і нашым адказам таксама. Мноства дронаў для масіраваных удараў, уключаючы падманкі, каб перагружаць СПА.

Мы павінны паляваць на расійскія дроны з дапамогай абсталявання, якое выкарыстоўвае сеткі. Выкарыстоўваць падманкі-эмітары сігналаў, якія будуць прыцягваць расійскія крылатыя бомбы. І мы павінны асляпляць тэрмальныя камеры расійскіх дронаў, выкарыстоўваючы страбаскопы.

2. Электронная барацьба

Гэта ключ да перамогі ў вайне дронаў. Расія мадэрнізавала свае сродкі РЭБ на працягу апошняга дзесяцігоддзя. Яна апярэджвае нас у гэтай галіне. 65% нашых сістэм РЭБ былі зроблены ў часы СССР. Мы пабудавалі шмат уласных сістэм РЭБ. Але нам таксама трэба больш доступу да электроннай разведкі саюзнікаў, уключаючы інфармацыю ад сігнальнай разведкі. Трэба пашыраць вытворчасць сістэм РЭБ за мяжой.

3. Контрбатарэйка, каб перамагчы артылерыю ворага

У гэтай вайне, як і ў многіх мінулых, 60-80% ваенных задач выконвае артылерыйскі і ракетны агонь.

Калі ў нас толькі з'явілася заходняе ўзбраенне, мы былі вельмі паспяховыя ў выяўленні і паражэнні расійскай артылерыі. Але эфектыўнасць тых жа «Экскалібураў», высокадакладных снарадаў з GPS-навядзеннем, упала, бо Расія навучылася змагацца з імі сродкамі РЭБ.

Расійская контрбатарэйка таксама палепшылася. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі «Ланцэты», якія, працуючы ў звязцы з разведвальным дронамі, паляпшаюць дакладнасць расійскіх снарадаў.

Нягледзячы на грэблівае стаўленне некаторых вайсковых аналітыкаў, мы не можам недаацэньваць эфектыўнасць расійскага ўзбраення і разведкі. На гэты момант нам удалося дасягнуць парытэту за кошт дакладнасці. Але так можа быць не заўсёды. Нам трэба будаваць свае GPS-палі, якія будуць працаваць па антэнах, а не па спадарожніках, каб змагацца з расійскімі станцыямі пастаноўкі перашкод. Нам трэба яшчэ больш дронаў-камікадзэ, каб біць па расійскай артылерыі. Нам трэба больш сродкаў артылерыйскай разведкі ад нашых партнёраў.

4. Размініраванне

У нас было абмежаванае і састарэлае абсталяванне для размініравання ў пачатку гэтай вайны. Але нават паставак нарвежскіх інжынерных танкаў і ракетных прылад размініравання аказалася недастаткова для маштабаў расійскіх мінных палёў, якія месцамі суцэльным шэрагам пралягаюць на 20 кіламетраў. А калі нам удаецца прарваць гэтыя палі, Расія хутка мініруе іх зноў з дапамогай сістэм дыстанцыйнага мініравання.

Адказам могуць стаць тэхналогіі. Нам патрэбныя радарныя сэнсары, якія выпускаюць светлавыя прамяні, каб распазнаць міны на зямлі. Нам патрэбныя дымавыя сістэмы, каб хаваць працэс размініравання.

5. Рэзервы

Расія не змагла атрымаць перавагу з яе вялізнага чалавечага рэсурсу, бо Пуцін баіцца, што ўсеагульная мабілізацыя можа распаліць палітычны крызіс, а таксама таму, што Расія не можа навучыць і экіпіраваць дастатковую колькасць людзей. Аднак нашыя магчымасці па навучанні на сваёй тэрыторыі таксама абмежаваныя. Мы не можам проста так губляць салдат на фронце. Акрамя таго, Расія можа біць па нашых цэнтрах навучання.

І ў нас ёсць дзіркі ў заканадаўстве, якія дазваляюць грамадзянам касіць ад сваіх абавязкаў. Мы спрабуем выправіць гэтыя праблемы. Мы ўводзім адзіны рэестр прызыўнікоў. Мы павінны пашырыць катэгорыі грамадзян, якіх можна прызваць. Мы ўводзім такое паняцце, як «баявая інтэрнатура», па якой мабілізаваныя будуць трапляць у вопытныя падраздзяленні, дзе будуць праходзіць падрыхтоўку.

Расію нельга недаацэньваць. Яна панесла вялікія страты і выдаткавала мноства боепрыпасаў. Але ў яе будзе перавага ва ўзбраенні, абсталяванні, ракетах і амуніцыі праз некаторы час. Яе абаронная індустрыя павялічвае вытворчасць, нягледзячы на беспрэцэдэнтныя санкцыі.

Нашы партнёры з НАТА таксама значна павялічваюць вытворчасць. Але гэта зойме як мінімум год, а калі казаць пра авіяцыю і сістэмы кіравання — то і ўсе два.

Нам таксама трэба сфакусавацца на больш сучасных сістэмах кіравання, каб мы маглі лепш за Расію візуалізаваць поле бою і прымаць рашэнні хутчэй, рацыяналізуючы нашу лагістыку і разбіваючы расійскую лагістыку дальнабойнымі ракетамі. Інавацыйныя падыходы могуць зноў вярнуць гэтую вайну з пазіцыйнага рэчышча ў манеўранае.

Чытайце таксама:

Сахашчык — пра Залужнага, Хрэніна, Пракоп’ева і пра тое, як ледзь не загінуў пад «Іскандэрам». Новы «Ток»

Украінскі Генштаб ускосна пацвердзіў паведамленні аб новым дэсанце на левы бераг Дняпра

Расійская армія вядзе масіраваны штурм Аўдзееўкі. Што там адбываецца і чаму гэта важна

«Мы закопваемся жыўцом у зямлю, каб прыняць смерць». Як байцы ўкраінскага ГУР выконваюць свае спецаперацыі

ЗША дадуць Кіеву дальнабойныя ракеты ATACMS. Што вядома і чаму гэта важна

Клас
53
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
11
Абуральна
3