Фота: instagram

Фота: instagram

Лізавета Пяскова — адна са многіх сваякоў расейскіх чыноўнікаў, якія «пакутавалі» ў загніваючай Еўропе, пакуль Крэмль з ёю змагаўся.

У нядаўнім інтэрв'ю аднаму з прапагандысцкіх расейскіх СМІ Пяскоў сказаў, што 25-гадовая Елізавета «мажорам» ніколі не была.

«У яе было вельмі няпростае жыццё, няпростая вучоба, не толькі ў Расіі, яна вучылася яшчэ і ў Францыі, і яна заўсёды жыла там вельмі бедна, у вельмі спартанскіх умовах, і, уласна, ніколі не была мажорам. Ёй прыйшлося пераадольваць вялікую колькасць цяжкасцяў, яна доўга шукала сябе, і дзякуй богу, што цяпер устаканілася і ўсё нармальна», — заявіў Пяскоў. 

Паводле ягоных слоў, такое выхаванне дае само жыццё, калі даводзіцца пераадольваць нейкія цяжкасці: «Адна справа, ты сапраўды мажор, жыруеш там і гэтак далей, калі табе няма да чаго імкнуцца;

а іншая справа, калі табе трэба кожны дзень пераадольваць нейкія праблемы: дзе табе жыллё танней зняць, як табе заашчадзіць грошы, каб тамака ў канцы месяца сабе новыя джынсы купіць і гэтак далей. Тады быў іншы час, але вельмі і вельмі ў спартанскіх умовах гэта ўсё адбывалася».

The Times напамінае некаторыя дэталі з цяжкага жыцця Елізаветы Пясковай. Яна пераехала ў Парыж са сваёй маці, Кацярынай Салацінскай, пасля разводу бацькоў і пражыла там некалькі гадоў. Яна вучылася ў французскай школе-інтэрнаце, вывучала права і міжнародныя адносіны і нават працавала стажоркай ва ўльтраправага французскага члена Еўрапарламента ў Страсбургу і Бруселі.

Любоў Собаль, паплечніца зняволенага Аляксея Навальнага, адрэагавала ў сацыяльных сетках, апублікаваўшы фатаграфію Пясковай, якая сядзіць у прыватным самалёце з подпісам: «Спартанскія ўмовы паводле паталагічнага хлуса Пяскова».

Фота: instagram

Фота: instagram

У 2016 годзе былая жонка Пяскова Салацінская напісала ў сацыяльных сетках, што пераехала ў новую кватэру на плошчы Віктора Гюго ў цэнтры Парыжа.

Расследаванне Фонда па барацьбе з карупцыяй, які ўзначальваў Навальны, паказала, што кватэру за 1,8 мільёна еўра для Салацінскай набыла французская кампанія Sirius, 75% акцый якой належалі Салацінскай і 25% — Пяскову. Апартаменты маюць плошчу каля 180 квадратных метраў, уключаючы 4 спальні і 3 санвузлы.

Відэа пра жыллё сваякоў Пяскова публікаваў украінскі дэпутат Аляксей Ганчарэнка.

Сам жа Пяскоў, які паводле афіцыйных даных за 2020 год зарабіў 173 тыс. даляраў, быў заўважаны пры гэтым з гадзіннікам за 600 тыс. даляраў, напамінаюць «Факти». Па даных ФБК, жонка, былая жонка і дзеці Пяскова валодаюць раскошнымі транспартнымі сродкамі і шматмільённымі дамамі па ўсім свеце, уключаючы Расію і Францыю.

Летась ЗША і Еўрасаюз увялі санкцыі, пад якія сярод іншых патрапілі таксама і дачка і сын Пяскова. ЗША заявілі, што тыя вялі «раскошны лад жыцця, які не адпавядае заробку дзяржслужачага Пяскова». Сам Пяскоў распавядаў тады, што яго дачка «вельмі любіць Францыю», дзе доўга жыла і вучылася, але быццам ужо шмат гадоў таму пераехала назад у Маскву, дзе зараз жыве і працуе.

Варта адзначыць, што першапачаткова Ліза Пяскова дэманстравала прыкметы здаровага сэнсу і на сваёй старонцы ў адной з сацсетак адрэагавала на поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну фразай «Не вайне», піша УНІАН. Аднак потым допіс з сацсеткі быў выдалены.

Сама Елізавета, каментуючы санкцыі, назвала вар’яцтвам «уводзіць санкцыі ў дачыненні да дарослых дзяцей». Дарослыя дзеці чыноўнікаў, накшталт яе самой, «ужо даўно вядуць сваё асабістае і прафесійнае жыццё», падкрэсліла яна і заклікала «спыніць паляванне на ведзьмаў».

«Хацелася б дадаць, што я ганаруся тым, што я руская», — дадала Елізавета.

Чытайце таксама:

Пяскоў: Расію немагчыма перамагчы на полі бою

15-гадоваму сыну Кадырава ўручылі ордэн ад Карачаева-Чаркесіі. Учора ён атрымаў прэстыжную ўзнагароду Татарстана

Клас
7
Панылы сорам
12
Ха-ха
58
Ого
3
Сумна
6
Абуральна
16