Фота: Sergei Guneyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP, File

Фота: Sergei Guneyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP, File

— Апошнія тыдні зноў ажывіліся размовы на тэму, ці будзе вылучацца Аляксандр Лукашэнка на прэзідэнцкіх выбарах 2025 году. Хоць, здавалася б, тут усё відавочна, аднак некаторыя аглядальнікі мяркуюць, што гэтага можа не адбыцца — з розных прычынаў, у тым ліку праз стан здароўя Лукашэнкі. Як вы ставіцеся да такіх версій?

— Я асабіста не бачу ніякіх прыкметаў транзіту, то бок падрыхтоўкі перадачы ўлады ад Лукашэнкі да кагосьці іншага. Усё ж транзіт патрабуе пэўнай інстытуцыйнай падрыхтоўкі, зменаў у сэнсе канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, іншых падрыхтоўчых дзеянняў, якія немагчыма было б не заўважыць.

Нічога такога мы не бачым, роля самога Лукашэнкі толькі ўзрасла, ён нават яшчэ больш сканцэнтраваў прыняцце ключавых рашэнняў у сваіх руках. Хутчэй за ўсё, ён узначаліць Усебеларускі народны сход, і мы пабачым яшчэ большую канцэнтрацыю ўлады ў адных руках.

— Пасля падзеяў жніўня 2020 году самі ўлады ў Беларусі загаварылі пра непазбежнасць транзіту (Лукашэнка заяўляў пра магчымасць датэрміновых выбараў). На гэтым нібыта настойвала і Масква. У лютым 2022-га была прынятая новая Канстытуцыя, якая мяняла структуры ўлады. А цяпер аказваецца, што гэта ўсё не замінае працягваць аднаасобную ўладу Лукашэнкі. Гэта адбылося таму, што змянілася сітуацыя ў выніку вайны Расеі супраць Украіны? Ці так адпачатку было задумана?

— Думаю, так і было задумана. Калі Расея і спрабавала неяк праціснуць змену канфігурацыі ўлады ў Беларусі, то гэта працягвалася да лета-восені 2021 года. Пасля гэтага Крэмль, відаць, ужо канчаткова вырашыў, што будзе ваяваць з Украінай, таму ўжываць нейкую складаную сістэму трансфармацыі ўлады ў Беларусі патрэба адпала. Ім трэба, каб быў надзейны партнёр, з якім можна вырашаць пытанні ўдзелу ў вайне.

Я не думаю, што пасля гэтага, з восені 2021 году, ужо засталіся нейкія знешнія чыннікі, якія маглі стрымліваць Лукашэнку. Трэба нагадаць, што першы варыянт Канстытуцыі, прапанаваны канстытуцыйнай камісіяй, быў, умоўна кажучы, дастаткова ліберальны, прадугледжваў большы падзел улады, змяншэнне ролі прэзідэнта ў палітычнай сістэме.

Але ў пэўны момант траекторыя працы над праектам Канстытуцыі катэгарычна змянілася, і была прыдумана такая — дастаткова экзатычная — мадэль, якая невядома як будзе працаваць, калі з яе выняць Аляксандра Лукашэнку. Яна напісаная канкрэтна пад яго і дае яму дастаткова вялікае поле для манеўру. Лукашэнка мог застацца прэзідэнтам і кагосьці прызначыць старшынёй Усебеларускага народнага сходу. Але ён можа, застаючыся прэзідэнтам, адначасова стаць сам старшынёй УНС.

То бок дызайн Канстытуцыі прадугледжвае розныя сцэнары. Але ўсе сцэнары так званага «транзіту» маюць пэўныя рызыкі. І я не бачу ніякіх прыкметаў таго, што рыхтуецца варыянт «транзіту». Тут яшчэ ёсць і аргумент: усе назіралі (у тым ліку Лукашэнка) прыклады няўдалых транзітаў у іншых краінах — Казахстане, Туркменістане. Плюс вайна, крызіс. І, думаю, на гэтым фоне будзе сказана: паколькі крызіс, вайна, то ў такой сітуацыі не варта нічога мяняць.

— Аглядальнікі звяртаюць увагу на публічную актыўнасць некаторых чыноўнікаў, такіх як Качанава, Карпянкоў, якую некаторыя схільныя тлумачыць падрыхтоўкай да рэальнасці пасля Лукашэнкі. Ці можа гэтая актыўнасць самім Лукашэнкам успрымацца як нелаяльнасць, ці яна адбываецца ў рамках дазволенага?

— Усе гэтыя развагі базуюцца на тым, што нам паказваюць афіцыйныя СМІ. Але мы мусім улічваць, што ў гэтыя СМІ трапляе далёка не ўся актыўнасць наменклатуры і чыноўнікаў. Трэба разумець, што рэальная палітычная вага не роўная частаце згадвання ў прэсе. Я думаю, з Карпянковым, напрыклад, менавіта такая сітуацыя.

Таму я б прапанаваў звяртаць увагу на інстытуцыйныя змены, звязаныя з пераразмеркаваннем паўнамоцтваў, з'яўленнем новых функцыяў. І калі глядзець на гэта, то не бачна прыкметаў падрыхтоўкі да таго, каб некаму аддаваліся большыя паўнамоцтвы.

Тыя людзі, якія цяпер знаходзяцца ў сістэме, абавязаныя дэманстраваць абсалютную лаяльнасць. Калі яшчэ да 2020 году можна было адчуваць сябе больш-менш вольна, то цяпер трэба не толькі цалкам падпарадкоўвацца, але яшчэ і ўгадваць жаданні Аляксандра Лукашэнкі.

І кожны разумее, што не можа дэманстраваць палітычныя амбіцыі. Ён тэарэтычна можа быць абраны «пераемнікам», але не можа публічна працаваць на тое, каб стаць пераемнікам. Гэта прынцыповы момант, які варта ўлічваць. Людзі ў сістэме разумеюць, што яны не павінны ў гэтых пытаннях праяўляць ніякай ініцыятывы, не павінны дэманстраваць ніякіх планаў, амбіцыяў, а могуць толькі паказваць гатоўнасць выканаць тое, што ім будзе даручана.

— Але няўжо ва ўладзе няма ніякага сцэнару на той выпадак, калі Лукашэнка не здолее выконваць свае функцыі — хаця б паводле стану здароўя? Ці нават сама пастаноўка такога пытання будзе ўспрымацца як крамола?

— Я схіляюся да другога сцвярджэння. Ва ўладзе крамольна пра гэта думаць, бо сама пастаноўка гэтага пытання будзе нараджаць змрочныя думкі ў Лукашэнкі.

Калі сур’ёзна — я не думаю, што такі план ёсць. Бо яго ніхто не можа прапанаваць ці распрацоўваць, акрамя самога Лукашэнкі. А ён, як выглядае, не хоча пра такое думаць. У аўтарытарных рэжымах мы дастаткова часта назіралі, як правіцель кіруе, не думаючы пра тое, што будзе пасля яго.

— Тым не менш, чыста абстрактна — якія крытэры могуць быць галоўнымі ў пэўных умовах для выбару той асобы, якая можа стаць «пераемнікам»?

— Па-першае, гэты чалавек павінен быць максімальна блізкі самому Лукашэнку і таму разумець усе рэальныя палітычныя расклады, бо гэта сфера вельмі непразрыстая. І, вядома, не выклікаць ніякіх падазрэнняў у самога Лукашэнкі, што ён можа праводзіць нейкую сваю лінію. Ён павінен разумець, на каго можна націснуць, з кім можна дамовіцца — але пры гэтым не выклікаць падазрэння ў нелаяльнасці.

Другі найважнейшы чыннік — гэта падтрымка Масквы: ён павінен быць прымальны для Крамля. Не павінен выклікаць у Расеі ніякіх сумневаў у тым, што калі яго падтрымаць, то ў сэнсе стаўлення да Расіі ўсё застанецца як ёсць.

Чытайце таксама:

У законе падрабязна прапісалі гарантыі Лукашэнку на пенсіі. Ці значыць гэта, што ён сабраўся саступіць уладу?

Як у Беларусі могуць адбыцца перамены? Апазіцыя разглядае чатыры варыянты

Ці можа Лукашэнка аддаць уладу ў 75 гадоў?

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
7
Абуральна
4