Сабралі яшчэ некалькі гісторый беларусаў пра пошукі сваяцтва ў блізкім і далёкім замежжы (спойлер — не ўсе задаволеныя вынікамі) і папрасілі генетыка падзяліцца сваім меркаваннем наконт такіх ДНК-тэстаў.

Беларуска Мая атрымала ДНК-тэст у якасці падарунка на Новы год: базавы пакет вядомага сэрвісу 23andMe разам з дастаўкай абышоўся амаль у 100 даляраў з улікам зніжкі.

Тэст абяцаў даведацца, «як размяркоўваецца ДНК па 2750 з лішнім рэгіёнах свету, дзякуючы самаму поўнаму аналізу продкаў на рынку, і як уплывае на рысы твару, смак, пахі». Больш дарагія пакеты абяцалі дапамагчы даведацца пра рызыкі развіцця хвароб.

«Агулам другая прапанова па здароўі адразу выклікала ў мяне шмат пытанняў. Рэч у тым, што перад замовай тэсту ты запаўняеш вельмі падрабязную анкету пра сябе, у якой адзначаеш усе хваробы, якімі ты хварэў з дзяцінства. Сэрвіс таксама прапануе падзяліцца з ім тваім сённяшнім станам, хранічнымі балячкамі і распавесці пра сябе такія дэталі — аж да таго, ці не лысееш ты цяпер і ці маецца такая праблема ў тваіх сваякоў. То-бок нават без лабараторных даследаванняў з такімі данымі, як па мне, будзе лёгка спрагназаваць нешта пра слабыя месцы ў вашым арганізме», — дзеліцца Мая.

Так выглядала скрыня і інструменты для забору сліны.

Так выглядала скрыня і інструменты для забору сліны.

Вынікі тэсту былі гатовыя праз месяц пасля адпраўкі іх у ЗША і, па словах Маі, крыху яе расчаравалі.

«Не ведаю, чаго я, канечне, чакала. Можа, чагосьці «ваў». Але гэтага не адбылося. Тэст расказаў, што на 99,7% я — усходняя еўрапейка. Найбольшыя супадзенні з беларусамі, палякамі і рускімі, магчымыя з украінцамі. І смешныя 0,3% — гэта штосьці арабскае, але без падрабязнасцяў».

Вынікі тэставання Маі.

Вынікі тэставання Маі.

Тэст паказаў Маі сваяцтва з 1500 асобамі, якія ўжо зарэгістраваліся на сайце. Самы блізкі з іх — траюрадная сястра, з якой у яе маглі быць агульныя прабабулі ці прадзядулі. Пры жаданні з гэтымі людзьмі можна звязацца на самім сайце.

«З абяцаннямі распавесці мне нешта новенькае пра мае рысы характару ці знешнасці — яшчэ горш. Яно пададзена ў фармаце: на 61% імаверна, што ў вас не будзе ямачак на шчоках, 52% імавернасці мець блакітныя вочы, 99% імавернасці, што ў вас не руды колер валасоў — то-бок такія прам відавочныя рэчы, за якія не тое што я хацела плаціць. Я іх і так бачу ў люстэрку», — дзеліцца ўражаннямі Мая.

«Забаўка з элементамі самакапання»

Не моцна задаволены вынікамі тэставання і Піліп, які вырашыў пачаць пошук сваякоў такім чынам, калі наглядзеўся на сябра, моцна зацікаўленага гэтай тэмай.

«У мяне даўно быў акаўнт на MyHeritage. Там, здаецца, была папулярная фішка — анімаваць старыя фота, і многія так рабілі з партрэтамі сваякоў. Каштавала даследаванне каля 40-45 еўра. Пасля аплаты мне даслалі каробачку з колбачкамі, ватнымі палачкамі адтуль ты мажаш сабе ў роце. Пасля гэтыя палачкі ўпакоўваеш у колбачкі, кладзеш усё ў канверт і дасылаеш поштай у лабараторыю ў Германію. Вынікаў чакаў каля месяца», — расказвае Піліп.

У выніку аказалася, што хлопец амаль напалову балт, але да такіх вынікаў ён ставіцца скептычна.

Вынікі Піліпа.

Вынікі Піліпа.

«Можа, так атрымалася праз тое, што я жыву ў Літве? Плюс адкульсьці ў мяне ўзяліся балканскія гены — амаль 17 працэнтаў. Нейкіх блізкіх сваякоў даследаванне не выявіла, бо, напэўна, практыка такіх ДНК-тэставанняў сярод беларусаў на гэтай платформе не вельмі распаўсюджаная. Карацей, нейкіх фантастычных адкрыццяў не здарылася. Проста такая забаўка з элементамі самакапання».

Тэст, каб даведацца хоць нешта пра бацьку

Журналістка Марыя Сысой замовіла тэст ад сервісу 23andMe з важнай місіяй: хоць нешта даведацца пра сваякоў па лініі бацькі.

«Я нічога не ведаю пра свайго бацьку, нават яго дакладнае імя і прозвішча. У мяне нуль інфармацыі пра ўвесь гэты бок сям’і, а гэты тэст — хоць нейкая нітачка і разуменне, кім яны маглі быць па паходжанні».

Дзяўчына выбрала 23andMe як адну з самых вядомых кампаній у гэтай сферы.

«Кіравалася тым, што яны існуюць даўно і таму, напэўна, у іх будзе самая вялікая база. Набыла стандартны пакет, які вызначае тваё паходжанне ў праекцыі на рэгіёны сучаснага свету і дае магчымасць убачыць, з кім па ДНК ты супадаеш. Такі тэст цяпер каштуе 129 даляраў, але я купляла за $79 у чорную пятніцу плюс яшчэ $41 за дастаўку пакуначка з тэстам да мяне і назад у лабараторыю ў ЗША».

Вынікі Марыя атрымала праз месяц, і яны яе вельмі здзівілі і ўсхвалявалі.

«Я заўсёды лічыла, што я на 100% беларуска, чалавек усходнееўрапейскага паходжання. Але аказалася, што гэта так толькі на 70%. А ажно 25% маіх генаў супадаюць з людзьмі, якія жывуць на сучасных тэрыторыях Арменіі і яшчэ Ірана. Для мяне гэта хоць трошкі прыадчыняе фіраначку, дае лёгкі погляд на бацькоўскі бок. Магчыма, бабуля/дзядуля па бацькоўскай лініі — армяне, бо па мамінай армян няма, — каментуе Марыя.

— На сайце ёсць такі раздзел «DNA relatives», і я там знайшла чацвераюрадную сястру, у якой пазначана, што яна — стоадсоткавая армянка. Я нават думаю ёй нешта напісаць, але не ведаю што, бо ўсё ж гэта вельмі далёкае сваяцтва, наўрад ці яна нешта ведае. Але для мяне нават гэта — ужо штосьці і ўзрушвае неверагодна».

Вынікі Марыі.

Вынікі Марыі.

Марыя адзначае, што ў яе ёсць усе падставы давяраць тэсту, бо ён правільна вызначыў ступень сваяцтва блізкіх, якіх яна добра ведае і якія таксама замаўлялі сабе даследаванне ДНК. Для дзяўчыны эксперымент каштаваў сваіх грошай.

Генетык: «Прагрэсаванне хвароб не вызначаецца выключна генетыкай»

А што думаюць пра такія тэсты навукоўцы? Пра гэта «Наша Ніва» спытала беларускага генетыка, які некалі працаваў у Акадэміі навук, а цяпер працягвае займацца папуляцыйнай генетыкай за мяжой (мы не называем яго імя ў мэтах бяспекі).

Суразмоўца сходу адзначае, што тэма ДНК і яе расшыфроўкі — вельмі складаная, з кучай нюансаў, якія пры поўным пагружэнні патрабуюць шмат часу і старонак тэксту.

«Калі казаць максімальна проста, то ДНК-тэст прызначаны для вывучэння ДНК чалавека з нейкай канкрэтнай мэтай. Напрыклад, высветліць падабенства з іншымі людзьмі, бацькоўства ці сваяцтва. Даведацца пра неабходную дозу і пабочныя эфекты пэўных прэпаратаў (метабалізм лекаў). Ці крыміналістычная мэта: калі на месцы злачынства застаецца біялагічны матэрыял, і нам трэба праверыць, ці належыць ён пэўнаму чалавеку. Ці калі мы хочам даведацца пра рызыку развіцця нейкай хваробы ў дарослага чалавека, альбо рызыку нараджэння дзіцяці з генетычным захворваннем», — расказвае эксперт.

Праўда, падкрэслівае, што прадказанне пагаршэння здароўя — таксама працэс вельмі складаны, нават для саміх навукоўцаў. А якраз гэта абяцае той жа 23andMe, прапаноўваючы набыць карыстальнікам даражэйшы пакет паслуг за 220 даляраў, адзначаючы пры гэтым абмежаванасць сваіх тэстаў.

«Ëсць некаторыя хваробы, дзе ўсё больш-менш адназначна: мы добра ведаем, якія гены і мутацыі адказваюць за іх. Напрыклад, рак малочнай залозы і самы вядомы ілюстрацыйны прыклад: Анджаліна Джалі, якая, даведаўшыся пра генетычную схільнасць да хваробы, прайшла аперацыю па выдаленні залозы.

Ëсць і іншыя хваробы, на якія, дзякуючы тэсту, можна паўплываць. Але яны ўжо, збольшага, вельмі рэдкія (напрыклад, некаторыя метабалічныя). Большасць людзей, якія робяць генетычныя тэсты, не маюць такіх захворванняў, таму нічога новага пра сябе не даведаюцца».

Што людзі могуць высветліць у плане больш распаўсюджаных хвароб, так гэта, напрыклад пабачыць у выніку тэставання фармулёўку: «вы трапляеце ў 5% людзей з самай высокай генетычнай рызыкай пэўнага захворвання». Па вялікім рахунку, такая інфармацыя амаль не нясе ў сабе практычнай карысці.

«Гэта якраз зноў тая сітуацыя, дзе ўсё вельмі складана. Дзе мы як чалавецтва, як навукоўцы, не ведаем усіх механізмаў развіцця хвароб. Ці калі казаць асобна пра захворванні сэрцава-судзіннай сістэмы — мы ведаем, што ў іх развіцці ёсць пэўны генетычны ўнёсак, але гэта далёка не ўсё. Ці будзе прагрэсаваць гэтая хвароба, не вызначаецца выключна генетыкай. Усё моцна залежыць яшчэ ад таго ж ладу жыцця. І таму ўсё, што вам зможа сказаць па выніках тэсту доктар: займайцеся спортам, харчуйцеся правільна. Але ў прынцыпе тое ж самае можна параіць усім людзям, незалежна ад таго, якая ў іх генетыка», — тлумачыць спецыяліст.

«Усе людзі — сваякі»

Сервісы з ДНК-тэстамі па выніках даюць кліентам вялікую геаграфічную мапу і дрэва, на якім можна пабачыць сваяцтва з людзьмі па ўсім свеце. Часам гэта больш за тысячу розных людзей з розных краін. Але наколькі верна называць іх сапраўднымі сваякамі? Тут навукоўца агучвае тое, што кагосьці можа парадаваць.

Мапа сваякоў Маі.

Мапа сваякоў Маі.

«Насамрэч, усе людзі — сваякі. Пытанне толькі ў тым, наколькі блізкія. Больш за тое, усе жывыя істоты — сваякі, і не ў метафарычным, а ў прамым сэнсе. У кожнага з нас, калі рухацца досыць далёка назад па ланцугу продкаў, можа адшукацца продак з усімі іншымі людзьмі».

Агучаныя ж сэрвісы шукаюць сваяцтва выключна сярод людзей, якія ўжо здавалі тэст раней і ДНК якіх ёсць у іх базах. Наколькі тады іх вынікі можна лічыць аб’ектыўнымі?

«З аднаго боку, гэта больш-менш аб’ектыўна, таму што іх базы насамрэч вельмі вялікія. Выбаркі там большыя, чым у асобных афіцыйных навуковых базах даных. І пакрыццё розных рэгіёнаў досыць шырокае. Але, безумоўна, не ідэальнае», — каментуе навукоўца. «Калі чалавек належыць да нейкага спецыфічнага, экзатычнага этнасу, групы (напрыклад, малыя народы Сібіры ці плямёны Амазонкі), з якой ніхто ніколі не здаваў свой матэрыял, яго, адпаведна, не будзе ў базе. У такім выпадку вынікі будуць заснаваныя на самым блізкім і падобным да таго, што ў іх ёсць. Адзначу таксама, што, калі даслаць ДНК аднаго і таго ж чалавека ў розныя кампаніі, адказы могуць адрознівацца».

«Не існуе генаў беларусаў»

А наколькі правільна, кіруючыся выключна вынікамі падобных ДНК-тэстаў з упэўненасцю, напрыклад, заяўляць: я — стоадсоткавы беларус?

«Гэта яшчэ адно з тых пытанняў, дзе «ўсё складана», — зноў адзначае суразмоўца. «Але кароткі адказ — не, нельга. Таму што прынамсі ў навуковай галіне, якой я займаюся (генетыка чалавека, папуляцыйная генетыка) ёсць кансэнсус, згодна з якім нацыянальнасць, этнічнасць — гэта выключна культурны канструкт. Чалавек належыць да той этнічнасці, нацыянальнасці, да якой ён сам сябе прыпісвае.

Не існуе генаў беларусаў, няма ДНК беларусаў, у чалавека ў ДНК не напісана, што ён — беларус. Усе гэтыя тэсты пабудаваныя на параўнанні: вось гэта ДНК пэўнага чалавека найбольш падобнае да тых, хто таксама назваў сябе беларусам (ці кімсьці яшчэ)».

Сабе б такі тэст навуковец не рабіў: кажа, што для яго патэнцыйныя мінусы пераважваюць станоўчы вынік.

«Са станоўчага, на мой погляд, тут толькі забаўка: нехта даведваецца, ці мае ён падабенства з усходнімі еўрапейцамі ці з кімсьці больш экзатычным. Гэта можа быць цікава, але мне не падаецца, што такая інфармацыя мяняе жыццё. Але пры гэтым існуе рызыка, што твае генетычныя даныя могуць кудысьці не туды трапіць.

(У мінулым годзе кампанія 23andMe заявіла аб маштабнай уцечцы звестак. Да хакераў трапіла персанальная інфармацыя амаль 6,9 мільёна кліентаў, былі сярод іх і беларусы«НН»). Наколькі гэта вялікая праблема? З аднаго боку, гэта не так і страшна. А з іншага — гэта ўсё ж не пароль ці адрас з нумарам тэлефона, гэта немагчыма змяніць. У краінах, дзе сістэма аховы здароўя пабудаваная на страхоўках, такія даныя патэнцыйна могуць цікавіць страхавыя кампанія. Калі інфармацыя пра магчымыя генетычныя хваробы трапіць ім у рукі, кліентаў могуць не страхаваць ці рабіць гэта задорага. Такая інфармацыя можа патэнцыйна выкарыстоўвацца для дыскрымінацыі па генетычных схільнасцях, напрыклад, пры ўладкаванні на працу. Ці для ідэнтыфікацыі людзей па біялагічным матэрыяле».

Таксама, на меркаванне эксперта, у пэўных краінах доступ да такіх даных не тых людзей можа несці небяспеку для людзей пэўных груп: напрыклад, калі радыкальным антысемітам прапануюць зліць даныя людзей габрэйскага паходжання.

З іншага боку, пазітыўныя вынікі ў такіх тэстаў таксама ёсць. Раней мы расказвалі пра палешукоў, якія адшукалі такім чынам сваякоў за акіянам, і іншых герояў, што даведаліся пра свае карані больш.

А не так даўно сусветныя СМІ распавядалі неверагодную гісторыю са шчаслівым развязаннем: 83-гадовы Шалом Карай, якога яшчэ немаўляткам выратавалі з Варшаўскага гета, знайшоў сваякоў па ДНК-тэсце. Дзякуючы даследчыкам з Ягелонскага ўніверсітэта і генеалагічнаму сервісу MyHeritage, атрымалася адшукаць яго траюрадную сястру і даведацца, кім былі яго бацькі.

Чытайце таксама:

Чытайце таксама:

«Палешукі сталі Хобсамі». Як беларусы адсылаюць сваё ДНК у Амерыку і шукаюць продкаў па тэстах

«Сярод іх — Тадэвуш Касцюшка». Беларус знайшоў дванаццаць тысяч сваіх продкаў і расказаў, як яму гэта ўдалося

З чаго пачынаць шукаць продкаў. Карысныя сайты

Клас
20
Панылы сорам
6
Ха-ха
10
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
11