Раней ніколі прэмія «Гліняны Вялес» не прысуджалася пасмяротна. Гэтым разам зрабілі выключэнне.

Кажа старшыня арганізацыйнага камітэту літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» Алесь Аркуш:

Раней ніколі прэмія «Гліняны Вялес» не прысуджалася пасмяротна. Гэтым разам мы вырашылі зрабіць выключэнне і ўшанаваць блізкага нам па творчых, маральных і жыццёвых перакананнях празаіка Юрыя Станкевіча. Пісьменніка не стала ў 2021 годзе. Двойчы яго кнігі намінаваліся на Вялеса. Яго творы заўсёды былі з намі побач. Гэтым разам мы хочам выправіць ранейшую прыкрую памылку і ўшанаваць прэміяй ТВЛ Юрыя Станкевіча.

«Нам вельмі хацелася б, каб імя Юрыя Станкевіча было ў шэрагу нашых лаўрэатаў», — адзначаецца ў паведамленні арганізацыйнага камітэта прэміі.

***

Юры Станкевіч нарадзіўся 21 студзеня 1945 года ў Барысаве. Бацька пісьменніка ў 1946 годзе быў рэпрэсаваны паводле 58-га артыкула КК і накіраваны ў Карлаг.

Станкевіч быў літаратурным супрацоўнікам, загадчыкам аддзела часопіса «Маладосць», загадчыкам аддзела часопіса «Крыніца». З 1990 года — сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Найважнейшыя кнігі: «Любіць ноч — права пацукоў» (1998), «Апладненне ёлупа» (2005), «Мільярд удараў» (2008), «П’яўка» (2010).

Памёр 22 кастрычніка 2021 года ва ўзросце 76 гадоў.

Гліняны Вялес — штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1993 годзе членамі Таварыства Вольных Літаратараў. Старшыня арганізацыйнага камітэта Алесь Аркуш. Прысуджаецца за найлепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва. Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.

Чытайце таксама:

«Браткі! Тут зямля такая!» Пятнаццаць выключна беларускіх афарызмаў, якія падарылі нашы пісьменнікі

У дзяржвыдавецтве публікуюць раман, які капіруе сюжэт «Па што ідзеш, воўча?»

«Зэкамерон» Максіма Знака ўвайшоў у шорт-ліст брытанскай прэміі

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
1