Здымак ілюстрацыйны. Фота: stylishbag.ru

Здымак ілюстрацыйны. Фота: stylishbag.ru

Як падацца на візу? Выбіраем варыянт

Шэнгенскія візы часцей за ўсё адкрываюць з мэтай паездкі ў госці да сяброў і сваякоў альбо як турыстычныя. Калі блізкіх і знаёмых за мяжой няма, то выбіраем турызм. І тут важна правільна вызначыцца, у пасольства якой краіны падаць дакументы, дзе вышэйшыя шанцы на поспех.

Па сутнасці, цяпер ёсць тры асноўныя варыянты зрабіць шэнгенскую візу для паездак.

1. Самастойна падаць дакументы ў візавы цэнтр або пасольства. Гэта нядорага, але складана.

Для адносна простых варыянтаў трэба было падумаць пра ўсё яшчэ мінулым летам. Пры самастойнай падачы трэба будзе вывучыць інфармацыю на сайтах пасольстваў і візавых цэнтраў, пачытаць чацікі і прааналізаваць вопыт іншых людзей. Працэс атрымання інфармацыі можна спрасціць, захаваўшы час і нервы, калі пракансультавацца ў дасведчанага спецыяліста, «візавага эксперта», якіх цяпер нямала.

2. Турыстычная паездка з візавай падтрымкай турфірмы. У гэтым выпадку прыйдзецца плаціць не за паслугі пасярэдніка, а за саму турпаездку (што часам супастаўна з коштам пасярэднікаў).

Не бярэм у разлік асабістыя выдаткі звыш за кошт туру і доўгую ды не вельмі камфортную першую паездку на аўтобусе. Варыянт даволі просты, але самастойнага падарожжа па ўласным турыстычным маршруце і графіку не атрымаецца.

3. Звярнуцца па дапамогу да пасярэднікаў. Гэта дорага, і вынік не гарантаваны.

Пра цэны будзе далей.

Колькі каштуе і хто адкрывае?

Лічыцца, што лідары па колькасці выдадзеных шматразовых віз — пасольствы Германіі і Італіі. Адмовы ў іх бываюць вельмі рэдка. Стабільна выдае візы пасольства Францыі: таксама невялікі працэнт адмоваў і добрыя тэрміны.

У грэчаскага пасольства велізарны працэнт адмоў па-за турыстычным сезонам. Да паездак у сезон стаўленне робіцца значна лаяльнейшым, але тэрміны, на якія адкрываюць візу, звычайна вельмі сціплыя.

Венгерскае пасольства вельмі добра дае візы пад туры акрэдытаваных турфірмаў, але адмовіцца ад турыстычнай паездкі будзе нельга — візу анулююць.

Пры самастойным атрыманні візы непасрэдна праз пасольства выдаткі мінімальныя — консульскі збор 35 еўра. Але ў некаторых краін ён істотна большы: Нарвегія і Данія — 80 еўра.

Пры падачы праз візавы цэнтр неабходна дадаткова заплаціць сэрвісны збор, як мінімум 11 еўра (ён залежыць ад краіны, на візу якой падаецеся), плюс ёсць магчымасць дакупіць неабходныя дадатковыя паслугі (запаўненне анкеты, дастаўка пашпарта кур'ерам і да т. п.).

Скарыстаўшыся з паслуг пасярэднікаў, давядзецца заплаціць яшчэ ад 250 рублёў да 600 даляраў. Гэта таксама залежыць ад краіны падачы і запыту на дадатковыя паслугі (запаўненне анкеты, збор дакументаў, бронь квіткоў, жылля і да т. п).

Якія краіны адкрываюць «Шэнген» беларусам?

Турыстычныя і гасцявыя візы для беларусаў выдаюць консульствы і візавыя цэнтры Іспаніі, Грэцыі, Германіі, Венгрыі, Харватыі, Італіі, Славакіі, Францыі, Польшчы, Румыніі, Балгарыі, Даніі, Нарвегіі.

Фота: freepik.com

Фота: freepik.com

Італія

Гэтая краіна найбольш прадказальная і шчодрая на тэрміны гасцявых і турыстычных візаў. Падаць дакументы можна праз візавы цэнтр Італіі ў Мінску. Час ад часу на сайце з'яўляюцца даступныя даты, але іх хутка разбіраюць.

Таму некаторыя карыстаюцца такой магчымасцю, як жывая чарга: мінчукам трэба прыйсці па адрасе вул. Няміга, 40 і запісацца ў сшытак у «адміністратара». Потым чакаць сваёй чаргі на ганку візавага цэнтра з гатовымі дакументамі і «свежым» асабістым кабінетам (анкета актыўная 10 дзён).

Жыхары іншых гарадоў замест гэтага пасылаюць на адрас візавага цэнтра заказны ліст, у якім ёсць копія старонак пашпарта з асабістымі данымі і прапіскай (можна і іншае пацвярджэнне пражывання па-за Мінскам), адрасам электроннай пошты і нумарам тэлефона.

Падаць дакументы можна і праз пасольства па папярэднім запісе. Але ён цяпер маладаступны — занадта шмат ахвотных.

Калі ёсць блізкі сваяк з ДНЖ/ПМЖ/грамадзянствам, запісацца на гасцявую візу па запрашэнні вельмі проста: трэба адправіць на электронны адрас запыт аб вызначэнні даты для падачы дакументаў на адкрыццё гасцявой візы, прыклаўшы да ліста запрашэнне і дакументы, якія пацвярджаюць сваяцтва заяўніка з той асобай, якая запрашае. Сваякі павінны быць даволі блізкія. Напрыклад, па запрашэнні траюраднага дзядзькі дату наведвання па пошце не далі.

Добрыя па тэрмінах турыстычныя і гасцявыя візы ставяць часам нават у чысты пашпарт. А калі вы ўжо ездзілі ў Італію і можаце гэта пацвердзіць (квіткі, чэкі, транзакцыі, браніраванне жылля), то шанцы на атрыманне візы на 1 год добра такі павялічваюцца.

Кошт запісу ў пасярэднікаў: ад 400 рублёў.

Кошт недарагога туру: у залежнасці ад туру (у некаторых можна адпачыць на моры 7-10 дзён) 400-700 еўра.

Францыя

Дату злавіць вельмі складана, а ў апошні час хутчэй немагчыма. Але калі атрымаецца — візу дадуць не аднаразовую, а як мінімум ад 3 месяцаў да 3 гадоў. Тэрмін візы тут залежыць ад візавай гісторыі (дадатковы плюс — калі ўжо былі французскія візы) і ўдачы. Французы лічацца найбольш лаяльнымі па тэрмінах выдачы віз і па мінімальнай колькасці адмоваў.

Ідэальна, калі ў вас ёсць сваякі або сябры ў Францыі — запісацца на падачу дакументаў можна праз пошту консульскага аддзела, прымацаваўшы да ліста запрашэнне і запоўненую на спецыяльным партале анкету.

Паслугі пасрэднікаў: гасцявая віза — ад 500 рублёў, турыстычная (у гэты момант многія пасярэднікі яе часова не афармляюць) — да 600 даляраў.

Кошт недарагога тура: каля 500-600 даляраў. Можна разлічваць на туры з восені. На пачатак лета ўжо пазнавата, а на час Алімпіяды практычна нерэальна.

Германія

Гэта адна з нямногіх краін, куды лёгка самастойна запісацца на падачу турыстычнай або гасцявой візы: запаўняеце форму на сайце і адпраўляеце запыт, а дату падачы прызначыць ужо само консульства і адправіць вам ліст на электронную пошту.

Але калі запісвацца цяпер, то атрымаць візу атрымаецца прыкладна да наступнага лета. Цяпер ад даты першага запыту на сайце да часу на падачу дакументаў праходзіць каля 10 месяцаў. Выбраць зручны для вас час тут не атрымаецца: калі адмовіцеся ад прапанаванай даты, то рабіце новы запыт і зноў чакайце даты падачы некалькі месяцаў.

Тут лепш падавацца на гасцявую візу — у такім выпадку даюць тэрміны большыя, і можна атрымаць візу нават на 5 гадоў (але лепш разлічваць на 1 год). На яе можна падавацца не толькі па запрашэнні любых сваякоў, але і сяброў. Запрашэнне падыходзіць як афіцыйнае, аформленае ў нямецкім дзяржоргане, так і неафіцыйнае — напісанае тым, хто запрашае, «на каленцы». З афіцыйным запрашэннем, як правіла, адкрываюць візы на больш працяглы перыяд.

З мэтай турызму тэрміны выдаваных віз істотна сціплейшыя: ёсць вялікі шанец атрымаць аднаразовую. Пры падачы могуць спытаць, якія візы былі да гэтага і як вы іх выкарыстоўвалі. Таксама могуць патэлефанаваць ужо пасля падачы і папрасіць прынесці дакументы, якія пацвярджаюць, што папярэдняя віза была выкарыстаная па прызначэнні: вы як мінімум адзін раз з'ездзілі ў краіну, якая яе выдала, і ў вас ёсць імянныя дакументы, якія гэта пацвярджаюць (напрыклад, выпіска з банка з транзакцыямі ў гэтай краіне, арэнда жылля, імянныя квіткі і да т. п.).

Пасольства Германіі ў Мінску таксама прадстаўляе Аўстрыю, Бельгію, Люксембург, Нідэрланды, Славенію. Дакументы для адкрыцця віз у гэтыя краіны можна падаць аналагічным чынам.

Паслугі пасярэдніка: ад 250 рублёў.

Кошт недарагога тура: ад 250 еўра.

Венгрыя

Краіна прымае заяўкі праз візавы цэнтр і вядомая сваімі шматразовымі турыстычнымі візамі. Але такія адкрываюць толькі на туры, а не для самастойных падарожжаў.

Асноўны варыянт, які дорыць магчымасць шматразовай візы на працяглы тэрмін, — гэта тур, які набываецца ў акрэдытаванай кампаніі. Мяркуючы па статыстыцы паведамленняў у чатах, пры гэтым варыянце і поспеху візу можна атрымаць і на 3 гады. Але ў падарожжа прыйдзецца сапраўды з'ездзіць. Атрымаць візу, а потым адмовіцца ад паездкі ў Венгрыю на карысць іншай краіны не атрымаецца — візу анулююць, таму што турагенцтва абавязанае паведаміць пра адмову.

Што тычыцца тэрмінаў візаў на самастойныя турыстычныя паездкі, то яны звычайна значна сціплейшыя і можна атрымаць звычайную «аднаразовую».

Злавіць дату самастойна цалкам рэальна. Пры наведванні блізкіх сваякоў запіс ідзе праз пошту консульскага аддзела пасольства з прымацаваным запрашэннем, копіяй пашпарта заяўніка і кантактным нумарам тэлефона.

Венгрыя таксама прымае дакументы для адкрыцця віз у Швейцарыю. Тут таксама аддаюць перавагу турыстычным паездкам у гэтую краіну, арганізаваным турфірмамі, — па іх адкрываюць візы і на 2 гады. А па запрашэннях ад грамадзян Швейцарыі нярэдка даюць візы тэрмінам усяго на 3 месяцы.

Паслугі пасярэдніка: ад 350 рублёў гасцявая, ад 350 да 800 рублёў — турызм.

Кошт недарагога туру: у Венгрыю — каля 400 еўра, у Швейцарыю — каля 600 еўра.

Іспанія

З чэрвеня 2023 года ў Мінску зноў запрацаваў іспанскі візавы цэнтр. Да гэтага трэба было асабіста падаваць дакументы толькі ў Маскве.

На сайце візавага цэнтра можна паспрабаваць запісацца самастойна, але з набліжэннем сезону злавіць дату ўсё складаней. Анкету прыйдзецца запаўняць вельмі ўважліва, за любую памылку ў асабістых даных будзеце даплочваць візаваму цэнтру.

Тут трэба быць гатовым да аднаразовай або кароткатэрміновай візы. Мяркуючы па паведамленнях у чатах, больш чым на 3 месяцы візу цяпер выдаюць рэдка.

Запіс праз пасярэднікаў: ад 390 рублёў пры падачы ў Маскве (падача асабістая, што дадасць выдаткаў і часу), ад 500 рублёў — пры падачы ў візавым цэнтры ў Мінску.

Кошт аўтобуснага туру: ад 650 еўра, але пры гэтым запіс на падачу ў шэрагу фірмаў таксама не бясплатны — 300 рублёў.

Грэцыя

Для запісу трэба зарэгістравацца на сайце візавага цэнтра Грэцыі. Па водгуках у тэматычных чатах, краіна рэгулярна «выкідае» даты на запіс і самому запісацца цалкам рэальна. Але з набліжэннем сезону «злавіць» дату робіцца ўсё больш складана. Па-за турыстычным сезонам у візе часта адмаўлялі альбо давалі аднаразовую. Цяпер усё больш лаяльна і адмоваў менш.

Кошт запісу ў пасярэднікаў: ад 350 рублёў.

Кошт недарагога тура: ад 700 еўра.

Польшча

Тут усё вельмі складана. Падацца на гасцявую візу можна толькі па запрашэнні ад асобы — грамадзяніна Польшчы ці з ПМЖ (ДНЖ не дапаможа). Нядаўна пачалі даваць візы на турызм, але запісацца самастойна было немагчыма. А запіс праз пасярэднікаў нічога не гарантаваў — па турыстычных візах была вялікая колькасць адмоваў.

Цяпер, каб адсекчы пасярэднікаў, уводзіцца новая сістэма запісу праз сайт — з фотаверыфікацыяй. Цяпер заяўнікам пасля верыфікацыі ў МСІ неабходна прайсці яшчэ адно пацверджанне з пашпартам з дапамогай сэлфі-фота.

Мяркуючы па кейсах тых, хто спрабаваў самастойна зарэгістравацца пасля новаўвядзення — лепш пачакаць, пакуль гэтая сістэма запрацуе нармальна, каб не марнаваць час і нервы.

Паслугі пасярэдніка: ад 400 рублёў.

Некаторыя іншыя краіны

Харватыя (візавы цэнтр) — пачала выдаваць шэнгенскія візы ў 2023 годзе. «Першым ластаўкам» месяцамі не вярталі пашпарт і давалі ў асноўным аднаразовыя візы. Цяпер з выдачай пашпартоў пытанняў няма, але большасць візаў па-ранейшаму аднаразовыя, толькі на даты паездкі.

Данія (візавы цэнтр) і Нарвегія (візавы цэнтр). У выпадку звароту ў гэтыя візавыя цэнтры дакументы адпраўляюцца ў Лондан, таму чакаць рашэнне і пашпарт прыйдзецца доўга. На працяглую, шматразовую візу разлічваць не варта. І ў гэтых краін консульскі збор не 35 еўра, а 80 еўра, бо яны не падпісалі пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю. І вельмі істотныя сэрвісны і лагістычны зборы.

Славакія (прымае дакументы і для візы ў Партугалію) — дакументы прымаюць не толькі праз візавы цэнтр, але і праз славацкае пасольства ў Мінску.

У 2024 годзе ў беларусаў з'явіліся яшчэ два варыянты для падачы на «Шэнген»: Балгарыя (амбасада ў Мінску і візавыя цэнтры) і Румынія (амбасада ў Мінску), якія першапачаткова паведамлялі, што з 1 красавіка пачнуць выдаваць турыстычныя візы беларусам. Балгарыя потым перанесла гэты тэрмін на 15 красавіка ў мінскім візавым цэнтры, а на 1 траўня — у візавых цэнтрах у іншых гарадах.

Даты на падачу дакументаў ужо можна лавіць, але ніхто пакуль не ведае, як гэтыя краіны будуць выдаваць «Шэнген» і якія фактары будуць уплываць на вынік. Можна меркаваць, што першы час працэс і вынік будуць, як у Харватыі (толькі не прыйдзецца тыднямі ці месяцамі чакаць пашпарт з Масквы).

Фота: freepik.com

Фота: freepik.com

Гісторыі беларусаў, якія атрымалі візу

Ірына:

«У нашай дачкі скончылася шэнгенская віза раней, чым у астатніх у сям'і, таму што ў 14 гадоў неабходна было мяняць пашпарт. Падарожнічаць у Еўропу мы любім, ездзім разы па 4 у год, калі не лічыць кавідныя часы. Таму адразу заклапаціліся і сталі рабіць дзіцяці візу ў новы пашпарт. Адкрыла візу толькі трэцяе (!) пасольства. Рэгістраваліся ва ўсе тры пры дапамозе пасярэднікаў.

Першая спроба — турыстычная віза ў Польшчу. Выдаткавалі разам з паслугамі пасярэдніка (400 рублёў) каля 700 рублёў і атрымалі адмову. Мы былі проста ў шоку: як пры дзейных польскіх візах бацькоў, папярэдніх польскіх візах самой дачкі, яе шматлікіх паездках у Польшчу на выхадныя мець такі вынік?

Другая спроба — турыстычная віза ў Грэцыю. Выдаткавалі на паслугі фірмы-пасярэдніка, якая запісвала нас на падачу, браніравала квіткі і жыллё, 400 рублёў плюс консульскі збор і збор візавага цэнтра. Вынік — адмова. Мы зноў не верылі сваім вачам, бо якраз летам 2023 года адпачывалі ў Грэцыі на Родасе, прыклалі ўсе дакументы, якія пацвярджалі пералёт, пражыванне і нават фота. Абмеркавалі сітуацыю з мужам і выказалі здагадку, што гэта быў касяк фірмы-пасярэдніка, магчыма, броні самалёта і гатэля на «планаваную» паездку адмянілі да таго, як было прынята рашэнне аб візах.

Трэцяя спроба — Італія, турыстычная віза. Яна абышлася амаль у 1800 рублёў. Я пераплаціла пасярэднікам за паслугу па хуткай рэгістрацыі (1250 рублёў замест 800 рублёў) і купіла прэміум-падачу ў візавы цэнтр Італіі. Да пакета дакументаў прыклалі пакет докаў і фота пра некалькі паездак у Італію ў 2019 годзе. І так нарэшце мы атрымалі доўгачаканую візу для дзіцяці на 1 год. Калі палічыць усе выдаткі на жаданую візу, то яна дакладна «ўляцела нам у капеечку».

Кірыла:

«Сваякоў і сяброў у Францыі я не знайшоў, таму не мог запісацца па мэйлу на гасцявую візу. Давялося плаціць пасярэднікам, каб падавацца на турыстычную візу. Запіс каштуе дорага — заплаціў 1500 рублёў пасярэдніку. Але ў мяне было некалькі французскіх візаў раней, і гэта давала надзею, што візу дадуць на доўгі тэрмін. Так і атрымалася — «шэнген» на 3 гады».

Марына: 

«Самастойна даволі хутка змагла запісацца ў візавы цэнтр Італіі на падачу турыстычнай візы. Да астатніх дакументаў прыклала копію літоўскай візы тэрмінам на 1 год, якую атрымлівала ў 2018 годзе, і дакументы пра паездку ў Італію па гэтай візе. Далі на 6 месяцаў, хоць я вельмі разлічвала на год».

Ягор:

«Мы прывыклі, што раней візы былі вельмі даступныя, асабліва польскія. Цяпер (у кастрычніку 2023-га), каб запісацца на турыстычную візу ў візавы цэнтр Польшчы, давялося заплаціць 400 рублёў пасярэдніку, бо злавіць дату самому абсалютна нерэальна. Вынік быў сумны — адмова ў візе.

Калі я ўбачыў навіну пра новую сістэму запісу ў польскі візавы цэнтр, быў проста шчаслівы — нарэшце можна будзе самому зарэгістравацца і ашчадзіць грошы. Але пакуль усё не так цудоўна: у першы ж дзень, убачыўшы акенца, хутка запоўніў усе патрэбныя даныя, адкрылася ўкладка для камеры, і на гэтым усё. То не працуе фотаверыфікацыя, то не спрацоўвае код МСМ. Сайт пастаянна выдае памылку, часам наогул не адчыняецца. На лісты візавы цэнтр не адказвае. Званок на інфалінію — нічым дапамагчы не могуць. Але сярод знаёмых ёсць адзін шчаслівец, які змог запісаць сябе і жонку».

Алена:

«Мы ўсёй сям'ёй падаваліся ў пасольства Германіі на гасцявую візу па афіцыйным запрашэнні ад маёй роднай сястры. На шчасце, паспелі ў момант, калі ад запісу да даты падачы дакументаў праходзіла толькі 3 месяцы. Мне і дачцэ далі на 1 год, мужу і сыну — на паўгода. Было трохі крыўдна, бо знаёмым з падобнымі «ўводнымі» далі гасцявыя візы на 5 гадоў усёй сям'і. Атрымаўшы пашпарты, адразу запісаліся на наступную падачу. З улікам цяперашніх тэрмінаў да моманту новай даты якраз скончацца дзейныя візы».

Алег:

«Падавалі дакументы ў пасольства Германіі я і сын 11 гадоў паводле неафіцыйнага запрашэння ад сябра сям'і. З моманту адпраўкі ліста ў пасольства да моманту падачы чакалі прыкладна паўгода. Прасілі візы на 2 гады. Вынік хоць і нядрэнны, але трохі дзіўны: мне адкрылі візу на 1 год, дзіцяці — на 3 месяцы».

Чытайце таксама:

Пачалі выдаваць балгарскі турыстычны шэнген. Што трэба, каб яго атрымаць?

«Польскі візавы цэнтр — проста здзек». Новыя правілы запісу на візу з сэлфі дадалі праблем

Беларус заплаціў шмат грошай за польскую працоўную візу, атрымаў адмову і наракае на фірму. Але ёсць нюанс 

Германія не давала візы батутысту Літвіновічу, але ён усё адно прыехаў у краіну і адабраўся на Алімпіяду. Як так?

У якія краіны беларусы могуць адправіцца на адпачынак без візы? Спіс вялікі, але ёсць нюансы

Клас
5
Панылы сорам
7
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
8
Абуральна
8