Былы прэзідэнт Косава Хашым Тачы. Фота: Wikimedia Commons

Былы прэзідэнт Косава Хашым Тачы. Фота: Wikimedia Commons

У спецыяльным судзе ў Гаазе 3 красавіка пачалі судзіць былога прэзідэнта часткова прызнанай рэспублікі Косава Хашыма Тачы. 54-гадовага палітыка вінавацяць па 10 пунктах ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых падчас узброенага канфлікту ў Косава і паўночнай Албаніі ў 1998—1999 гадах.

Разам з Хашымам на лаве падсудных ёсць яшчэ трое высокапастаўленых чальцоў былой Вызваленчай арміі Косава (ВАК): Кадры Весэлі, Якуп Краснічы і Рэджэп Селімі. Сам Хашым Тачы быў кіраўніком ВАК з 1997 па 1999.

Усе чацвёра былі арыштаваны ў Гаазе яшчэ ў лістападзе 2020 года.

Як піша Руская служба Бі-бі-сі, супраць падсудных выставілі шэсць пунктаў абвінавачанняў у злачынствах супраць чалавечнасці. Ім ставяць у віну незаконны пераслед і пазбаўленне волі, катаванні, выкраданні, знікненні і забойствы. Яшчэ чатыры пункты абвінавачання адносяцца да ваенных злачынстваў: незаконныя арышты, жорсткае абыходжанне з ваеннапалоннымі, катаванні і забойствы.

Косаўскія албанцы з Вызваленчай арміі Косава (ВАК) у канцы 1990-ых. Фота: Wikimedia Commons

Косаўскія албанцы з Вызваленчай арміі Косава (ВАК) у канцы 1990-ых. Фота: Wikimedia Commons

На Тачы, Весэлі, Селімі і Краснічы, як на лідараў ВАК, ускладаецца віна за сотні забойстваў і незаконных затрыманняў у Косаве і паўночнай Албаніі ў 1998—1999 гадах. Паводле абвінаваўчага заключэння, сотні іх меркаваных ахвяр: косаўскія і этнічныя албанцы, сербы, рома, а таксама палітычныя апаненты, якіх лічылі здраднікамі і калабарантамі, — былі заключаны ў турмы па ўсім Косаве ў жудасных умовах, а 102 чалавекі былі ўвогуле забітыя.

«Гэтыя чатыры чалавекі, без сумневу, былі галоўнымі лідарамі ВАК, і за гэта іх услаўлялі і ўшаноўвалі, але ў іх быў і больш цёмны бок, і гэта будзе прадметам судовага разбору, які пачынаецца сёння», — заявіў 3 красавіка Алекс Уайтынг, галоўны пракурор МКС па спецыялізаваных справах Косава.

Самі ж былыя кіраўнікі Косава прызнаваць сваю віну цалкам адмовіліся, сказаўшы, што сутнасць абвінавачання ім зразумелая.

Хашым Тачы пры гэтым дадаў, што чакае апраўдання, і разам з гэтым абвінаваціў ва ўсіх злачынствах камандзіраў дробных мясцовых атрадаў ВАК, спасылаючыся на тое, што кіраванне арганізацыяй было не ў ягоных руках, а ў руках камандзіраў на месцах.

«Косаўскі Джордж Вашынгтан»

Хашым Тачы стаў прэзідэнтам Косава ў 2016 годзе. Яшчэ да гэтага ў 1999 годзе ён займаў пасаду кіраўніка Часовага ўрада Косава і вярхоўнага галоўнакамандуючага ВАК. Затым у пачатку 2008 года ён быў абраны прэм'ер-міністрам Косава, а ўжо праз месяц гэты край у аднабаковым парадку абвясціў незалежнасць ад Сербіі. 

Увесь свой жыццёвы шлях з моманту пачатку вайны ў Косаве ў 1998-ым да свайго арышту ў Гаазе ў 2020-ым Хашым Тачы быў верным саюзнікам і сябрам многіх заходніх краін, падтрымліваючы з імі цесныя і ўзаемавыгадныя адносіны. 

Аднойчы Джозэф Байдэн, яшчэ ў 2010 годзе ў якасці тагачаснага віцэ-прэзідэнта ЗША, падчас сустрэчы з Хашымам Тачы назваў таго «косаўскім Джорджам Вашынгтанам», апелюючы да яго ролі ў заснаванні і абароне незалежнага Косава.

Акрамя таго, ужо падчас свайго прэзідэнцтва Хашым Тачы сустракаўся з мноствам іншых лідараў краін Захаду і іх саюзнікамі.

Сярод іх былі такія палітычныя дзеячы, як прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо, прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, тагачасны прэм'ер-міністр Японіі Сіндза Абэ, генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг, а таксама ўжо былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

hashim tachi with western leaders

Хашым Тачы на фота (злева направа) разам з Джасцінам Трудо, Рэджэпам Эрдаганам, Эманюэлем Макронам, Cіндза Абэ, Дональдам і Меланняй Трамп і Енсам Столтэнбергам. Фота: афіцыйны твітар Хашыма Тачы, @HashimThaciRKS

Аднак на гэтым спіс сустрэч не заканчваецца. У ім таксама ёсць месца і для прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, які з'яўляецца супернікам афіцыйнага прызнання Косава і падтрымлівае Сербію ў гэтым пытанні. Але пры гэтым ён усё ж сустракаўся і ціснуў руку прэзідэнту Косава.

Дарэчы, Хашым Тачы аднойчы пабываў і ў Беларусі (якая таксама афіцыйна не прызнае Косава).

Хашым Тачы і Уладзімір Пуцін

Хашым Тачы і Уладзімір Пуцін ціснуць рукі падчас сустрэчы ў Парыжы ў 2018 годзе (Расія не прызнае Косава). Цяпер абодва палітыкі па версіі Міжнароднага крымінальнага суда з'яўляюцца ваеннымі злачынцамі і павінны паўстаць перад правасуддзем. Фота: афіцыйны твітар Хашыма Тачы, @HashimThaciRKS

У той жа час, нягледзячы на ​​арышт, міжнародны судовы працэс і сур'ёзныя абвінавачанні, Хашыма Тачы ў Косаве да гэтага часу працягваюць лічыць героем.

Выданне The New York Times піша, што многія жыхары Косава лічаць міжнародны трыбунал прадузятым, асцерагаючыся, што гэты судовы працэс над Тачы «дыскрэдытуе яго заслугі і ўвогуле ўсю барацьбу за вызваленне Косава ад рэпрэсіўнага сербскага праўлення».

«Але прыхільнікі правядзення суда сцвярджаюць, што трыбунал неабходны для таго, каб скончыць культуру адсутнасці пакарання, нават калі гэта героі і змагары супраціву», — адзначае выданне.

«Лакмусавая паперка для МКС»

Звычайна міжнародныя судовыя працэсы таксама крытыкуюцца і ў Маскве. Расійскае кіраўніцтва, асабліва пасля выдачы ордара на арышт Пуціна, часта называе МКС бязвольным інструментам Захаду, які не здольны заводзіць крымінальныя справы супраць палітычных дзеячаў у заходніх краінах і іх саюзнікаў. 

Аднак нядаўна распачаты судовы працэс па былых лідарах Косава ламае прапагандыскі наратыў Расіі аб аднабокасці рашэнняў Міжнароднага крымінальнага суда і недатыкальнасці прадстаўнікоў заходніх палітычных эліт.

«Гэты судовы працэс павінен стаць лакмусавай паперкай для вызначэння здольнасці Міжнароднага суда судзіць заходняга саюзніка за ваенныя злачынствы, учыненыя ў канфлікце, у якім актыўна ўдзельнічалі войскі НАТА і які распаліў рознагалоссі на Балканах»,— так напісалі ў сваім артыкуле на гэтую тэму журналісты брытанскага выдання The Times.

І сапраўды, нягледзячы на ​​ўвесь пазітыўны імідж Хашыма Тачы на Захадзе і яго шматлікія сувязі з заходнімі элітамі, былы прэзідэнт Косава добраахвотна паўстае перад Міжнародным судом за свае злачынствы. Нават калі падобны крок кідае цень на рэпутацыю ЗША і некаторых краін у Еўропе, якія ўдзельнічалі ў канфлікце ў Косаве і Югаславіі.

Чытайце таксама:

Літва падасць на Беларусь у Міжнародны суд за правакаванне мігранцкага крызісу

«У адказ на «ніхто з іх не быў асуджаны» — усе яны альбо паўсталі перад судом, альбо памерлі». Юрыст пра ордар на Пуціна

Вучыч назваў дзевяць краін, якія адклікалі прызнанне Косава

Клас
14
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
4