Эксперты па кібербяспецы нядаўна знайшлі новую шкоднасную праграму, якая ў першую чаргу нацэлена на карыстальнікаў MacOS і іх асабістыя даныя. Пра гэта 26 красавіка паведаміла кампанія Cyble Research, якая і выявіла вірус.

Па інфармацыі кіберспецыялістаў, шкоднаснае праграмнае забеспячэнне (ПЗ) пад назвай Atomic macOS Stealer (AMOS) першапачаткова пачала распаўсюджвацца праз пэўныя тэлеграм-каналы, адміністратары якіх прадаюць вірус і яго магчымасці за 1000 даляраў у месяц. 

«У гэтыя магчымасці ўваходзяць перахоп доступу да MacOS і AppleID карыстальнікаў разам з крадзяжом поўнай сістэмнай інфармацыі, пароляў, працоўных дакументаў, банкаўскіх дадзеных і «звязкі ключоў» у браўзерах. Апроч гэтага вірус AMOS палюе за змесцівам крыптакашалькоў Electrum, Binance, Exodus, Atomic і Coinomi», — паведамляе кампанія Cyble Research.

Праграма таксама дае зламыснікам вэб-панэль для аддаленага кантролю над прыладамі ахвяр і сам зыходны код віруса для заражэння любых файлаў фармату.dmg (стандартнае пашырэнне для файлаў аперацыйнай сістэмы MacOS).

Таму для абароны асабістых і банкаўскіх дадзеных эксперты зноў нагадваюць пра неабходнасць усталёўваць дадаткі і файлы толькі з афіцыйных крыніц, як, напрыклад, App Store. Плюс да ўсяго неабходна выкарыстоўваць надзейныя паролі, двухфактарную аўтэнтыфікацыю і пазбягаць пераходаў на сумнеўныя спасылкі.

Чытайце таксама:

Apple збіраецца выпусціць ноўтбук з сэнсарным дысплеем

З'явіўся штучны інтэлект, які ўмомант узломвае паролі

Я выдаліў Telegram-акаўнт. Я ў бяспецы?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
5
Ого
6
Сумна
2
Абуральна
1