Сэм Альтман, адзін са стваральнікаў сусветна вядомай нейрасеткі ChatGPT і да нядаўняга моманту генеральны дырэктар кампаніі OpenAI. Фота: Patrick Semansky / AP

Сэм Альтман, адзін са стваральнікаў сусветна вядомай нейрасеткі ChatGPT і да нядаўняга моманту генеральны дырэктар кампаніі OpenAI. Фота: Patrick Semansky / AP

Рада дырэктараў OpenAI, якая ў пятніцу без канкрэтнага тлумачэння прычын звольніла кіраўніка кампаніі Сэма Альтмана, зараз просіць бізнэсмэна вярнуцца назад на пасаду гендырэктара. Аб гэтым даведалася выданне The Verge, спаслаўшыся на крыніцы, блізка знаёмыя з сітуацыяй.

Паводле выдання, рада дырэктараў пачала прасіць Альтмана вярнуцца назад ужо на наступны дзень пасля ягонага звальнення. Справа ў тым, што сыход бізнэсмэна выклікаў «вельмі неадназначную» рэакцыю сярод фундатараў і звычайных супрацоўнікаў кампаніі.

Па інфармацыі крыніц, ні тым ні іншым не спадабалася гэтае рашэнне і яго раптоўнасць настолькі моцна ўражвае, што яны прыгразілі спыніць сваё фінансаванне і працу ў рамках OpenAI і сысці ўслед за Альтманам, стварыўшы з ім новую кампанію па распрацоўцы штучнага інтэлекту.

«Пакуль што Альтман не спяшаецца вяртацца назад, бо хацеў бы значных змен у структуры і спосабах кіравання кампаніяй. Рада дырэктараў выказала гатоўнасць сысці ў адстаўку, толькі каб вярнуць Альтмана і стабілізаваць сітуацыю з крызісам.

Разам з гэтым многія супрацоўнікі OpenAI заявілі, што сыдуць з працы ўслед за Альтманам і з радасцю пяройдуць у яго новую кампанію, калі той вырашыць яе стварыць», — паведамляе The Verge са спасылкай на крыніцы.

Выданне таксама высветліла, што за рашэннем звольніць Сэма Альтмана можа стаяць ураджэнец Расіі і адзін з чальцоў рады дырэктараў OpenAI Ілля Суцкевер, які адным з першых паведаміў аб звальненні бізнэсмэна. Крыніцы The Verge адзначаюць, што гэта магло стаць праявай барацьбы за ўладу над кампаніяй.

У той жа час агенцтва Bloomberg напісала, што кіраўніцтва карпарацыі Microsoft, якая з'яўляецца асноўным фундатарам і партнёрам OpenAI, рэзка раскрытыкавала рашэнне рады дырэктараў кампаніі аб звальненні Альтмана і зараз аказвае ціск на дырэктараў OpenAI, каб тыя аднавілі Альтмана на яго пасадзе.

Кампанія OpenAI была заснаваная ў 2015 годзе. У ліку заснавальнікаў, акрамя Сэма Альтмана, быў таксама і мільярдэр Ілан Маск, аднак у 2018-м ён пакінуў кампанію, каб надаць больш увагі развіццю брэнда электрамабіляў Tesla (пазней, летам 2023 года Маск зноў вярнуўся ў галіну штучнага інтэлекту, стварыўшы новую кампанію xAI).

Чытайце таксама:

Найбольшыя краіны свету падпісалі дэкларацыю аб катастрафічнай небяспецы штучнага інтэлекту

Штучны інтэлект упершыню заключыў бізнэс-кантракт паміж дзвюма фірмамі без удзелу чалавека

«150 фільмаў за секунду». У Кітаі запусцілі найхутчэйшы інтэрнэт у свеце 

Клас
2
Панылы сорам
2
Ха-ха
7
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
1