Arabian Peninsula Аравійскі паўвостраў Аравийский полуостров

Аравійскі паўвостраў на кратах Google.

Блогер Дзяніс Блішч на сваім сайце расказаў гісторыю няўдалага падарожжа. Ён спадзяецца, што яго вопыт дапаможа іншым беларусам, якія плануюць наведаць краіны Аравійскага паўвострава.

Па словах блогера, першапачаткова ён планаваў з горада Шарджа ў Арабскіх Эміратах паляцець у сталіцу Амана Маскат, затым наведаць Іракскі Курдыстан і Саудаўскую Аравію, а ў канцы — Бахрэйн і Катар.

Пры планаванні паездкі ён звярнуў увагу на прастату атрымання візаў. Бахрэйн выдае электронную візу праз некалькі дзён пасля звароту. Катар выдае па прыбыцці. У Арабскія Эміраты і Аман для беларусаў бязвізавы ўезд.

Спроба атрымаць візу ў Саудаўскую Аравію

Візу ў Саудаўскую Аравію Блішч паспрабаваў атрымаць у пасольстве Каралеўства ў Тбілісі (Грузія), дзе ён цяпер знаходзіцца. І тут пачаліся складанасці. Як піша блогер, пасольства яго накіравала ў візавы цэнтр. Там яму патлумачылі, што без дазволу на жыхарства ў Грузіі дакументы прыняць не могуць.

І гэта выглядае дзіўным. Як адзначае блогер, пасольства Саудаўскай Аравіі няма ў Беларусі, таму для атрымання візы неабходна ехаць, напрыклад, у суседнюю Расію. Дзеля цікаўнасці ён напісаў у адну з турфірмаў Расіі. Адтуль яму адказалі, што беларусам не дапамагаюць.

Але на гэтым блогер не спыніўся. Пошук у інтэрнэце падказаў, што Саудаўская Аравія выдае бясплатныя транзітныя візы на 96 гадзін усім жыхарам планеты, якія маюць білет іх нацыянальных авіякампаній ці аформілі запыт на спецыяльным сайце. Неабходная яшчэ страхоўка, набытая ў Саудаўскай Аравіі.

Як піша блогер, на сайце пазначана, што тэрмін разгляду запыту складае ад некалькіх хвілін да некалькіх сутак. Але па факце, як піша блогер, яго запыт ад 4 сакавіка так і працягвае знаходзіцца ў статусе «на разглядзе».

Віза ў Іракскі Курдыстан

Іракскі Курдыстан мае шырокае самакіраванне і выдае свае ўласныя візы. Як даведаўся блогер, на сайце электронных віз гэтай аўтаноміі беларускі пашпарт быў прызнаны як прыдатны для атрымання візы.

Блішч пачаў афармляць заяўку на сайце і ў канцы высветлілася, што ўладальнікам пашпартоў з «Спісу Б» (куды ўваходзіць і беларускі пашпарт) неабходна пазначыць «reference number» — паручальніцтва ад мясцовай туркампаніі ці адвакатуры ў выглядзе спецыяльнага нумару, які яны атрымліваюць у мясцовых уладаў з унясеннем закладу за турыста.

Блогер знайшоў некалькі кампаній, якія былі гатовыя яму дапамагчы. Але ў выніку з-за адключанай у краіне сістэмы Western Union так і не змог аплаціць паслугу. А з крыптавалютай ніхто не захацеў займацца.

Не пусцілі ў Аман

Блогер скарэктаваў сваю паездку і вылецеў у Шарджы. І там яго чакала самае крыўднае. Мужчыну з беларускім пашпартам не пасадзілі на самалёт у Аман, патлумачыўшы, што неабходна віза для наведання гэтай краіны. Насамрэч віза для беларусаў (як і расіян) не патрэбна, але памежнікі ў ААЭ аб гэтым не ведаюць.

Па словах Блішча, доўгія размовы з менеджарам на стойцы рэгістрацыі скончыліся нічым. «Ён званіў у Аман, адсылаў фотку пашпарта некуды і ў выніку адмовіў у пасадцы», — піша блогер.

У выніку Блішч паляцеў у Іран, дзе правёў тыдзень і застаўся задаволены гэтай краінай. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Чытайце таксама:

Блогер Блішч: «Найвялікшая дурасць, якую прыдумалі міленіялы, — выгаранне». Яму адказалі

Шэнген для беларусаў: магчымыя варыянты, кошт пытання і гісторыі з жыцця

У якія краіны беларусы могуць адправіцца на адпачынак без візы? Спіс вялікі, але ёсць нюансы 

«За восем дзён аддалі 1220 даляраў на дваіх». Як беларускі па гарачай пуцёўцы адпачылі ў Эміратах

Клас
2
Панылы сорам
7
Ха-ха
11
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
4